Як падаць вестку палітвязню, што пра яго не забыліся?
Былая палітзняволеная Ірына Халіп падзялілася досведам, як можна перадаць вестку палітвязню ва ўмовах інфармацыйнай блакады.

Апошнім часам лісты і тэлеграмы палітвязням або не даходзяць зусім, або з вялікім спазненнем. З гэтым сутыкаліся шматлікія сваякі і сябры зняволеных апанентаў Лукашэнкі, піша Радыё Свабода.
Гэта такі метад ціску, перакананая адна са зняволеных і асуджаных за Плошчу-2010 Ірына Халіп.
«Лісты палітвязням часта не даходзяць. Сукамернікі атрымліваюць, а табе нічога не прыносяць. Але выйсце ёсць. Могуць не перадаць тэлеграму, забараніць перадачу ці не пусціць адваката. Але грашовыя пераводы — адзінае, што заўсёды дойдзе. І вертухай абавязкова суне ў кармушку квітанцыю, на якой зняволены павінен распісацца. На той квітанцыі ёсць прозвішча адпраўніка. І вязень дакладна атрымае ад вас гэтае прывітанне», — напісала сваю параду Ірына Халіп.
Яна памятае, як сама пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў-2010 сядзела ў СІЗА КДБ без звестак з волі. І ўсё памянялася, калі прынеслі першую квітанцыю, адпраўленую Максімам Вінярскім. Значыць, усё ў парадку: памятаюць, змагаюцца за вызваленне.
Цяпер за кратамі ўжо сам Максім Вінярскі. Ірына Халіп не ўпэўненая, што да яго дойдуць лісты, але грашовыя пераводы — павінны. Таму заклікае адпраўляць палітвязням 5 ці 10 рублёў. Галоўнае — прозвішча адпраўніка ў квітанцыі.