Як пад Драгічынам хацелі ўратаваць стары млын, а ўзялі і разбурылі

Маленькая вёсачка Леснікі ў Драгічынскім раёне адрознівалася ад астатніх тым, што на яе тэрыторыі знаходзіўся вятрак, пабудаваны ў канцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя.

Стары млын. Драгічынскі раён. Леснікі.

Стары млын. Драгічынскі раён. Леснікі.


Не выключана, што пабудова была адна-адзіная ў сваім родзе на ўсю рэспубліку, бо яна не пераносілася, а стаяла на першапачатковым месцы.

melnica_drogichin16_jx9vt.jpg


Млына тыпу «Казлоўка» пабудаваў габрэй Гошыр. Гэта была такая «хатка на курыных ножках». Яна стаяла на адной «назе», каб можна было яе паварочваць, арыентуючыся па кірунку ветру. Ролю нагі выконваў тоўсты дубовы слуп (стрыжань). Паварочвалі млын дышлем — спецыяльным бервяном, якое мацавалася да асновы будынка. Вакол закапанага ў зямлю стрыжневага слупа былі пабудаваны козлы. Аснова млына — рама з бруса, а каркас абабіты дошкамі.
Пасля працяглых таргоў у 1932 або ў 1933 годзе яе купіў мясцовы жыхар Васіль Жаўнерчык, на зямлі якога яна была пабудавана. Да гэтага ён доўгі час працаваў памочнікам на млыне. Прапрацаваў млын да 1939 года.

melnica_drogichin15_zgczn.jpg

 1939 гаспадара млына на пару месяцаў забралі на вайну. Млыну патрабаваўся рамонт, грошай не было, а потым пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пасля вайны было не да млына. Пры калектывізацыі ў 1950 годзе млын перайшоў ва ўласнасць калгаса. У 1952 годзе на сходзе работнікаў калгаса імя Фрунзэ старшыня Карпук Іван Іванавіч прапанаваў адрамантаваць млын. Вось такі пажоўклы ад часу аркуш знайшлі, калі ліквідавалі мясцовую бібліятэку і разбіралі паперы.

melnica_drogichin12_6o9pj.jpg

Вясной 1953 года пачаўся рамонт: зрабілі новую абшыўку, вал, крылы; перакрылі дах новай гонтай, памянялі камяні. Маса кожнага каменя — 1,5 тоны, іх прывезлі з горада Горкі (тагачасная назва Ніжняга Ноўгарада). Дошкі вазілі рэзаць на пілараме ў вёску Хомск. Рамонт скончыўся 3 лістапада 1953 года. Млын прапрацаваў да 1962 года. Потым на змену прыйшлі электрычныя рухавікі, і неабходнасць у ветраку адпала.
Ішоў час, ён зношваўся, прадзіравіўся дах, патрабаваўся рамонт. Унікальнасць млына заключалася ў тым, што ў ім да нашага часу захаваліся ўнутраныя механізмы, зробленыя ў пачатку ХХ стагоддзя.
Млын мог бы стаць адным з аб’ектаў агратурызму, і, магчыма, дзякуючы яму падоўжылася б жыццё ў вёсцы, якая паступова вымірае. Так ён і прастаяў да 25 лістапада 2017 года.
У той дзень, калі людзі пасля канцэрта, які ладзілі для мясцовых жыхароў, выйшлі з Дома сацыяльных паслуг, то пабачылі стралу крана. Яна была паднятая над дрэвамі, які закрывалі агляд млына.

melnica_drogichin01_ix6as.jpg

Жарсці вакол млына напальваліся ўжо пару гадоў. Спачатку яго хацелі перавезці ў вёску Бездзеж, дзе знаходзіцца музей «Бездзежскі фартушок». На сход з гэтай нагоды прыязджалі мясцовыя і гарадскія ўлады, але згоды па гэтым пытанні не знайшлі. Ніхто і не меркаваў, што ён спатрэбіўся яшчэ камусьці. На падыходзе да месца забудовы пачулі характэрны гук паваленага дрэва. А калі людзі выйшлі на млына, ён ужо ляжаў на баку з адламаным дахам.

melnica_drogichin04_nxd06.jpg


Акрамя пад’ёмнага крана, тут жа стаяў грузавік, некалькі легкавых аўтамабіляў, хадзіла шмат чужых людзей і нават фатограф. На заканамерныя пытанні: хто вы такія, што вы тут робіце і навошта зламалі млын, — ніхто адказваць асабліва і не спяшаўся.

melnica_drogichin02_ghxgz.jpg

melnica_drogichin05_gntl5.jpg


Як зрэшты, не спяшаліся выкліканыя ўчастковы і старшыня сельскага савета. Ды і па прыездзе асаблівага здзіўлення яны не выказалі, нібы для іх усё было вядома і зразумела. Прынамсі, так здавалася збоку. Пазней высветлілася, што млын планаваў перавезці ў Драгічын мясцовы калекцыянер старадаўніх рэчаў.
Трэба аддаць належнае, што перад меркаванай транспарціроўкай папярэдне механізмы былі замацаваны трасамі і былі пастаўленыя ўпоры.
Прайшло ўжо больш за тыдзень. Млын ляжыць на баку, мокне пад дажджом і снегам, а яго лёс так і застаецца нявырашаным…
Святлана Каўганка, brestcity.com. Фота аўтара і Лук’яновіч Валянціны