Што з «Вялікай размовай» Лукашэнкі? Выглядае, яе адмянілі ці адклалі
Прэс-служба Лукашэнкі анансавала чарговую «Вялікую размову» з ім, але яна раптам знікла з раскладу афіцыйных мерапрыемстваў. Што здарылася, дакладна невядома, бо, як і заўсёды, афіцыйных паведамленняў няма.
Як распавядае «Н*ша
Ніва», пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў у Зімбабвэ Наталля
Эйсмант анансавала гэтак званую «Вялікую размову» — фірмовае зрэжысіраванае
тэлешоу, стылізаванае пад прэс-канферэнцыю. Меркавалася, што яна пройдзе 14
лютага. Але нешта пайшло не так.
«У лютым у нас запланавана «Вялікая размова». Яна, як
звычайна, пройдзе ў шырокім складзе. Мы запрашаем нашых журналістаў, блогераў,
грамадскіх дзеячаў да максімальна шчырай размовы ў жывым эфіры. […] Нам вельмі
важна было пасля няпростага, але някепскага 2022 года даць магчымасць
журналістам разам з [Лукашэнкам] падвесці яго вынікі […] [Лукашэнка] будзе
максімальна адкрыты і адкажа на ўсе пытанні журналістаў», — цытавала БелТА
Наталлю Эйсмант на пачатку лютага.
Сродкі масавай прапаганды распачалі падрыхтоўку да
асвятлення мерапрыемства, а па ўсёй краіне пачалі праводзіць адбор «ябацек» для
камандзіроўкі ў сталіцу.
Але потым падрыхтоўку прыпынілі.
«Трапіць на гэтую размову прэстыжна па каштоўнасных арыенцірах сістэмы. Ад нашага выканкама меўся ехаць заўважны «ябацька». Але «размову»
адмянілі. Чаму — не ведаю», — сказаў выданню чыноўнік аднаго з
аблвыканкамаў.
Тую ж інфармацыю пацвердзіў супрацоўнік аднаго са СМІ.
«Сапраўды, адмянілі. Чаму, не ведаю. У нас у працоўным
графіку на люты было, а потым не стала. На ўзроўні размоў тлумачаць, што ў
Лукашэнкі змяніўся графік. Афіцыйнага тлумачэння не ведаю», — сказаў гэты
чалавек.
Эйсмант пакуль ніяк не паведамляла пра адмену
лукашэнкаўскага стэндапу.
Папярэдні раз «Вялікая размова» адбылася 9
жніўня 2021 года. На тую размову незалежныя СМІ ўжо не запрашалі, але
прысутнічалі замежныя журналісты, і ўвесь сцэнар быў пабудаваны на «адлупе» як з боку Аляксандра Лукашэнкі, так і з боку прапагандыстаў, сярод якіх былі, у
прыватнасці, Рыгор Азаронак і Ксенія Лебедзева. Тая прэс-канферэнцыя доўжылася
8 гадзін, што мела на мэце паказаць фізічную і інтэлектуальную форму Лукашэнкі
праз год пасля паражэння 2020 года.
Сёння расійскія СМІ паведамілі, што 17 лютага можа адбыцца
чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Магчыма, значэнне анансаваных перамоў двух
саюзнікаў настолькі вялікае ў кантэксце вайны ва Украіне, эканомікі і іншых важных чыннікаў,
што «Вялікую размову» вырашылі адтэрмінаваць да атрымання вынікаў. Але, зноў
жа, аніякіх тлумачэнняў афіцыйныя крыніцы не даюць.