Як улады будуць стымуляваць нараджальнасць: падвысяць дапамогу ці абмяжуюцца заклікамі з высокіх трыбун?

Калі ў Беларусі пачнецца бэбі-бум?

baby_2.jpg

У адміністрацыі кіраўніка дзяржавы распрацоўваюцца радыкальныя меры па стымуляванні нараджальнасці.
— Мы цяпер рыхтуем для кіраўніка дзяравы інфармацыю па стымуляванні нараджальнасці. Адзначаем, што быў невялікі дэмаграфічны ўздым, а цяпер тэндэнцыя да спаду. Трэба прадпрымаць нейкія больш радыкальныя крокі па стымуляванні нараджальнасці, — заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Мікалай Снапкоў.
Чаму падае нараджальнасць?

Гацура-Яворская: Бацькі павінны мець гарантыю будучыні сваіх дзяцей

— Мала атрымаць ільготны крэдыт. Дзяцей трэба выхаваць, апрануць, абуць. На гэта трэба зарабіць, а сітуацыя ў краіне не дазваляе зарабляць годна, — кажа маці чатырох дзяцей, грамадская актывістка Таццяна Гацура-Яворская.
На яе думку, існуючыя стымулы нараджальнасці не дзейнічаюць, таму што людзі задумваюцца пра будучыню дзяцей.
— Дзяржава прапануе нарадзіць дзіця. А якая будучыня ў гэтай дзяржавы - незразумела. Ці будзе далей будавацца саюз з Расіяй ці мы будзем рухацца ў бок Еўропы? — падкрэслівае грамадская актывістка.Яна звяртае ўвагу і на тое, што да шматдзетных сем'яў у нашай краіне прадузятае стаўленне: улады ўспрымаюць іх як няшчасныя, часта правяраюць.
Шматдзетная мама лічыць, што пазітыўна паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне можа павелічэнне дзіцячай дапамогі.
— Калі дзяржава пачне плаціць мамам пасля нараджэння трэцяга дзіцяці дапамогу ў 500 даляраў на месяц да трох гадоў, упэўненая, ахвотных нарадзіць будзе шмат, — кажа Таццяна Гацура-Яворская.
Аднак, на яе думку, больш эфектыўнай мерай па стымуляцыі нараджальнасці можа стаць прадастаўленне большай свабоды бізнэсу.
 Тады сем'і, якія выхоўваюць дваіх дзяцей, змогуць зарабіць і вырашацца на трэцяе дзіця, — лічыць шматдзетная мама.
Да таго ж, як падкрэслівае грамадская актывістка, бацькі павінны быць упэўненыя, што іх дзеці змогуць атрымаць якасную адукацыю і будуць жыць у прававой дзяржаве.
— Бацькі павінны мець магчымасць уплываць на рэформы ў краіне — гэта і ёсць гарантыя будучыні іх дзяцей, — падкрэслівае Таццяна Гацура-Яворская.

Альхоўка: Ідэалогія павінна падмацоўвацца эканамічнымі стымуламі, якія можна атрымаць тут і цяпер

Старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Ірына Альхоўка адзначае, што меры, якімі дзяржава сёння стымулюе нараджальнасць, адтэрмінаваныя ў часе.
Паводле яе слоў, у сем'яў ёсць цікавасць да праграмы мацярынскага капіталу, але для таго, каб ім скарыстацца да наступлення паўналецця дзяцей, ёсць шмат абмежаванняў.
— Матчын капітал нельга атрымаць зараз, а дзеці растуць — ім патрэбныя ежа, адзенне, цацкі. У Расіі, дзе дзейнічае падобная праграма, прыйшлі да таго, што гэтым капіталам можна скарыстацца раней і дзяліць на часткі, — гаворыць эксперт.
Добрай мерай па стымуляцыі нараджальнасці, на думку Ірына Альхоўкі, можа стаць развіццё сістэмы дзіцячых дашкольных устаноў.
 Каб яна была даступнай: не было чэргаў і не трэба было запісваць дзіцяці ў дзіцячы садок адразу пасля яго нараджэння. Дзіцячым садкам трэба большая колькасць выхавальнікаў і меншая напаўняльнасць груп, — падкрэслівае Старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы».
Суразмоўніца звяртае ўвагу на статыстыку: прыводзіліся лічбы, што ці ледзь не палова жанчын не застаюцца ў дэкрэце да трох гадоў, а выходзяць на працу раней.
— Рэдка якая беларуская сям'я можа дазволіць, каб працаваў толькі адзін муж. Трэба, каб працавалі абодва, а для гэтага патрабуецца наймаць няню (калі сям'я можа сабе такое дазволіць) або аддаваць дзіця ў дашкольную ўстанову, — кажа эксперт.
Паводле яе слоў, якасць выхавання і адукацыі ў дзіцячых садках таксама ўплывае на ўзровень нараджальнасці.
Радыкальныя меры па стымуляцыі нараджальнасці, лічыць Ірына Альхоўка, не па кішэні нашай дзяржаве.
— Самая радыкальная мера — гэта павышэнне дапамог i яшчэ большае пашырэнне праграм крэдытавання. Але я не ўпэўненая, што сёння наша эканоміка можа дазволіць сабе такія меры, — лічыць эксперт.
Суразмоўніца мяркуе, што павышаць нараджальнасць беларускія ўлады будуць ... ідэалёгіяй.
— Ужо сёння мы бачым, як вырасла колькасць сацыяльнай рэкламы, як часта ў выступах кіраўніка дзяржавы гучыць пасыл пра тое, што ў беларускай сям'і павінна быць трое дзяцей. Але ідэалогія павінна падмацоўвацца эканамічнымі стымуламі, якія можна атрымаць тут і цяпер, — упэўненая Ірына Альхоўка.
Яна нагадвае, што пасля ўвядзення праграм па крэдытаванні для шматдзетных сем'яў нараджальнасць павялічылася.
— Аналітыкі казалі, што гэта хутчэй зрушыў каляндар нараджальнасці, а не павялічыла колькасць дзяцей у прынцыпе. Тыя, хто марылі аб другім-трэцім дзіцяці, адважыліся яго завесці раней, чым планавалі, каб паспець скарыстацца гэтай магчымасцю, — кажа Ірына Альхоўка.
Па словах эксперта, многія краіны ўключаюць эканамічны стымул для павышэння нараджальнасці. У прыклад эксперт прыводзіць Швецыю — адну з нешматлікіх краін у ЕС, дзе няма праблемы зніжэння нараджальнасці.
— Даследчыкі вылучаюць два крытэрыі, якія забяспечваюць eстойлівы рост насельніцтва ў Швецыі. Жаданне жанчын мець дзяцей залежыць ад дапамогі партнёра (магчымасці бацькі сысці ў аплачвальны адпачынак па доглядзе за дзіцём) і магчымасці мець працу, якая дазволіць утрымліваць яе і наняць няню, — адзначае Ірына Альхоўка.
Паводле Заўтра тваёй краіны