Колькі каштуе хвіліна мірнага сходу ў Беларусі?
Вечарам трэцяга красавіка Суд Маскоўскага раёна аштрафаваў актывіста Алеся Таўстыку на 15 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч.3 арт. 23.34 КаАП.
Алеся Таўстыку затрымалі 3 красавіка каля 14.00 ля пад’езда свайго дома і даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна. Вечарам над ім адбыўся суд.
Суды над затрыманымі Вячаславым Касінеравым і Пятром Маркелавым адбываюцца ў судзе Маскоўскага раёна. Ноч яны правялі ў ізалятары.
Справы разглядаюць суддзі Матыль і Казак. Аб'яўлены перапынкі для азнакамлення са справай Пятром Маркелавым, і прыбыццём адваката Вячаслава Касінерава.
Праваабаронцам стала вядома, што суд аштрафаваў Пятра Маркелава на 25 базавых велічыняў (612,5 рублёў).
Нагадаем, 2 красавіка на плошчы Незалежнасці адбыўся пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў. Актывісты прымеркавалі пікет да пачатку вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў і накіравалі туды зварот, дзе нагадалі пра запатрабаванасць рэформы артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
Пікет працягваўся некалькі хвілінаў, на працягу якіх актывісты зрабілі фотаздымак з картачкамі "Дэкрыміналізацыя 328" насупраць Дома ўрада, і разышліся. Падчас акцыі ніхто затрыманы не быў, усе затрыманні адбыліся на наступны дзень 3 красавіка.
spring96.org