У турэцкіх дзіцячых садках будуць вывучаць рэлігію

Дадатковыя ўрокі ўводзяцца па рашэнні Міністэрства адукацыі.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Вучэбна-асветніцкі праект запускаецца сумесна з муфцітамі розных правінцый. Такія пратакольныя дамоўленасці ўжо заключаны ў Анталлі і Болу, паведамляе сайт «NewsTurk». Характэрна, што ўрокі рэлігіі, якія з'яўляюцца абавязковым прадметам з 4 класа, плануецца праводзіць у дзіцячых садках пачынаючы з чатырохгадовага ўзросту. Меркаваны час заняткаў — шэсць гадзін на тыдзень. У пачатковых школах (2-3 класы) дадатковыя ўрокі рэлігіі праводзяцца ў так званыя «вольныя гадзіны».
Варта адзначыць, што ў Турцыі рэлігія заканадаўча аддзеленая ад дзяржавы, такога паняцця як «афіцыйная рэлігія» не існуе з 1928 года, свабода веравызнання гарантаваная кожнаму жыхару краіны. Большасць насельніцтва вызнае іслам суніцкага тыпу. Мусульманамі лічаць сябе больш за 90% жыхароў. На тэрыторыі дзяржавы дзейнічае каля 80 тысяч мячэцяў. У краіне таксама зарэгістравана больш за 300 хрысціянскіх супольнасцяў, сярод якіх ёсць праваслаўныя, каталікі і розныя пратэстанцкія напрамкі. Ёсць юдэі, іх, праўда, мала ў працэнтных суадносінах, але ўсё ж, ім удалося пабудаваць каля 40 сінагог. Ну і найменшай з'яўляецца рэлігія курдаў — йезідызм.
Якую рэлігію збіраюцца выкладаць дзецям, не ўдакладняецца.
Паводле «Эхо Москвы»