Такое ўсё зялёнае…

Слова «Германія», як правіла, выклікае асацыяцыю з моцнай індустрыяй. Між тым, у нашы дні гэты імідж становіцца архаізмам. Германію ўсё часцей пачынаюць успрымаць як лідара тэхналогій будучыні, звязаных з экалогіяй. Адна з адзнак пераменаў — выстава «Зялёны тыдзень».

 Фота www.presseportal.de

 Фота www.presseportal.de


Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя ўзімку нямецкія фермеры ў Берліне пачалі ладзіць штогадовыя сустрэчы. Іх удзельнікаў пазнавалі па зялёных паліто, што былі папулярныя сярод фермераў. Пакуль аграрыі вырашалі свае пытанні, на суседніх вуліцах разгортваўся спецыялізаваны гандаль — кірмаш коней або розных хатніх жывёл, трафеяў паляўнічых, пасяўнога матэрыялу і гэтак далей. У выніку частка горада ператваралася ў нейкую зялёную выспу, што вельмі падабалася берлінцам.

Пры гэтым «дзікі гандаль» паступова набываў усё большыя памеры і разнастайныя формы. Нават пачалі праводзіцца невялікія паляўнічыя шоу. У адным квартале змясціць усё гэта было немагчыма. Таму пункты правядзення «Зялёнага тыдня» адчыняліся ў розных кропках сталіцы.

Анархія скончылася ў 1926 годзе, калі ў берлінскай мэрыі прапанавалі сабраць усе выставы на адным месцы — плошчы Kaiserdamm, што знаходзіцца ў заходнім Берліне. Эфект пераўзышоў усе чаканні. За тыдзень выставу наведалі каля 50 тысяч чалавек. Некаторыя лічбы першага «Зялёнага тыдня» дасюль уражваюць — на яго прывезлі 45 тысяч коней, 23 тысячы свіней, больш за мільён птушак…

Поспеху новага фармату «Зялёнага тыдня» спрыяла і тое, што ў тыя часы ў сельскай гаспадарцы распачалася тэхнічная рэвалюцыя. Лепшыя дасягненні ў гэтай галіне абавязкова дэманстраваліся на выставе. У тым жа 1926 годзе на выставе сапраўдны фурор выклікаў адзін з першых трактароў. Часам, праўда, на экспазіцыю траплялі і вельмі незвычайныя тэхнічныя вынаходніцтвы. Напрыклад, у 1928-м наведвальнікі маглі пабачыць машыну, якая, быццам, магла не горш за сабаку ісці па следу.

У часы нацызму «Зялёны тыдзень» захаваў свой высокі статус — у тым ліку таму, што шматлікія бонзы Трэцяга рэйху былі заўзятымі паляўнічымі. У гэты ж час, у 1938-м, адбыўся форс-мажор: нямецкіх сабак ахапіла эпідэмія — і выставу давялося адмяніць. А ўжо праз два гады мерапрыемства скасавалі, бо пачалася вайна, падчас якой уся сельская гаспадарка, па сутнасці, была падпарадкаваная дзяржаве.

Адрадзілі выставу толькі ў 1948-м. Першыя пасляваенныя «Зялёныя тыдні» выглядалі як пародыі на даваенныя. На першай пасля адраджэння выставе сваю прадукцыю дэманстравалі толькі 59 вытворцаў. Тым не менш, публіку, якая пакутавала на дэфіцыт прадуктаў, выстава зацікавіла. Арганізатары, якія баяліся, што наведвальнікі пачнуць банальна красці з экспазіцый, вырашылі замяніць некаторыя экспанаты (напрыклад, мяса) выявамі з кардону.

 Фота www.presseportal.de

 Фота www.presseportal.de

Па ходзе эканамічнай стабілізацыі «Зялёны тыдзень» пачаў больш-менш нагадваць даваенныя часы. Пры гэтым ва ўмовах расколу Германіі мерапрыемства атрымала вялікае сімвалічнае значэнне. З 1961-га ў павільёнах, якія знаходзіліся ў Заходнім Берліне, была прадстаўленая і прадукцыя з Усходняй Германіі. Вялікі штуршок для развіцця выставы дала мода на лакальныя прадукты, якая пачалася на Захадзе ў 1970-я гады.
Нават не вельмі заможныя мясцовыя вытворцы, дзякуючы мерапрыемству, атрымалі магчымасць выходзіць на вялікі рынак. У той жа час у межах выставы ўзнікла і адукацыйная платформа. На сёння падчас кожнага «Зялёнага тыдня» праходзіць больш за 250 лекцый або практычных заняткаў. Пры выставе дзейнічае спецыяльны цэнтр для студэнтаў-аграрыяў.


Натуральна, новы этап у гісторыі «Зялёнага тыдня» пачаўся пасля аб’яднання Германіі. Па-сутнасці «Зялёны тыдзень» становіцца вялікай пляцоўкай для аграрыяў усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праз большую колькасць удзельнікаў плошчу кірмашу напрыканцы 1990-х гадоў давялося пашырыць да 160 тысяч квадратных метраў. Сама выстава перастала быць эпізадычнай з’явай. Яе ўдзельнікі падтрымліваюць сталыя кантакты і нават стварылі сваю валюту — «зялёныя грошы».

Нельга сказаць, што «Зялёны тыдзень» выклікае ў грамадстве выключна эйфарыю. Штогод каля ўваходу ў павільёны можна пабачыць пікеты пратэсту. Часцей за ўсё пратэстуюць супраць птушкафабрык, генных раслінаў, эксплуатацыі жывёлаў.

Між тым, змена клімату і рост генных тэхналогій надаюць «Зялёнаму тыдню» вымярэнне еўрапейскай лабараторыі хуткай прадуктовай рэвалюцыі. Тут прадстаўляюць самыя незвычайныя прадукты. На цяперашняй выставе можна было паспрабаваць катлеты з чарвякоў — лічынак мучнога жука. Вытворцы сцвярджаюць, што ў мучных чарвяках больш бялку, чым у мясе, ёсць і іншыя карысныя рэчывы. Пры гэтым іх развядзенне не шкодзіць экалогіі так, як традыцыйная сельская гаспадарка. Мучным чарвякам трэба менш корму і вады, і яны вылучаюць мала вуглякіслага газу.

Цяжка сказаць, ці трапяць тыя чарвякі ў наш рацыён. Аднак кулінарныя навацыі, гледзячы на экспазіцыі на «Зялёным тыдні», яўна непазбежныя.