Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей

Уся вёска дапамагала шматдзетнай маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей у прытулак. "Каб Вольга была юрыдычна адукаванай, дык была б іншая сітуацыя", — распавяла суседка пра адзінокую маці пяці дзетак, піша «Еўрарадыё».

Ілюстрацыйнае фота, foto-planeta.com

Ілюстрацыйнае фота, foto-planeta.com


У лістападзе 2018 года ў дом Вольгі Байцовай з праверкай прыйшлі чыноўнікі. Ім не спадабаліся ўмовы, у якіх жанчына выхоўвае чацвярых дзяцей. Вользе далі дзесяць дзён, каб адрэагаваць на заўваг, а дзяцей на гэты час забралі ў прытулак.

Справіцца з праблемамі Вользе дапамаглі аднавяскоўцы. Цяпер яе дзеці, 16-гадовая Ганна, 15-гадовы Мікалай, 6-гадовы Міша і 4-гадовы Прохар, вярнуліся дадому. А пра тое, што адбылося, маці прыгадвае, як пра страшны сон.

“Гэта было негалосна загадана мне зрабіць”

Гэтая гісторыя пачалася два гады таму, калі Вольга Байцова і яе чацвёра дзяцей пераехалі ў вёску Вялікае Кашо Гарадоцкага раёна (Віцебская вобласць). Вольга ўладкавалася працаваць даяркай на прыватнае прадпрыемства.

Ні бацькоў, ні сваякоў у шматдзетнай маці няма — дзяцей яна выхоўвае адна. Муж з’ехаў на заробкі ў Расію і неўзабаве перастаў дапамагаць сям’і. У такіх умовах разлічваць можна было толькі на сябе.

На пачатку 2018 года Вольга нарадзіла пятае дзіця. Але сын памёр пасля прышчэпкі ў красавіку — хлопчыку не было і двух месяцаў. Цяпер жанчына зноў цяжарная — на сёмым месяцы, і знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. У лістападзе дадому да Вольгі Байцовай прыйшлі чыноўнікі з аддзела па сацыяльных пытаннях Гарадоцкага райвыканкама.

“У лістападзе была размова з прадстаўнікамі райвыканкама, — распавядае Еўрарадыё Вольга Байцова. — Добраахвотна-прымусова мне прапанавалі пакінуць дзяцей у сацыяльна-педагагічным прытулку, бо ў мяне цяжкая жыццёвая сітуацыя. Я напісала заяву, што прашу ўзяць дзяцей у цэнтр на час вырашэння праблем. Гэта было негалосна загадана мне зрабіць”.

Прыехала праверка, а ў доме не было дроў

Сям’я Байцовых стаіць на ўліку, прызнана, што дзеці ў ёй знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Раней чыноўнікі ўжо прыязджалі да Вольгі з праверкамі: ці дагледжаныя дзеці, як апранутыя, ці накормленыя. Па словах Вольгі, ніякіх заўваг доўгі час не было. Але лістападаўская праверка заўважыла, што ў доме, дзе жыве шматдзетная сям’я, няма дроў.

“З-за гэтага мяне выклікалі на камісію 14 лістапада, — працягвае Вольга. — Маўляў, хутка зіма, а дроваў няма. Хаця я казала, што дровы будуць”.

Ганна, якой 16 гадоў, уваходзіла ў лік прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Пасля школы Аня марыць паступіць у Ваенную акадэмію. Калі яна даведалася, што яе разам з іншымі дзецьмі забіраюць у прытулак, у дзяўчынкі здарылася гісторыка: як у такіх умовах падрыхтавацца да іспытаў?!

Акрамя дроў, выявілі запазычанасць па камунальных плацяжах і за электраэнергію. Разлічыцца з запазычанасцямі самастойна Вольга не магла. Таксама чыноўнікі знайшлі амаль пусты газавы балон. А па стане, у якім знаходзіўся дом, зрабілі выснову пра неабходнасць рамонту.

Выйсце з тупіка

На вырашэнне праблем Вользе Байцовай далі дзесяць дзён. Калі б не неабыякавыя суседзі, яе дзеці і сёння былі б у прытулку. Але здарыўся цуд, і да 28 лістапада ўсе праблемы былі вырашаныя! Дзеці засталіся жыць з маці.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў Ірына Дарошчанка арганізавала падвоз і паколку дроў. Таксама прафсаюзы набылі для сям’і тры мяхі бульбы, а суседка Любоў Іванова заступілася за Вольгу на камісіі, дзе вырашаўся лёс яе дзяцей.

“За гэтай сям’ёй я назіраю амаль, як яны прыехалі, — распавядае Еўрарадыё Любоў Іванова. — Сям’я знаходзілася ў дзікім эканамічным тупіку. Мясцовыя сацыяльныя службы вырашылі, што дзецям будзе лепш у дзіцячым доме. Але гэта глупства. Я ведаю Вольгу, ведаю дзяцей. Летам яна прыходзіла з начной дойкі і бегла ў лес па чарніцы, каб потым прадаць”.

Па словах суседкі, якая таксама прысутнічала на камісіі, на Байцову распачалі сапраўднае паляванне. Мясцовыя чыноўнікі ставілі пытанне пра пазбаўленне жанчыны бацькоўскіх правоў.

На камісіі я падняла пытанне: а чым дапамаглі шматдзетнай маці, ці прапанавалі ёй дадатковую працу, як там яе правы выконваліся, — працягвае Любоў Аляксандраўна. — Я так і сказала, каб Вольга была юрыдычна адукаванай, дык была б іншая сітуацыя. Замест таго, каб дапамагчы, вы на яе нападаеце. Як вы маглі, кажу, яе ў аварыйны дом засяліць?! У вёсцы ні садка, ні ясляў. У школу ў Гарадок возяць”.

“Б’ецца як рыба аб лёд”

Да вырашэння праблем Вольгі далучылі таксама Віцебскую епархію.

“Айцец Віктар з епархіі вельмі дапамог, — працягвае Любоў Іванова. — Дачцэ купілі акуляры, закрылі пытанне з запазычанасцю, купілі прадуктаў, дапамаглі адзеннем. Аднаму хлопцу толькі 41 размер кедаў засталося набыць. Пра такіх жанчын, як Вольга, кажуць: “Б’ецца як рыба аб лёд”. Нейкая дапамога ёй выплачваецца на дзяцей, але аліментаў ад бацькі няма”.

Па словах Вольгі Байцовай, асноўныя пункты — газ, запазычанасць, дровы — былі закрытыя. Таксама ёй дапамаглі з рамонтам даха, ганка і франтона. “На ўсё было дадзена толькі дзесяць дзён, але ўсё скончылася добра. Дзякуй тым, хто мне дапамог”, — кажа жанчына.

“Дапамога Вользе Байцовай аказвалася неаднаразова рознымі службамі. Выдзяляецца дзяржаўная адрасная дапамога. На сённяшні дзень усе вострыя пытанні гэтай сям’і вырашаныя, — падсумоўвае Ірына Дарошчанка. — Ёсць шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын стану сям’і. Жанчына цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Адно магу сказаць — у сям’і вельмі добрыя дзеці. І ім трэба было дапамагчы”.  euroradio.fm