Як на самай справе выглядае падтрымка мацярынства і дзяцінства

Чаму бясплатныя лекі дзецям да трох гадоў трэба адмяніць? Адкрыты ліст мамы дваіх дзяцей да міністра аховы здароўя.

deti_25_1.jpg

Майму сыну 2 гады, і, на шчасце, хварэе ён рэдка. Кожны раз, калі мы звяртаемся да ўчастковага педыятра па хваробе, я адчуваю няёмкасць, нагадваючы лекару пра наяўнасць льготнай карты на лекі. Гэта карта дае дзіцяці да трох гадоў права на бясплатныя лекі. З моманту нараджэння сына лекары пра яе не прыгадалі ні разу. Ніхто з іх не прапаноўваў выпісаць лекі па льготным рэцэпце. Кожны раз ініцыятыва зыходзіла з майго боку.

Як рэагуюць на гэту прапанову лекары? Як правіла, спасылаюцца на пералік Міністэрства аховы здароўя і кажуць, што могуць выпісаць самыя танныя беларускія прэпараты: «Але вы ж разумееце, яны не самыя эфектыўныя».

Толькі аднойчы мне ўдалося дабіцца выпіскі «парацэтамолу» ўкраінскай вытворчасці і імпартнага антыбіётыка. Праўда, чакаць давялося больш за гадзіну, пакуль лекар выпісала гэтыя рэцэпты. Увесь гэты час мы з хворым дзіцем шпацыравалі каля паліклінікі.

Нядаўна пачула ад лекара, што бясплатны рэцэпт на сродак для носу яна не выпіша, таму што «не положено», і наогул, «вы ж дапамога на дзіця атрымліваеце». Заўважу, што падобная рэакцыя была, калі лекар прызначыла пратаргол, які каштуе капейкі!

Мяркуючы па водгуках знаёмых мам, у Мінску, у адрозненне ад Слуцка, лекары выпісваюць дзецям да трох гадоў большую колькасць прэпаратаў, у тым ліку і імпартных, па льготных рэцэптах. Кажу пра гэта лекару і чую ў адказ: «Ну дык Мінску і бюджэт іншы».

Адкрываю на сайце Міністэрства аховы здароўя пералік прэпаратаў, якія могуць выпісваць дзецям да трох гадоў бясплатна, і бачу ў пераліку антыбіётыкі і кроплі для носа (нафазалін, ксіламетазалін), супрацьвірусныя сродкі (ацыклавір, рэмантадзін) і сіропы ад кашлю, лекавыя сродкі на аснове лактабактэрый, біфідумбактэрый (лінекс, лактабактэрын, біфідумбактэрын), і нават вітаміны (А, Д, В6, В12 і іншыя монавітаміны).

У дакуменце няма ні слова пра тое, што ўсе гэтыя прэпараты выключна беларускай вытворчасці.

Шэсць гадоў таму кіраўнік дзяржавы падпісаў указ №139, у адпаведнасці з якім дзеці ва ўзросце да трох гадоў атрымліваюць лекі бясплатна.

У дакуменце не гаварылася пра тое, што дзецям, якія жывуць у сталіцы, могуць выпісаць імпартныя прэпараты, а іх аднагодкам, якія нарадзіліся ў райцэнтры, — толькі беларускія.

Тады чаму, каб атрымаць тое, што належыць твайму дзіцяці па законе, трэба ісці на канфлікт з лекарам? Мне няёмка бачыць, як добры лекар, які лечыць маё дзіця, пачуўшы пытанне пра бясплатныя лекі, апускае вочы.

І як тут ні прыгадаць словы Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць, што «нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства, як у Беларусі».

Валерый Анатольевіч, ці ведаеце вы, як выглядае карта ўліку льготнага водпуску лекавых сродкаў, якую выдаюць у дзіцячай паліклініцы мамам дзяцей да трох гадоў? Тоненькі аркушык паперы, які рвецца, не паспееш да яго дакрануцца.

4karta_25_1.jpg

Вось як выглядае на самай справе «беспрэцэдэнтная падтрымка мацярынства і дзяцінства» ў нашай краіне.

У мяне складваецца ўражанне, што лекарам пад пагрозай пазбаўлення прэмій забаранілі выпісваць лекі па льготных рэцэптах. Бо чым яшчэ можна растлумачыць такія паводзіны, я не ведаю.

Асабіста я бачу два выхады з сітуацыі, якая склалася:

1. Адмяніць льготы на лекі для дзяцей да трох гадоў — бо фактычна яны не дзейнічаюць. Выйграюць ад гэтага і мамы, і лекары, якім не давядзецца канфліктаваць з гэтай нагоды.

2. Зрабіць так, каб льгота працавала, і лекары самі прапаноўвалі мамам выпісаць прэпараты, якія неабходныя іх дзецям. І пры гэтым зыходзілі з прынцыпу эфектыўнасці лячэння, а не яго таннасці для бюджэтнай кішэні.

«Салiдарнасць», пераклад НЧ