Як знайсці працу, каб зарабіць і не памерці?
Масавыя звальненні закранулі многіх беларусаў, чысткі ў дзяржаўных установах усё яшчэ працягваюцца. Што рабіць, калі звальняюць па палітычных поглядах, дзе глядзець вакансіі і як пісаць рэзюмэ? «Новы Час» сабраў парады для тых, хто шукае працу.
Ці можна знайсці працу без досведу?
У розных не надта ахайных крыніцах досыць даўно мусіруецца ідэя, каб беларусаў, не згодных з існуючым рэжымам, звальнялі з працы і яны не мелі магчымасці знайсці пасаду, вышэйшую за дворніка. І гэтую ідэю хуценька падхапілі і пачалі рэалізоўваць: звольненыя «за погляды» з дзяржустаноў сыходзяць адтуль з «воўчым білетам». Гэта значыць, што пры спробе ўладкавацца ў іншую дзяржустанову меркаваны працадаўца абавязкова запытваецца пра прычыну звальнення з мінулага месца, высвятляе, ці ёсць у суіскальніка адміністрацыйныя ці крымінальныя судзімасці, а галоўнае, запытвае характарыстыку з папярэдняй працы, у якой цяпер абавязкова пішуць пра ступень лаяльнасці працаўніка. Калі вы хадзілі на пратэсты, былі незалежным назіральнікам, падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў ці — о жах! — вас затрымлівалі, саджалі на суткі, штрафавалі — верагоднасць, што вашу кандыдатуру зацвердзяць, блізкая да нуля.
Што ж рабіць? Выйсце ляжыць на паверхні: спрабаваць працаўладкавацца ў прыватныя кампаніі. І тут усплывае першы вялікі страх суіскальніка: я ж 20 гадоў працаваў на адным месцы па сваёй спецыяльнасці і нічога больш не ўмею. Куды мяне возьмуць?
Насамрэч, не такі страшны чорт, як яго малююць. Даследчы цэнтр rabota.by правёў апытанне ў 139 працадаўцаў, і высветлілася, што кожны другі станоўча ставіцца да студэнтаў і суіскальнікаў без досведу працы, калі апошнія гатовыя навучацца і праяўляць ініцыятыву. Пры гэтым яшчэ каля 8% наймальнікаў перакананыя, што наняць супрацоўніка без досведу працы і навучыць яго, нават прасцей, чым перавучваць кандыдата з досведам працы. Кожны трэці працадаўца нейтральна ставіцца да кандыдатаў без досведу працы, разглядаючы іх на роўных з іншымі суіскальнікамі.
Безумоўна, каб мець перавагу быць запрошаным на сумоўе суіскальнікам без адпаведнага досведу працы лепш за ўсё па максімуме валодаць неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі і хоць нейкім досведам працы ў цэлым. Памятайце, што ў супрацоўніках без досведу працы працадаўцы асабліва шануюць ініцыятыўнасць.
Калі з досведам працы пакуль не ўсё так, як хацелася б, вельмі важна паказваць сваю матывацыю: напрыклад, прымацаваць да рэзюмэ якасны суправаджальны ліст, растлумачыўшы жаданне працаваць у кампаніі і распавёўшы, чым менавіта можаце быць карысныя працадаўцу. Акрамя таго, наймальнікі цэняць і ўменне кандыдатаў звязацца з HR-менеджарам, каб удакладніць лёс адпраўленага рэзюмэ. Але пра гэта — пазней.
Як знайсці працу пасля 50 гадоў?
Калі адсутнасць досведу перастае палохаць, узнікае другі вялікі страх суіскальніка: пасля 50 гадоў працу не знайсці. Насамрэч, гэты страх мае пад сабой глебу, але, зноў жа, правіла, што работнікі з узростам, вышэйшым за сярэдні, нікому не патрэбныя, мае мноства выключэнняў. Так, паводле таго ж сэрвісу rabota.by, 73% з 689 рэспандэнтаў у Беларусі, старэйшых за 50 гадоў, адзначылі, што сутыкаліся з пошукам работы ў гэтым узросце. І чацвёра з дзесяці змаглі паспяхова працаўладкавацца. Так, не ўсе 10 з 10 суіскальнікаў атрымалі жаданую пасаду, бо сярод маладых спецыялістаў без вопыту таксама пошук працы не заўсёды заканчваецца поспехам. Адсюль вынікае выснова: пошук працы — гэта таксама праца.
Таму спецыялісты раяць: колькі б гадоў вам ні было, у паспяховым працаўладкаванні важныя актыўнасць, жаданне і рэальныя дзеянні па павышэнні кваліфікацыі, ведаў, уменняў і навыкаў. На шчасце, магчымасцяў для развіцця і навучання, у тым ліку анлайн, цяпер вельмі шмат, і яны даступныя.
Важна адсочваць рынак працы, вывучаць прапановы і не баяцца спрабаваць нешта новае — раптам гэта менавіта тое, што вам трэба? Месцаў, дзе можна знайсці працу, вельмі шмат, і часам яны могуць быць зусім нечаканыя. Варта размясціць рэзюмэ на спецыялізаваных пляцоўках (рэсурсы кшталту praca.by, rabota.by вам у дапамогу), а таксама на сайтах кампаній, дзе б вы хацелі працаваць. Калі там няма наўпроставай формы для адпраўкі рэзюмэ, часцей за ўсё ёсць раздзел з вакансіямі і кантактнымі данымі. Не прапускайце магчымасці наведваць лекцыі і майстар-класы ў галінах, якія вас цікавяць, не ігнаруйце нефармальныя стасункі з прадстаўнікамі цікавай для вас прафесійнай супольнасці. І, канешне, не забывайцеся пра сарафаннае радыё: сябры, сваякі, сацыяльныя сеткі могуць дапамагчы вам знайсці працу мары. А восьтут пералічаныя сайты, якія дапамагаюць у пошуку вакансій.
Як напісаць рэзюмэ?
Калі вы ніколі ў жыцці не пісалі рэзюмэ, не бяды — усё бывае ў першы раз. Такім чынам, з чаго пачаць?
1. Рэзюмэ варта ствараць пад кожную вакансію, на якую адгукаецеся. У вакансіях уважліва вывучыце патрабаванні працадаўцы і ў вашым рэзюмэ пакажыце ў першую чаргу тое, што з наяўнага ў вас, важней за ўсё для наймальніка.
2. Напішыце мэту рэзюмэ — назву пасады, на якую прэтэндуеце.
3. Калі ў вас ёсць досвед працы, яго трэба пералічыць у зваротным храналагічным парадку (2021 год, 2020 і г.д.).
4. Не варта быць сціплым — укажыце свае дасягненні і вынікі на папярэдніх месцах працы ў лічбах і з дапамогай дзеясловаў.
5. Калі досведу працы няма, напішыце свае моцныя бакі на прыкладах з жыцця і ўкажыце, як яны могуць дапамагчы вам у выкананні працоўных абавязкаў.
6. Пазбягайце скарачэнняў і абрэвіятур у назвах скончаных навучальных устаноў і папярэдніх месцаў працы.
7. Тлумачыце працяглыя перапынкі ў працы (стажыроўка, навучанне, дэкрэт). А вось адказы, чаму вы сышлі з ранейшай працы, у рэзюмэ не варта пісаць, але падрыхтуйце іх загадзя для сумоўя.
8. Падвысіць свой кошт на рынку працы можна з дапамогай індывідуальнага суправаджальнага ліста. У ім трэба каротка адказаць, чаму менавіта вы і чым канкрэтна можаце быць карысныя працадаўцу на цікавай для вас пазіцыі. Менавіта ў суправаджальным лісце вы можаце праявіць сваю крэатыўнасць, і цалкам верагодна, што гэта стане той разынкай, якая вылучыць ваша рэзюмэ сярод падобных іншых. Толькі не губляйце адчування меры.
9. Ці прымацоўваць да рэзюмэ фота? Пытанне спрэчнае, бо не заўжды фотаздымак можа згуляць на вашу карысць і стаць прычынай «адсейвання» праз візуальны чыннік. Дасведчаныя НR у гэтым выпадку раяць сыходзіць з вакансіі, на якую вы прэтэндуеце: калі яна прадугледжвае публічнасць, то можаце прымацаваць да свайго рэзюмэ афіцыйную партрэтную фатаграфію. Гэта мусіць быць актуальнае фота, з нейтральным фонам, дзе вы без сонечных акуляраў і глядзіце ў камеру.
10. Не забудзьце пакінуць актуальныя кантакты для зваротнай сувязі з вамі і не ігнаруйце спробы з вамі звязацца!
Хадзіце на сумоўі, на якія вас запрашаюць, не саромцеся задаваць пытанні і распавядаць пра свае моцныя прафесійныя бакі.
А ці заўжды патрэбнае рэзюмэ?
Тут усё залежыць ад мэтаў, якія вы перад сабой ставіце, і матывацыі пошуку працы. Калі вы шукаеце працу, на якой хацелі б не толькі зарабляць, але і развівацца, мець перспектывы — хутчэй за ўсё, лёс прывядзе вас у досыць буйную і сур’ёзную кампанію, дзе рэзюмэ — неабходны складнік для будучага работніка.
Зрэшты, цяпер на рынку багата варыянтаў працаўладкавання, дзе рэзюмэ непатрэбна. Проста прайшоўшы сумоўе, у некаторых кампаніях вы можаце ўладкавацца на пасаду камплектоўшчыка, работніка склада, ахоўніка, грузчыка. Не патрабуюць рэзюмэ ад будучых кур’ераў у службах дастаўкі і кіроўцаў таксі. Але заўсёдны попыт на гэтыя вакансіі прымушае задумацца: чаму без асаблівых патрабаванняў утвараецца такая цякучка? Пэўна, таму, што гэтая праца, пры ўсёй уяўнай лёгкасці, аказваецца па сілах не для ўсіх. Пры вялікай нагрузцы нярэдка кампаніі выкарыстоўваюць жорсткую сістэму спагнанняў, і, нягледзячы на фізічную стомленасць ад працы, заробак на выхадзе атрымліваецца меншым за той, якога вы чакалі.
Але ёсць і паспяховыя прыклады, калі такая праца падыходзіць суіскальніку па духу. У такім выпадку на ёй можна не проста працаваць, але і зарабляць.
У любым выпадку, памятайце: нават калі пасля некалькіх спробаў у розных кампаніях вы ўсё яшчэ не знайшлі працу, якая б вас задавальняла, не варта спыняцца і апускаць рукі. Наадварот, вы здолелі разабрацца, што вам падыходзіць, а што не, зразумелі, чаго вы насамрэч хочаце ад працы (грошай, кар'ернага росту, развіцця ці проста месца, дзе можна было б спакойна дачакацца пенсіі) і здабылі новы досвед, які за плячыма не насіць.