У папулярным дадатку для знаёмстваў Tinder з'явіліся профілі студэнтаў, якія цяпер у СІЗА
Трое з затрыманых 12 лістапада студэнтаў, якія да гэтага часу знаходзяцца ў СІЗА, «зарэгістраваліся» ў дадатку для рамантычных знаёмстваў Tinder. Гаворка ідзе пра Глеба Фіцнэра, Ксенію Сырамалот і Ягора Канецкага.
Дзевяць студэнтаў, а таксама члена Каардынацыйнага савета і прадстаўніка Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алану Гебрэмарыям затрымалі 12 лістапада. Праз некаторы час ім прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 12 студзеня стала вядома, што меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту для студэнтаў працягнулі. Праўда, на розны тэрмін, піша TUT.BY.
Каб падтрымаць сяброў, якія трапілі ў СІЗА, арганізацыя «Задзіночанне беларускіх студэнтаў» прыдумала акцыю — завесці профілі нібыта ад іх асобаў у Tinder. У апісаннях паказана, што ўладальнікі профіляў знаходзяцца ў СІЗА, а таксама ёсць кароткая інфармацыя пра іх затрыманні.
Профілі павінны нагадаць, што ім можна адправіць ліст або паштоўку ў СІЗА. Калі ж гэты варыянт не падыдзе «свайпнуўшаму» зняволенага, то ён ці яна могуць замест гэтага напісаць пару радкоў у самым мабільным дадатку. Вядома, затрыманыя не змогуць прачытаць паведамленне цяпер, але гэта павінна, на думку стваральнікаў профіляў, падняць настрой у будучыні.
Пасля таго як студэнты апынуцца на волі, прыхільнікі «Задзіночання беларускіх студэнтаў» перададуць ім лагіны і паролі ад акаўнтаў.
Самі студэнты аб сваім з’яўленні ў дадатку для знаёмстваў, зразумела, не ведаюць. Арганізацыя падрыхтавала для іх такі сюрпрыз па вызваленні з-пад варты.
Пра тое, ці ёсць у затрыманых рэальныя пары, у ЗБС не задумваліся, бо па профілях ясна, што рамантычнага падтэксту яны не нясуць. Гэта своеасаблівая форма выказвання салідарнасці, каб матываваць людзей адпраўляць лісты і паштоўкі.
Наступным па плане з’явіцца тындэр-акаўнт Аланы Гебрэмарыям. Ён пакуль у распрацоўцы. У ЗБС кажуць, што спачатку вырашылі праверыць, ці «зойдуць» людзям першыя тры акаўнты: усё-ткі для стварэння профіляў трэба час і натхненне.