Як супрацьстаяць тактыцы расколу грамадства і захаваць свабоду мыслення

Інфармацыйная вайна — адзін з найбольшых выклікаў нашага часу. Як супрацьстаяць уздзеянню прапаганды і не паддавацца на маніпуляцыі свядомасцю, расказвае Аляксей Гайдукевіч для budzma.me.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Шмат разважаць над тым, як грамадства Беларусі сёння плаціць па рахунках за дзесяцігоддзі пасіўнасці і спробы схавацца ад рэчаіснасці разбурэння нацыянальнай ідэнтычнасці ў свядомасці большасці грамадзянаў, на жаль, зараз зусім не час.

Актуальная тактыка супрацьстаяння выклікам павінна была б быць прадугледжана стратэгіяй, распрацаванай яшчэ ўчора. Але яе няма і ў бліжэйшыя часы яна, хутчэй за ўсё, не з’явіцца.

Гэтым у нашай краіне амаль ніхто не займаўся апошнія 30 гадоў. Інтэлектуалы альбо працавалі на камандны апарат, альбо намагаліся трапіць у трэнды, якія гарантавалі б сякі-такі заробак.

Так што грамадства ў большасці сваёй да вайны, якая амаль год таму перакінулася і на нашу тэрыторыю, падышло без інструментаў самаабароны ад інфармацыйна-псіхалагічных атак на калектыўную свядомасць, што штурмуюць розумы грамадзян Беларусі з розных бакоў беларускай мяжы.

Таму, як ніколі раней, вельмі дарэчнымі ёсць хаця б несістэматызаваныя захады. Такія, напрыклад, як тлумачэнне неабходнасці кібергігіены. Пра якую вельмі слушна напісана тут

Другога кшталту гігіенай, якая не вылечыць, але дазволіць праводзіць прафілактыку наступных фатальных памылак, можа быць гігіена мыслення.

Асабістага і калектыўнага. Якое падчас сённяшняй вайны ўвесь час сутыкаецца з часам удалымі спробамі расхіствання, агрэсіўнага ўздзеяння. З мэтамі дэмаралізацыі, правакавання панікі, падвышэння канфліктнасці ўнутры грамадства, штурхання да неабдуманых і катастрафічных для народа і краіны дзеянняў.

Пошук болевых кропак і рэтрансляцыя вашых думак

Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі (ІПСА) даўно не ёсць самадзейнасцю піяршчыкаў ці медыйшчыкаў. Гэта справа спецыяльных аддзелаў у міністэрствах абароны. Кожны крок і захады пралічваюцца, знімаюцца замеры рэакцый і распрацоўваюцца розныя варыянты далейшых дзеянняў. У залежнасці ад эфектаў.

На сайце «Інстытута вывучэння сучаснай вайны» інфармацыйна-псіхалагічным аперацыям (у англамоўных крыніцах — PSYOP) даюць такое вызначэнне:

«PSYOP — гэта ўзгодненае разгортванне ў інфармацыйным полі пэўнага сцэнара, заснаванага на каскадзе навін, анонсаў, падзей і каментараў экспертаў. Гэта інфакампаніі з рэгулярным паўторам тэзісаў, яны могуць праводзіцца даволі працяглы час са стратэгічнай перспектывай.

Для дасягнення мэтаў PSYOP сцэнары маюць сваю дынаміку, структуру і паўтаральнасць.

Праціўнікі ствараюць маніпулятыўныя інфармацыйныя пазлы, разлічваючы на тое, што, калі чалавек сам іх складзе, ён паверыць у карціну свету. Бо будзе ўпэўнены, што самастойна прыйшоў да высноў».

Сённяшнія ўмовы распаўсюду інфармацыі і маштабы ўздзеяння на свядомасць дыктуюць неабходнасць звяртання асаблівай увагі на крыніцы спажывання навін і звязанага з імі кантэнту. Бо істотным фактарам у тактыцы сучасных ментальных агрэсараў з’яўляецца распаўсюд патрэбных наратываў праз аўтарытэтныя для аб’ектаў агрэсіі каналы (СМІ, сацсеткі, пошукавыя сістэмы, іншыя сэрвісы).

Нездарма адным з першых прызнакаў ІПСА адмыслоўцы лічаць масіраванае пашырэнне праз розныя сродкі аднолькавых альбо падобных, вельмі відавочных наратываў. Якія апелююць да зразумелых большасці грамадства каштоўнасцей. Такім чынам агрэсары намагаюцца «трапіць у трэнды свядомасці», падвысіць давер да крыніц інфармацыі. Часам можа здавацца, што блогеры, СМІ і г. д. фактычна выказваюць вашы думкі, распаўсюджваюць менавіта тое, што адпавядае памкненням грамадства. Нават калі перакручваюць факты.

Але за ўсёй гэтай шырмай заўжды хаваецца патрэбная і вельмі відавочная маніпуляцыя.

Прыкладам можа служыць наратыў пра «вайну за мір», пра якую расказвалі прапагандысты першыя тыдні пасля ўварвання ва Украіну ў 2022-м. Такі пасыл хаця і з’яўляўся відавочна хлуслівым, але адпавядаў думкам большасці грамадства, якое не жадала ўсвядоміць надыход катастрофы і фінал «стабільнага жыцця», жадаючы і надалей трымаць свой розум і сумленне ў цёплых умовах ілюзій. Таму для такой катэгорыі вайну ў інфармэфірах прыхавалі за «змаганнем за мір», непажаданай, але неабходнай дзеяй на некалькі тыдняў.

Спрашчэнне мыслення і рэакцый

На фронце вайскоўцы ўвесь час знаходзяцца ў становішчы экстрэмальных выпрабаванняў, пад сталым уздзеяннем фізічнага і інфармацыйна-псіхалагічнага характару з боку праціўніка. Але яны навучаныя пераадольваць цяжкасці, уключаць дадатковыя рэсурсы арганізму. Таксама добрае камандаванне сочыць не толькі за бяспекай ці матэрыяльным забеспячэннем, але і за маральным станам асабовага складу. Праводзяцца захады па маральна-псіхалагічнай мабілізацыі байцоў і падтрыманні баявога духу.

Цывільнае насельніцтва, асабліва ў тылах, далёка ад актыўных баявых дзеянняў, мае меншы ціск на псіхіку, але ў большасці сваёй не валодае тэхнікамі па выяўленні і пераадоленні агрэсіўных атак па ўздзеянні на свядомасць. Таму інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі маюць нашмат большы поспех і маштабы пры выкарыстанні супраць цывільных.

Гукаўзмацняльнікі — звычайная зброя на лініі фронту

Другой прыметай таго, што нашы розумы атакуюць, ёсць наяўнасць спроб у СМІ ці сацсетках абыходзіць пытанні, не ўскладняць рэакцыі на падзеі да простых і абавязкова адзіна слушных. Так адбывалася, калі грамадства намагаліся накіраваць, напрыклад, у бок слогана «не ўсё так адназначна», выклікаць аднаскладаныя рэакцыі, накідаць толькі негатыўныя ацэнкі для тых, чыё меркаванне супярэчыць патрэбнай лініі.

У беларускай рэчаіснасці падобныя кірункі ў інфармацыйнай палітыцы можна выявіць нават сярод некаторых лідараў меркаванняў і СМІ, якія часам, навешваючы цэтлікі на ўчарашніх аднадумцаў з восені 2020 года, фактычна гуляюць на баку службаў з-за ўсходняй мяжы, дзе добра выкарыстоўваюць прагаліны ў ідэнтычнасцях сярод грамадзян Беларусі для яшчэ большага раздзялення нашага грамадства і ўмацавання крамлёўскіх стратэгічнага і тактычнага кантэкстаў.

Вы будзеце ўпэўненыя, што самі прыйшлі да высноў

Іншай прыкметай і адной з прамежкавых мэт ІПСА можна назваць фарміраванне ўяўлення ў аб’екта, што менавіта ён ёсць аўтарам таго бачання свету ці нават дактрыны, якія насамрэч накінутыя звонку інфармацыйнымі маніпулятарамі.

Такі вынік атрымліваецца дзякуючы тэхнікам апеляцыі да базавых для асобы і грамадства ўстановак, спрашчэнню шляху ад атрымання інфармацыі да ўсведамлення ўласнай пазіцыі і магчымых будучых дзеянняў.

Прымяненне такой схемы рэалізуецца праз шырокі набор СМІ і актыўнасці ў сацсетках. Масіраванае бамбардаванне медыясферы можа прыводзіць да таго, што кантэнт патрэбнай накіраванасці становіцца трэндавым. І нават рэсурсы па «іншы бок барыкад», эксперты і аўтарытэты з сацсетак падхопліваюць яго.

У выніку наратывы так глыбока прапісваюцца ў калектыўнай свядомасці, што выкрасліць ці аспрэчыць іх становіцца магчымым толькі праз надломы, рэвалюцыі і іншыя памежныя сітуацыі.

За прыклад можна ўзяць вядомую ў Беларусі «дактрыну апалітычнасці». Людзей з такой устаноўкай фактычна немагчыма пераканаць у хібнасці гэтай пазіцыі. Амаль любыя аргументы адразу выклікаюць негатыўную рэакцыю. Як бы вы ні намагаліся, аспрэчванне прапісаных нават на біялагічным узроўні ўстановак у «апалітычных» правакуе страх. А ілюзорнае ўяўленне, што аўтарам пазіцыі з’яўляецца сам індывід, любога, хто ёй пярэчыць, можа ператварыць у ворага.

-----

Як сведчаць гістарычныя прыклады, пазбавіць грамадства ўздзеяння такога кшталту ІПСА (фактычна, частак стратэгіі падпарадкавання волі грамадства і кіравання яго рэакцыямі), могуць толькі фатальныя ўзрушэнні, якія ставяць пад пытанне прапісаныя на гарманальна-псіхічным узроўні асновы. Толькі новыя траўмы ў стане пераадолець неўроз.

Гатовае да «самалекавання токам» грамадства здольнае часам штучна ставіць перад сабой непасільныя задачы, правакаваць рукатворныя канфліктнасці, каб саматуж выбіць з сябе паразітарныя ўстаноўкі.

Для гэтага патрэбна, у першую чаргу, пашыраць прамежак паміж атрыманнем інфармацыі да рэакцыі на яе да такіх маштабаў, каб туды памясцілася мысленне. Гэта складана, таму што вялікая частка грамадзян прызвычаілася карыстацца гатовымі шаблонамі паводзінаў у інфапрасторы, верыць «зручным аўтарытэтам», даваць хуткія ацэнкі, накідваючы цэтлікі.

Але менавіта прастора абдумвання інфармацыі, узгаднення складзенага меркавання з рацыянальнымі ўстаноўкамі, крытычнымі ацэнкамі і ёсць месцам свабоды волі, без якой мысленне з перспектывай на будучыню наўрад ці магчымае.