Эксперты: пакаленне міленіялаў будзе самым тлустым у гісторыі
Так званае Пакаленне Y ў Вялікабрытаніі будзе самым тлустым у гісторыі назіранняў, папярэджваюць эксперты.
Навукоўцы зрабілі выснову, што больш за 70% адсоткаў міленіялаў (гэта значыць людзей, народжаных у 1980-1990-х гадах) будуць пакутаваць атлусценнем, калі дасягнуты сярэдняга ўзросту.
Для параўнання: толькі палова «бэбі-бумераў» (людзей, якія нарадзіліся ў перыяд дэмаграфічнага выбуху пасля Другой сусветнай вайны) пакутавала залішняй вагой у тым жа ўзросце.
Атлусценне ў дарослым узросце звязваюць з 13 відамі рака, заўважаюць спецыялісты дабрачыннай арганізацыі Cancer Research UK, якая праводзіла аналіз.
Сярод іх — рак грудзей, нырак і кішачніка. Аднак, па дадзеных арганізацыі, толькі 15% брытанцаў у курсе гэтых рызык.
Пакаленне «Тлушч»?
Брытанцы — адна з самых тлустых нацый Заходняй Еўропы, іх паказнікі растуць хутчэй, чым у каго-небудзь з развітых краін.
З 1993 па 2015 год узровень распаўсюджанасці атлусцення ў Вялікабрытаніі вырас амаль у два разы.
У 2015 годзе самай уразлівай узроставай групай былі людзі 55-64 гадоў. Аднак цяпер эксперты прагназуюць, што сённяшняя моладзь сутыкнецца ў будучыні з яшчэ большай праблемай.
Прадстаўнік Cancer Research UK, прафесар Лінда Болд заявіла: «Тлушч не проста так знаходзіцца ў нашым арганізме. Ён распаўсюджвае па целе інфармацыю, якая можа пагражаць здароўю клетак. Гэтая пагроза збіраецца і з часам можа згуляць тую ж ролю ў развіцці раку, якую гуляе ў ім, напрыклад, курэнне».
«Хоць такія прагнозы і гучаць страшэнна, мы можам перашкодзіць ім увасобіцца ў жыццё. Міленіялы вядомыя сваімі нібыта здаровымі звычкамі, але нішто не параўнаецца са збалансаванай дыетай, — працягвае Лінда Болд. — Ужыванне вялікай колькасці садавіны, гародніны і іншых прадуктаў, напоўненых клятчаткай (напрыклад, суцэльных зерняў), а таксама скарачэнне спажывання нездаровай ежы — гэта лепшы спосаб падтрымліваць здароўе ў сваім целе».
Прафесар Расэл Вінер з Каралеўскага каледжа педыятрыі і дзіцячага здароўя дадае:
«Ёсць рызыка таго, што залішняя вага стане нормай, бо мы бачым, як шмат людзей не можа заўважыць у сабе гэтую праблему і часта не бачаць яе і ў сваіх дзецях. Веды пра сувязь курэння і рака рэзка знізілі колькасць тых, хто паліць сярод моладзі. Зараз трэба, каб тое ж самае адбылося ў адносінах да атлусцення».
Сусветная праблема
Па дадзеных дакладу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), які выйшаў у 2015 годзе, найбольш востра праблема атлусцення ў будучыні стаіць перад Ірландыяй: да 2030 года 89% ірландскіх мужчын і 85% жанчын будуць пакутаваць атлусценнем або залішняй вагой.
Гаворачы аб Вялікабрытаніі тады, у 2015 годзе, СААЗ прагназавала, што ў гэтай краіне 74% мужчын і 64% жанчын будуць пакутаваць атлусценнем да 2030 годзе ў параўнанні з 70% і 59% у 2010 годзе.
СААЗ тады заўважыла, што праблема залішняй вагі таксама востра стаіць у Грэцыі, Іспаніі, Аўстрыі і Чэхіі.
Паводле BBC