Як дапамагчы хатнім гадаванцам перажыць навагоднія святы
Навагоднія святы — час, да якога не ўсе хатнія жывёлы могуць быць падрыхтаваны. Гукі піратэхнікі, шумныя госці і ўпрыгожаныя елкі могуць нашкодзіць гадаванцу. Парады заапсіхолага Кацярыны Кастрыцкай, як дапамагчы жывёлам перажыць Новы год, публікуе hrodna.life.
Навагоднія госці і жывёлы
Перад тым, як сустракаць гасцей, накарміце сабаку і кошку, раіць заапсіхолаг. Забараніце гасцям іх частаваць. Навагоднія далікатэсы могуць быць шкоднымі для страўніка жывёлы. Лекаваць наступствы атручэння складана і дорага. Трубчастыя косткі, напрыклад, курыныя, могуць прывесці да разрыву альбо непраходнасці кішэчніка.
Чакаючы гасцей, лепш прыбраць клеткі з жывёламі і птушкамі падалей. Так у гасцей не будзе спакусы сунуць палец куды не трэба, а ў жывёл — небяспекі быць накормленымі незразумела чым. Залішняя ўвага чужых людзей можа стамляць гадаванцаў.
Калі акварыум у вас адкрыты, лепш закрыць яго чым-небудзь — тады ніхто не стане скідаць туды попел альбо выліваць астаткі з келіхаў. Тытунёвы дым даволі небяспечны для жывёл — яны могуць нават загінуць. Таму ў памяшканні, дзе знаходзяцца клеткі, варта ўвесці забарону на курэнне.
Што можа быць небяспечным для кошкі
Калі ў хаце кошка, лепш адмовіцца ад выкарыстання на ялінцы «дожджыка» і мішуры. Ці замацуйце іх там, куды кошка дакладна не дацягнецца. Ёсць больш бяспечныя спосабы ўпрыгожыць елку. Разбітыя шкляныя шары — яшчэ адна крыніца небяспекі. Лепш не выкарыстоўваць такія ўпрыгожванні.
Адкрытыя дзверы і вокны таксама небяспечныя. Кошка рызыкуе выпасці з акна, незаўважна выслізнуць на вуліцу альбо на балкон, дзе на яе могуць забыцца.
Як дапамагчы пужліваму сабаку ў Новы год
Калі сабака баіцца салютаў, лепшы (на жаль, не заўсёды здзяйсняльны) варыянт — адвезці жывёлу падалей ад шуму навагодняга горада. Можна адправіцца за горад. Найгоршае, што вы можаце зрабіць — з’ехаць, пакінуўшы сабаку на чужых людзей. Калі сабака пазбавіцца яшчэ і гаспадара, святочныя салюты могуць яго даканаць.
Калі сабака ў прынцыпе пужлівы, варта загадзя пракансультавацца з ветэрынарам: верагодна, ён прапіша прэпараты, якія вы зможаце даць сабаку загадзя альбо ў выпадку спалоху. Але паспрабаваць лекі варта раней — магчыма, у сабакі на іх алергія, а наўрад ці вы знойдзеце ветэрынара ў ноч на 1 студзеня.
Рыхтуйцеся загадзя. Прыкладна за тыдзень варта падрыхтаваць для сабакі зручны ляжак у памяшканні без вокнаў альбо ў памяшканні, дзе гукі з вуліцы чуваць меней. Туды ж пакладзіце любімыя цацкі і ласункі. У сабакі будзе зацішнае месца, дзе ён зможа схавацца, а гэта дазволіць зменшыць хваляванне.
Не спускайце сабакі з павадка. Прычым вадзіць на павадку пачынайце за тыдзень-два да святаў і не адпускайце яшчэ некалькі тыдняў пасля Новага года. Па магчымасці абыходзьце людзей, якія, на вашу думку, хочуць узрываць петарды альбо запускаць феерверкі.
Не варта падводзіць сабаку да акна, каб ён паглядзеў на салют, і самі не бяжыце да акна. Прыцягваць увагу сабакі да гэтых гукаў — не лепшае рашэнне. Не дапускайце пераўзбуджэння жывёлы. Адмяніце на час гульні і дрэсіроўку, калі яны ўзбуджаюць вашага гадаванца.
31 снежня добра выгуляйце сабаку з раніцы і днём. Не адкладайце вечаровую прагулку пазней за 18:00. Нават у гэты час грохат будзе, але ўсё ж верагоднасць спужаццца меней.
Калі сабака скуліць і бегае па пакоях, не перашкаджайце яму, але забяспечце доступ у памяшканні, дзе не так чуваць гукі. Калі ж сабака трымціць і прыціскаецца да вас, абдыміце яго і пачынайце глыбока дыхаць у акрэсленым рытме. Вы адчуеце, што жывёла ўздрыгвае радзей. Калі гадаванец захацеў сысці, дазвольце яму гэта зрабіць.