Танкі Кастуся Каліноўскага

150-годдзе паўстання 1863–1864 гадоў не абышлі ўвагай польскія літаратары, якія працуюць у жанры альтэрнатыўнай гісторыі.   



380018_412781285453441_1724012676_n.jpg

Аказваецца гэты напрамак у Польшчы карыстаецца адносным поспехам. Існуюць нават цэлыя выданні накшталт «Narodowe Centrum Kultury», якія паслядоўна прапануюць свае версіі таго, якой магла быць рэальнасць, калі б гісторыя ў адзін са сваіх пераломных момантаў (так званы пункт біфуркацыі) пайшла па іншым шляху. Часам фантасты выдаюць, мякка кажучы, экстравагантны прадукт.
Напрыклад, восенню мінулага года вялікі рэзананс выклікала кніга «Wallenrod» (аўтар Марцін Вольскі). Твор Вольскага прысвечаны … перамозе Польшчы ў Другой сусветнай вайне. Галоўную ролю ў перамозе, паводле версіі Марціна, адыграў Юзаф Пілсудскі, які не памёр у 1938-м, а застаўся польскім начальнікам. Вольскі надзяляе Пілсудскага вялікімі вайсковым і дыпламатычным талентамі. Менавіта з яго падачы напрыканцы 1938 году Варшава і Берлін заключаюць пакт супраць камуністычнай экспансіі ў Еўропе. У сферу кантролю Берліна ў выніку пераходзяць Гданьск і Чэхія, а Польшча, у сваю чаргу, усталёўвае пратэктарат над Славакіяй
Пасля пачынаецца самае фантастычнае. Польска-нямецкі саюз становіцца фундаментам антыбальшавіцкага адзінства ўсіх народаў Усходняй Еўропы. Ужо на пачатку 1940 года прымаецца Варшаўскі пакт, падпісанты якога — усе дзяржавы рэгіёну плюс прадстаўнікі украінскай і беларускай антысталінскай апазіцыі. Не адкладваючы справу надоўга, арміі толькі што створанага блоку пераходзяць межы СССР. Напад заспявае Маскву знянацку. У Маскве хаос. Берыя забівае Сталіна і прывозіць у СССР у якасці альтэрнатывы з эміграцыі Троцкага. Але ў выніку анархіі да ўлады вяртаюцца Раманавы, якім адразу працягвае руку дапамогі Лондан. Гэта прымушае Гітлера і Пілсудскага даць загад сваім генералам — рушыць на Вялікабрытанію праз Францыю . 
У гэтым месцы фантазія Вольскага пачынае сапраўднае вывяржэнне. На дапамогу Вялікабрытаніі, якую акупавалі палякі і немцы, прыходзяць Злучаныя Штаты, якія робяць стаўку на атамную бомбу. У адказ Еўропа стварае сваю бомбу, палігонам выпрабавання якой мае быць цяперашні Чарнобыль (сюды з гэтай мэтай немцы заганяюць два мільёны яўрэяў). Аднак у апошні момант польскі лётчык (чамусьці ён належыць да сексуальных меншасцяў), які мае даставіць бомбу на палігон, кідае яе на рэзідэнцыю фюрэра. Смерць лідара Трэцяга рэйху выклікае грамадзянскую вайну ў Германіі, чым спрытна карыстаецца Пілсудскі. У выніку Польшча бярэ пад кантроль усю Еўропу. 
Як бачым, дэфіцыту фантазіі польскія пісьменнікі не маюць. Таму іхнія тэорыі паўстання 1863-га года таксама захапляюць. Напярэдадні яго 150-й гадавіны пабачылі свет дзве кніжкі —  «Gambit Wielopolskiego», якую напісаў Адам Пшэхшта, і «Арол, бялейшы за галубку»Конрада Левандоўскага
Кніга Пшэхшты апісвае, як паўстанне 1863-га году …не адбылося. Усё таму, што з ХХІІІ стагоддзя ў мінулае дасылаецца экспедыцыя, якая пераконвае ініцыятараў адмовіцца ад паўстання. Па сутнасці гэта псіхалагічная драма, калі два героі вымушаны прымаць фатальнае рашэнне наконт пачатку паўстання. У выніку яны вырашаюць, што для Польшчы будзе лепш, калі Аляксандр ІІ давядзе свае прагрэсіўныя рэформы да фіналу і знішчыць падставы для нараджэння камунізму. Польшча пры такім сцэнары не атрымлівае незалежнасць, аднак, паводле аўтара, яна ёй быццам і не вельмі патрэбна. У Расійскай імперыі польская меншасць становіцца нефармальнай палітычнай элітай. Сама Польшча атрымлівае аўтаномію, якая дазваляе ёй балансаваць паміж барбарскай Расіяй і Еўралэндам (аналаг Еўрасаюзу), дзе пануе поўная маральная і культурная дэградацыя. Дзякуючы такому статусу Польшча не стала ахвярай культурнай асіміляцыі з Захаду і Усходу, захаваўшы лепшыя традыцыі шляхты. Хіба з той розніцай, што яе прадстаўнікі носяць не шаблі, а шматфункцыянальныя гаджэты. Нават казакі, дасланыя ў край для паліцэйскіх функцый, інтэгруюцца ў польскую культуру і становяцца адносна цывілізаванымі.  
Для тых, каму хайтэкаўскія сцэны і псіхалагічныя гульні Адама Пшэхшты падаюцца сумнымі, прапануем разгарнуць кнігу Левандоўскага. Чытача чакае поўны экшан. Аўтар фантазіруе на тэму — якім быў бы стан паўстання на 1866 год. На гэты час, на яго думку, інсургенты не толькі б здолелі выстаяць перад націскам царскіх войскаў. Яны б самі перайшлі ў наступ па ўсіх франтах і адкінулі царскіх карнікаў на ўсход (фронт на трэці год паўстання праходзіць недзе за Бярэзінай). 
Такімі поспехамі паўстанцы абавязаны не толькі дыпламатычнаму раскладу: іх маральна і матэрыяльна падтрымалі Саксонія, Францыя, Данія і Аўстра-Венгрыя.  У іх ёсць геніяльны вайсковы стратэг. Здагадайцеся, хто гэта? Эмілія Плятэр. Увогуле Эмілія Плятэр была забітая яшчэ падчас паўстання 1830–1831 гадоў. Аднак, калі верыць Левандоўскаму, яна тады выжыла і праз 30 год кіруе генеральным вайсковым штабам адроджанай Рэчы Паспалітай. Яшчэ большы ўнёсак у перамогу патрыётаў, адпаведна аўтару, зрабіў Ігнацы Лукашэвіч. Калі хто не ведае, у гісторыі сапраўды існаваў такі чалавек — славуты польскі фармацэўт, хімік армянскага паходжання. Менавіта Ігнацыю Лукашэвічу належыць вынаходніцтва газы і газавай лямпы. 
Аднак на старонках кнігі Левандоўскага Лукашэвіч эксперыментуе не толькі з хімічнымі прэпаратамі. Ён выдумляе першы ў гісторыі правобраз танка, які называе «twardochod». Менавіта з дапамогаю цуда-тэхнікі, якая была зробленая напярэдадні паўстання ў глыбокім падполлі, паўстанцы выганяюць рускіх з тэрыторыі Польшчы. 
Дзякуючы прарывам у вобласці ВПК вызваленая Польшча як магніт прыцягвае да сябе вынаходнікаў з усёй планеты. Так, у Варшаву прыбывае будучы вынаходнік тэлеграфа Джэймс Максвэл і іншыя вядомыя вучоныя ХІХ стагоддзя. Праўда аўтар не захапляецца ура-патрыятызмам. Кніга заканчваецца трагедыяй. Амерыканскія вучоныя і еўрапейскія дыпламаты аказваюцца занадта прагматычнымі і ў рашучы час здраджваюць польскім саюзнікам. Паўстанне падаўленае.
Застаецца задацца пытаннем — як ставіцца да такіх твораў? Для чаго яны існуюць і якія трэнды ў грамадскім дыскурсе выклікаюць? Тут няма канчатковай пазіцыі. З аднаго боку, метафізіка гісторыі выяўляецца вельмі прымітыўна: вядучая роля ў гістарычным працэсе адводзіцца асобам, якія выходзяць за рамкі тагачаснага сацыяльна-эканамічнага фону. Так, ні Левандоўскі, ні Пшэхшта не ўзгадваюць сялянскае пытанне, якое было ключавым для лёсу паўстання 1863 году. Акрамя таго польскія альтэрнатыўныя гісторыкі яўна ідэалізуюць шляхецкую Польшчу. У Левандоўскага паўстанцы выкарыстоўваюць танкі, аднак у свядомасці засталіся ў часах Касцюшкі. 
Напэўна, такая літаратура сапраўды садзейнічае прымітыўнаму разуменню гісторыі і росту патрыятычных настрояў. З іншага боку, самі аўтары адразу падкрэсліваюць, што іх твор — гэта выдумка. Плюс нацыяналісты ненавідзяць гэты жанр фантастыкі за тое, што яго аўтары вольна абыходзяцца з недатыкальнымі культавымі персонамі польскага патрыятычнага міфу. Адным словам, дэбаты вакол альтэрнатыўнай гісторыі працягваюцца. Між тым набліжаецца гадавіна Першай сусветнай вайны, і можна не сумнявацца, што нас чакае буянне фантазіі «альтэрнатыўных гісторыкаў» не толькі ў Польшчы, аднак па ўсёй Еўропе.