«Яшчэ ні разу не плацілі за электраэнергію». Як жыве дом на энергіі сонца

Пад Брэстам вось ужо паўгода жыве сям'я, якая ні разу за гэты час не плаціла за электраэнергію. Больш за тое — сям'я адключылася ад цэнтралізаванай электрасеткі, скараціўшы «вус» кабеля на верхавіне апоры.

dom_4.jpg

Святлана Гарадзецкая і Віктар Баран на даху катэджа ўсталявалі чатыры сонечныя панэлі. Яны і забяспечваюць дом электраэнергіяй, піша sb.by.
— Каб перайсці на сонечную энергію, мы ўзялі крэдыт. Зялёная энергетыка ў той час толькі прыйшла ў Беларусь, таму кошты на абсталяванне былі касмічнымі. Варыянт, які рэкамендавалі для аўтаномнай працы нашага дома, каштаваў каля 20 000 даляраў ЗША, — распавяла гаспадыня дома Святлана Гарадзецкая.
Віктар і Святлана спяшацца не сталі.
На думку Віктара Барана, кожны дом патрабуе індывідуальных разлікаў. Менавіта спецыялісты павінны вызначыць, дзе будзе мацавацца абсталяванне, разлічыць магутнасць, ўлічыць канструктыўныя характарыстыкі пабудовы і кліматычныя асаблівасці мясцовасці. Калі не ведаць усе гэтыя нюансы, ёсць рызыка выдаткаваць у разы больш.
У мінулым годзе, калі дом быў гатовы да эксплуатацыі, гаспадары выйшлі на брэсцкую фірму, якая спецыялізуецца на альтэрнатыўных крыніцах энергіі. Яны былі здзіўлены, як за некалькі гадоў патаннелі энергаэфектыўныя тэхналогіі. Поўны цыкл работ, ад праекта да пакупкі і падключэння абсталявання, абыйшоўся ім у 3 000 даляраў.

dom1_0.jpg

Электрачайнік, індукцыйная пліта, пральная машынка, мікрахвалеўка, тэлевізар, халадзільнік, кампутар, цвёрдапаліўны кацёл, гарачая вада, цёплыя падлогі, унутранае і вонкавае асвятленне. Гэта няпоўны спіс выгод, якімі вольна карыстаюцца Святлана і Віктар у сваім новым доме.
Сонечная энергія пацякла ў дом Святланы і Віктара мінулым летам. У ясную цёплую пару праблем з запасамі электраэнергіі не было наогул. Пытанні пачаліся ў лістападзе, калі светлавы дзень нядоўгі, а ацяпленне ўжо працуе на поўную катушку. Даводзіцца прыстасоўвацца, прызнаецца гаспадыня:
— Да нашага прыходу увечар «батарэйка» назапашвае максімум 4 кВт электраэнергіі. Упрытык, каб нагрэць ваду, а таксама «пракарміць» бытавыя прыборы. Таму, калі працуе кампутар, тэлевізар «адпачывае». Мыццё плануецца на дзённы час, каб не расходаваць назапашаную ў акумулятарах энергію.
У доме ўсяго чатыры акумулятары. Гэта гранічны мінімум, неабходны для падтрымання звыклай жыццядзейнасці зімой у хаце Святланы і Віктара агульнай плошчай 108 квадратных метраў. У будучыні сям'я плануе набыць яшчэ некалькі акумулятараў. Але паколькі ў падобных энергаэфектыўных комплексах акумулятары ледзь не самы дарагі кампанент, пакуль муж і жонка здавольваюцца тым, што ёсць.

dom2_4.jpg

Раней у халодны перыяд Святлана і Віктар трацілі 300-400 кВт. Колькі цяпер? Такімі падлікамі ў доме галаву ўжо не забіваюць. Па-першае, электраэнергія свая. Па-другое, абсталяванне і бытавая тэхніка (уключаючы лямпачкі) энергаэфектыўныя. Па-трэцяе, з пераходам на экалагічна чыстыя крыніцы энергіі цудоўным чынам мяняецца светапогляд.
Святлана жартуе, што яны жывуць па законах сонца. Яснае надвор'е — значыць, у гаспадыні шмат энергіі (і ў прамым, і ў пераносным сэнсе) на хатнія клопаты. Сумна і пахмурна за акном — значыць, і чалавеку трэба зрабіць паўзу.
Паводле greenbelarus.info