Як мінчук стаў інвалідам на працы і змог даказаць гэта ў судзе
Пацярпелы спрабаваў дабіцца праўды да суда, але не знайшоў падтрымкі з боку наймальніка і Мінпрацы.
Траўму на вытворчасці слесар з Мінска Аляксандр Рагалевіч атрымаў у сакавіку мінулага года.
— Мы з калегамі прыбіралі тэрыторыю базы. У мяне закружылася галава, я адышоў у бок і запаліў, — распавёў ён «Салідарнасці».
Аляксандр страціў прытомнасць і ўпаў:
— Калі прыйшоў у сябе, адчуў моцны боль. Выклікалі «хуткую». Адвезлі ў Мінскую абласную бальніцу і зрабілі здымак. Аказалася, што ў мяне пералом правага плечавага сустава.
Паўгода мужчына быў на бальнічным, а ў верасні 2017-га яму аформілі другую групу інваліднасці. Аляксандр перанёс дзве аперацыі. Мужчына успамінае, як у шпіталь да яго прыязджалі прадстаўнікі з Дэпартамента па ахове працы.
— У мяне запыталіся, як вы лічыце, ці была гэта вытворчая траўма. «А вы як думаеце, — адказаў. — Я ж упаў на працы». Але візіцёры палічылі, што калі б я зваліўся з рыдлёўкай у руках, то гэта была б вытворчая траўма ...
Па словах Аляксандра, кіраўніцтва прадпрыемства падказвала яму, што будзе аформлена вытворчая траўма, не звязаная з вытворчасцю.
— Ведаеце, калі людзі пішуць у тлумачальных, што атрымалі вытворчую траўму, а не бытавую, то потым, калі яны вяртаюцца пасля бальнічнага на працу, да іх зусім іншае стаўленне з боку начальства. Да гэтых людзей могуць прыдзірацца з нагоды працы, — кажа суразмоўца.
Праз тры месяцы пасля інцыдэнту быў складзены акт аб невытворчым няшчасным выпадку. Згодна з дакументам траўму Аляксандр атрымаў не пры выкананні працы па заданні арганізацыі:
— Гэта справа магла б і не дайсці да суда, калі б кіраўніцтва прадпрыемства «Мінскія цеплавыя сеткі», прафсаюз і інспектар Дэпартамента па ахове працы прызналі факт няшчаснага выпадку на вытворчасці, — адзначыў у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» праваабаронца Алег Волчак.
Па словах эксперта, кіраўніцтва абавязанае было з удзелам прафсаюзнай арганізацыі і дзяржаўнага інспектара аформіць акт аб няшчасным выпадку па форме Н-1.
— Для гэтага былі ўсе падставы: работнік страціў прытомнасць пры выкананні ім працоўных абавязкаў па заданні наймальніка на працоўным месцы. Аляксандр не пакутаваў хранічнымі захворваннямі і меў допуск да дадзеных прац. На працоўным месцы ён быў у цвярозым стане. У выніку падзення ён атрымаў траўму, якая пацягнула цяжкія наступствы — інвалід 2-й групы, непрацаздольны; парушэнняў працоўнай дысцыпліны наймальнікам не было ўстаноўлена, — тлумачыць праваабаронца.
Пацярпелы Аляксандр Рагалевіч спрабаваў дабіцца праўды самастойна. Ён звяртаўся да кіраўніцтва прадпрыемства, у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Мужчына дайшоў да суду, але скаргу яму вярнулі — з-за няправільнага афармлення.
Сябар Аляксандра звярнуўся да праваабаронцы Алега Воўчака праз сацыяльную сетку Ўкантакце і папрасіў аб дапамозе.
Юрысты незалежнага прафсаюзу РЭП і праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» адгукнуліся і дапамаглі пацярпеламу пісьмова скласці скаргу на заключэнне аб адмове ў прызнанні няшчасным выпадкам на вытворчасці.
Суд Мінскага раёна пагадзіўся з довадамі скаргі і абавязаў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы скласці заключэнне аб няшчасным выпадку, які прывёў да цяжкай вытворчай траўмы. І прызнаць яго няшчасным выпадкам на вытворчасці.
Таксама суд абавязаў наймальніка скласці акт аб няшчасным выпадку на вытворчасці па форме Н-1.
Кропка ў гэтай гісторыі была пастаўлена праз год пасля атрымання Аляксандрам траўмы на вытворчасці — 12 сакавіка.
— Пацярпеламу будуць штомесяц выплачвацца страхавыя выплаты, з улікам пенсіі па інваліднасці, — тлумачыць Алег Волчак.
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што калі на вытворчасці адбываецца няшчасны выпадак, вельмі часта наймальнік угаворвае работніка хаваць гэты факт.
— Мы раім гэтага не рабіць, паколькі потым чалавек будзе пазбаўлены розных страхавых выплат, — падсумоўвае праваабаронца.
Паводле gazetaby.com