Amazon адкрыў першы ўніверсам без кас

Кампанія Amazon адкрыла першы супермаркет, дзе няма кас. Выбраныя тавары скануюцца відэакамерамі, а сума за пакупкі спісваецца з рахунка карыстальніка праз мабільную праграму на смартфоне.

41389702_303.jpg


Першы "афлайнавы" супермаркет інтэрнэт-гіганта Amazon, у якім няма звыклых кас, адкрыўся 22 студзеня ў амерыканскім Сіэтле, паведамляе dw.com. У супермаркеце пад назвай Amazon Go ўсе пакупнікі кладуць у кошык выбраныя тавары, пасля чаго сыходзяць з крамы, а сума за пакупкі аўтаматычна спісваецца з карыстальніцкага рахунка Amazon. Акрамя гэтага, на кожнай паліцы ўстаноўлены вагі, якія будуць рэгістраваць знятыя тавары.
Для наведвання крамы неабходна спампаваць спецыяльную мабільную праграму. Перад уваходам у краму і па завяршэнні пакупак тэлефон неабходна прасканаваць на спецыялізаваным турнікеце. Пасля выбару пэўнага тавару пакупніку неабавязкова яго трымаць перад чытальнікам кода або якой-небудзь падобнай прыладай. У Amazon сцвярджаюць, што пры пакупках не выкарыстоўваецца сістэма распазнання асоб. Прадстаўнікі амерыканскіх СМІ, якія наведалі краму да афіцыйнага адкрыцця, адзначылі, што ў краме ўстаноўленыя дзясяткі відэакамер.
Адкрыццё падобнай крамы анансавалася больш за год таму. Па непацверджаных паведамленнях мас-медыя, укараняемая тэхналогія спачатку дрэнна спрацоўвала пры вялікай колькасці людзей. За мінулы час непаладкі ўдалося ліквідаваць. Некалькі месяцаў таму група супрацоўнікаў кампаніі паспяхова пратэсціравала сістэму пакупак, апрануўшыся ў аднолькавыя касцюмы пакемонаў пікачу.