Як не трапіць за краты за данаты праз «PayPal»

Інструкцыя для тых, хто карыстаецца сэрвісам «PayPal» і замежнымі банкаўскімі карткамі.

Калі вы робіце данаты, самы час паклапаціцца пра сваю бяспеку. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Калі вы робіце данаты, самы час паклапаціцца пра сваю бяспеку. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі працягваюць затрымліваць за данаты. За два мінулыя тыдні праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі некалькі відэа з беларусамі, якія данацілі праз сістэму PayPal. «Медыязона» расказвае, як сілавікі знаходзяць тых, хто данаціў «экстрэмістам», і як сябе можна засцерагчы.

«PayPal» не выдае даныя карыстальнікаў, але ёсць нюанс

На днях сілавікі апублікавалі скрыншот з мабільнага прыкладання «PayPal», у якім бачныя дэталі пераводу: колькі, каму і на які рахунак.

Хутчэй за ўсё, сілавікі затрымалі беларуса, атрымалі доступ да акаўнта PayPal і ўбачылі гісторыю плацяжоў. У тэхпадтрымцы сэрвісу карэспандэнту «Медыязоны» адказалі, што ніякіх даных карыстальнікаў «PayPal» беларускім уладам не перадаваў.

Эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні расказаў, што сістэма працуе з law enforcement: гэта значыць, для таго, каб якая-небудзь інфармацыя была выдадзеная сілавікам, гэты запыт павінен ухваліць юрыдычны аддзел «PayPal» і суд у ЗША.

Але ёсць адзін нюанс: «PayPal» працаваў у Расіі, кампанія мела юрыдычны адрас і офіс у Маскве. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай сістэма перастала абслугоўваць расійскіх карыстальнікаў, але канчаткова яе ліквідавалі толькі ў траўні 2023 года. Ці мелі доступ расійскія і беларускія сілавікі да звестак беларускіх карыстальнікаў сістэмы — невядома.


Глядзіце таксама

«PayPal» часткова працуе ў Беларусі. Вы можаце папаўняць рахунак і пераводзіць грошы, але нельга іх вывесці на беларускую картку. Працуе сістэма проста: заводзіце рахунак, прывязваеце картку, папаўняеце рахунак і здзяйсняеце плацяжы.

Не рабіце данаты з беларускай карткі. І з замежнай таксама, калі вы ў Беларусі

Калі вы данацілі з беларускай карткі, вы ў зоне рызыкі. Беларускія банкі на запыт сілавікоў могуць выдаць усю гісторыю плацяжоў з вашых рахункаў.

— Кожная транзакцыя з беларускай карткі, якая праходзіць праз сістэму «PayPal», не проста фіксуецца ў вашым банку, але і мае ў апісанні кароткае абазначэнне, якое ўскосна ці наўпрост паказвае, на што выдаткаваныя грошы. Гэта можа быць кароткі фрагмент тэксту або нейкі лічбавы ідэнтыфікатар, які аб'ядноўвае плацяжы аднаму атрымальніку. Напрыклад, усе плацяжы на карысць «BYSOL» мелі ў апісанні аднолькавы набор лічбаў. Акрамя гэтага, слова «BYSOL» змяшчаецца ў транзакцыях «PayPal», — расказаў «Зеркалу» адзін з супрацоўнікаў беларускіх банкаў.

Нават калі вы данаціце з замежнай карткі, гісторыя плацяжоў у мабільным дадатку можа выклікаць як мінімум дадатковыя пытанні ў сілавікоў.


Глядзіце таксама

Што можна зрабіць са сваім «PayPal», калі вы знаходзіцеся ў Беларусі ці збіраецеся туды ехаць:

  • Выдаліць мабільнае прыкладанне плацёжнага сэрвісу. Калі тэлефон апынецца ў руках у сілавікоў, яны ўбачаць усю гісторыю вашых плацяжоў.
  • Выдаліць акаўнт разам са сваім рахункам. «PayPal» не дазваляе выдаліць толькі гісторыю транзакцый. Усё з-за юрыдычных патрабаванняў і барацьбы з ашуканцамі. Тут — як і з плацяжамі ў Фэйсбуку: калі ваш акаўнт апынецца ў руках у сілавікоў, то яны ўбачаць, куды вы адпраўлялі грошы.
  • Каб выдаліць акаўнт, націсніце на шасцярэньку ў правым верхнім куце браўзера (у камп'ютарнай версіі). Далей перайдзіце ва ўкладку «Абарона даных» і прагартайце ў самы ніз да пункта «Выдаліць даныя/закрыць рахунак».

Калі вы хочаце працягваць данаціць праз «PayPal», папрасіце сяброў або сваякоў за мяжой кіраваць вашым рахункам (перадаць ім лагін і пароль ад акаўнта). А лепш за ўсё перадавайце грошы наяўнымі.

Выдаліце карткі з «Apple Pay» і транзакцыі ў «Google Pay»

Калі да «Apple Pay» або «Google Pay» ў вас прывязаныя карткі, з якіх вы рабілі данаты — выдаліце іх. У «Apple Pay» паказваецца гісторыя ўсіх плацяжоў. Яе можна схаваць у наладах, але гэтая функцыя выключна карыстальніцкая. Як толькі уключыце адлюстраванне гісторыі назад, усе вашы транзакцыі з'явяцца зноў.


Глядзіце таксама

Дапусцім, вы зрабілі данат за мяжой і перавялі грошы праз «Apple Pay». Пасля паехалі ў Беларусь, і пры праверцы сілавік убачыў гісторыю вашых плацяжоў.

Каб гэтага не адбылося, выдаліце картку:

  • Зайдзіце ў дадатак «Wallet» і націсніце на картку, якую хочаце выдаліць;
  • Націсніце на тры кропкі уверсе экрана і перайдзіце ў «Звесткі карткі»;
  • Прагартайце ў самы ніз і націсніце «Выдаліць картку».

«Google Pay» дазваляе выдаліць з гісторыі плацяжоў асобныя транзакцыі. Напрыклад, вы данацілі нейкаму фонду і хочаце гэты плацёж выдаліць.

  • Адкрыйце старонку myactivity.google.com;
  • Знайдзіце неабходны вам перавод і абярыце «Падрабязныя звесткі»;
  • Націсніце на значок «Яшчэ» і выдаліце перавод;

Мы рэкамендуем выдаліць картку цалкам. Асабліва калі вы ў Беларусі ці ў бліжэйшы час туды збіраецеся. Вось інструкцыя як гэта зрабіць.

Выдаліце мабільныя прыкладанні замежных банкаў

Гэты пункт тычыцца прыкладанняў замежных банкаў, з картак якіх вы данацілі (ці плануеце гэта рабіць). У кожным дадатку адлюстроўваецца гісторыя плацяжоў. Наяўнасць яго на тэлефоне можа стаць карт-бланшам для сілавікоў. Калі вам ёсць што хаваць, выдаліце прыкладанні замежных банкаў.