Юбілею Каліноўскага прысвячаецца…
Вечарам 2 лютага ў Мінску на плошчы Незалежнасці адбыўся малебен за палітвязняў, прысвечаны 175-годдзю з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага (2 лютага 1838, вёска Мастаўляны Гродзенскага павета (зараз у Падляшскім ваяводстве Польшчы) — 22 сакавіка 1864, пляц Лукішкі, Вільня).

У малебне каля Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены) ўдзельнічалі каля 15 сябраў грамадскай ініцыятывы “За волю. Ля скульптурнай кампазіцыі з бронзы і граніту архангелу
Міхалу, які забівае змея, грамадскія актывісты запалілі знічкі свабоды каля партрэтаў палітвязняў, усклалі кветкі, памаліліся за ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі за свае грамадзянскія
перакананні, а таксама за іх родных і блізкіх, праспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа. Над плошчай прагрымеў заклік “Жыве Беларусь! і адказ на яго “Жыве з
Богам!.
У сваім выступе актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ Ніна Багінская адзначыла, што сёння беларусы адзначаюць 175-годдзе з дня нараджэння кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання
супраць расійскага царызму Кастуся Каліноўскага — змагара за волю народа. Паводле яе слоў, Каліноўскі увайшоў у гісторыю як знакаміты рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст, паэт і мысляр,
правадыр паўстання 1863-1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Багінская выказала надзею, што беларускі народ урэшце вызваліцца ад імперскага расійскага
прыгнёту.
Затым спадарыня Ніна ўзняла над галоўным пляцам сталіцы беларускі гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. За свой патрыятычны чын сцяганосец не аднойчы цярпела ад уладаў — яе збівалі,
затрымлівалі, судзілі, папярэджвалі, штрафавалі, арыштоўвалі і садзілі за краты. Цярпелі і зробленыя яе рукамі сцягі. Але Багінская зноў і зноў выходзіць на вуліцы і плошчы Мінска з сакральным
нацыянальным сімвалам, каб заявіць пра права беларусаў на нацыянальную адметнасць і ўласную гістарычную памяць.


Дарэчы, спадарыня Ніна прынесла на малебен зроблены сваімі рукамі партрэт Кастуся Каліноўскага з паролем паўстанцаў 1863 года: “Каго любіш? Люблю Беларусь. Так узаемна!, а таксама
фрагмент адзінага вядомага верша Яські-гаспадара з-пад Вільні, адрасаванага найперш яго нарачонай — Марыі Ямант, а праз яе і ўсяму “мужыцкаму народу.
Затым удзельнікі малебну прынялі ўдзел у VI Агульнанацыянальнай дыктоўцы па беларускай мове і пісалі тэкст паводле “Лістоў з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага.


Трэба адзначыць, што малебен за палітвязняў адбываецца больш за два гады і праводзіцца штовечар а 20.00 з 19 студзеня 2011 года каля Чырвонага касцёла, дзе 19 снежня 2010 года міліцыянты збівалі
дэманстрантаў — удзельнікаў шматтысячнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Дарэчы, 1 лютага аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і
грамадзянскіх ініцыятыў “Асамблея НДА ўручыла прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012 у намінацыі “Найлепшая “Новая ініцыятыва — грамадскай
ініцыятыве “За волю (за марафон салідарнасці “Свабоду палітвязням).
