Як стварыць віртуальную рэальнасць. Рэцэпты беларускіх улад

Неаднаразова мы заўважалі, што ўлады жывуць самі па сабе, а народ — сам па сабе. Аднак мы яшчэ не бачылі такі ўзровень віртуальнасці, што прадэманстравалі ўлады на мінулым тыдні.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas24_logo_1_logo.jpg

Усе дзяржаўныя СМІ паказалі, як Лукашэнка клапоціцца пра беларускія прадпрыемствы. 5 сакавіка ён наведаў Мотавелазавод, шмат казаў пра «інавацыйныя прадпрыемствы» і недапушчальнасць страты вытворчасці, — у прынцыпе, усё як заўсёды. Але пасля выхаду гэтых рэпартажаў выявіліся цікавыя рэчы.
Па-першае, ні на якім «Мотавела» Лукашэнка не быў. Ці быў, але не зусім на МВЗ. У кадрах, паказаных па БТ, людзі пазналі зусім іншае прадпрыемства — прадпрыемства па вытворчасці нейкіх стэлажоў, якое проста арандуе на «Мотавела» вытворчыя пляцоўкі.
Па-другое, даволі цікава выглядала сустрэча Лукашэнкі з «працоўнымі». Як зазначыў тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску», колькасць персаналу на заводзе з 2007-га па 2017 год скарацілася з 2685 да 76 чалавек.
Хто ў прынцыпе можа застацца на такім прадпрыемстве? Зразумела, павінен заставацца начальнік, яго намеснікі, іх сакратары. Ідэалагічны аддзел распускаць на дзяржаўным заводзе таксама нельга. Вось і выходзіць, што не факт, што з 76 чалавек, якія «працуюць» на МВЗ, знойдзецца хоць бы адзін, які валодае таемнымі ведамі, з якога боку брацца за гаечны ключ.
Атрымліваецца, Лукашэнка толькі рабіў выгляд, што выступае перад рабочымі, — на справе ж там была зусім іншая публіка? Вельмі добрая публіка — тая самая, якая мае ўсе прычыны ўспрымаць сур’ёзна адну з галоўных яго страшылак, што, маўляў, пераможа пратэст — і вы ўсё застаняцеся без працы. Для чыноўнікаў, якія развалілі завод, гэта святая праўда. Гэта працоўны заўсёды зможа зарабіць сабе на хлеб, таму што прывык працаваць, а вось заводскі ідэолаг ў нармальнай эканамічнай сістэме — не факт, што знойдзе працу.
Ну і, канешне, не выключана, што тых самых «рабочых» проста завезлі з іншых прадпрыемстваў для стварэння «масоўкі».
З таго ж шэрагу — новыя «страшылкі». Маўляў, КДБ выкрыла чарговую групу «тэрарыстаў» (і гэта не так званыя «тэрарысты Аўтуховіча», куды даўмеліся ўключыць нават святара), што завозіла ў Беларусь выбухоўку ледзь не тонамі. «Гэта ўжо Камітэт дзяржбяспекі вам у найбліжэйшы час раскажа, колькі сюды тратылу завезлі і нават пластыду», — паабяцаў Лукашэнка на тым жа віртуальным «Мотавела».
Што ж, чакаем. Аднак узгадаем, колькі цікавага нам абяцалі расказаць раней. Напрыклад, увесну мінулага года Лукашэнка сказаў: «Вось калі скончыцца каронавірус гэты, і не вірус, а псіхоз, я вам шмат чаго цікавага распавяду. Вельмі шмат». Сам ён нібыта двойчы перахварэў, але расповеду ўсё чакаем. «Усё трэба расказаць» было і пра «справу Бабарыкі» — таксама чакаем. Усю выбарчую кампанію Лукашэнка заяўляў пра замежнае ўмяшанне ў сітуацыю ў Беларусі. Прычым асноўную ролю тады грала Расія. Але адразу пасля выбараў чароўным чынам усе абвінавачанні ў адрас Расіі перасталі гучаць. Некуды таямніча згубіліся «пад 200» баевікоў з «групы Вагнера», якія нібыта шчыравалі ў беларускіх лясах падчас уборачнай кампаніі. Іх усіх абяцалі знайсці, дый не знайшлі.
Злівы тэлефонных размоў, як мяркуецца, Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, што нарабілі шмат шуму ў лістападзе, Лукашэнка пракаментаваў так: «Пацярпіце трошкі, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава». Але ні на «наступным тыдні», ні дасюль нічога цікавага мы не пачулі.
Кепска тут тое, што ўлады, ствараючы такую «віртуальную рэальнасць», самі ў яе вераць — і таму, у сувязі з гэтай віртуальнасцю, прымаюць неадэкватныя рашэнні. І гэтыя рашэнні б’юць па кішэнях беларусаў.
Сярэдні заробак бюджэтнікаў у студзені ўпаў на 101 рубель у параўнанні са снежнем 2020-га — да 1099 рублёў, паведамляе Белстат. Гэта сумы да выплаты падаткаў — значыць, на рукі атрымліваецца яшчэ менш.
Але не толькі ўлада займаецца стварэннем віртуальнасці. У мінулую суботу ў Мінску прайшоў устаноўчы з’езд нібыта прарасійскай партыі «Саюз». Яе старшынёй стаў Сяргей Лушч, які і без таго засвяціўся ў шмат якіх прарасійскіх праектах — такіх, як беларуска-расійская грамадзянская ініцыятыва «Саюз», а таксама Асацыяцыя садзейнічання інтэграцыі, міжнароднаму сацыяльна-культурнаму і дзелавому супрацоўніцтву. Праўда, пра тыя праекты ніхто не чуў, але Лушч больш вядомы тым, што быў лідарам беларускага аддзялення арганізацыі «РуМол».
Цікавыя два моманты. Першы — тое, што ад 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана аніводнай палітычнай партыі ўвогуле. Таму на што разлічвае «Саюз» — невядома. І другі момант: сайт грамадзянскай ініцыятывы «Саюз», сустаршынёй якой з’яўляецца Лушч, рэзка крытыкуе Лукашэнку. Узяць хаця б вытрымку з інтэрв’ю іншага сустаршыні «Саюза» Станіслава Бышка: «Любой размове аб канстытуцыйных рэформах у Беларусі павінны папярэднічаць вызваленне палітвязняў, расследаванне забойстваў і катаванняў у СІЗА на Акрэсціна, пачатак рэгістрацыі новых палітычных партый і выразныя тэрміны новых выбараў».
Дзіўна, што пры такой пазіцыі ініцыятывы «Саюз» на з’езд аднайменнай партыі не прыйшлі «невядомыя ў балаклавах». Мажліва, менавіта гэта дало падставы расійскаму палітолагу Андрэю Суздальцаву казаць, што «партыя “Саюз” ад пачатку з’яўляецца філіялам беларускага КДБ і будзе працаваць супраць Расіі за расійскія грошы».
Затое «невядомыя ў балаклавах» завіталі на ўстаноўчую сесію новай студэнцкай прафсаюзнай арганізацыі ЛіСА (Ліга студэнцкіх аб’яднанняў). Мерапрыемства праходзіла пад эгідай цалкам легальнага і зарэгістраванага Свабоднага прафсаюза Беларускага. Былі затрыманыя каля 30 чалавек, большасць з іх адпусцілі, на «суткі» асудзілі толькі чатырох.
Падаецца, «візіт невядомых у балаклавах» цяпер выразна паказвае, хто стварае віртуальныя рэчы, а хто — рэальныя.