«Каб не дэпутацтва, грошай зарабіла б у пяць разоў больш». Канапацкая і Анісім аб працы ў ПП

Ужо ў нядзелю 17 лістапада ў Беларусі выберуць новых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А значыць, праца ў Авальнай залі скончыцца для дзвюх апазіцыйных дэпутатак — Ганны Канапацкай і Алены Анісім. Сёлета яны зноў хацелі балатавацца ў парламент, але абедзвюх нават не зарэгістравалі ў якасці кандыдатак. «Свабода» папрасіла Канапацкую і Анісім падсумаваць іхную працу ў Палаце прадстаўнікоў.

d811c3b3_73ad_458a_b340_9b664e7cc2ca_w1023_r1_s_1.jpg

 

Што ўсё ж удалося зрабіць?

Алена Анісім. Я лічу, што дзейнасць была паспяховая. Чаму Лукашэнка ўвесь час кажа, што трэба ісці да людзей і слухаць іх? Таму што ўлада адгарадзілася ад людзей і жыве паводле прынцыпу: «мы», клас службоўцаў, чыноўнікаў, і «яны» — усе астатнія людзі, якія да іх прыходзяць з рознымі просьбамі. Часам чыноўнікі паводзяць сябе нават варожа да людзей.

Я дапамагла людзям з афармленнем дакументаў, з жыллём. Маладой сям’і дапамагла пазбавіцца статусу сацыяльна небяспечнай. У адным аграгарадку зрабілі пешаходны пераход, адзін дом вярнулі ў план капітальнага рамонту.

Нарэшце беларуская мова вернецца ў заканадаўчую сферу. Ужо два кодэксы — Аб шлюбе і сямʼі і Выбарчы — зацверджаныя экспертнай радай.

Ганна Канапацкая. Перш за ўсё заканатворчасць. Я прапанавала пакет заканадаўчых ініцыятыў па дэкрэце № 3 (дэкрэт пра дармаедства), змены ў Крымінальны кодэкс у частцы адмены лжэпрадпрымальніцтва, змяненне Выбарчага кодэксу, папраўкі ў законапраекты, ініцыяваныя Саўмінам.

Палата прадстаўнікоў, у прынцыпе, стала больш адкрытай. І нават у журналістаў з’явілася крыніца інфармацыі. Я сваім прыкладам паказала, якім павінен быць рэальны дэпутат рэальнага парламенту, што не страшна спрачацца з чыноўнікам нават самага высокага рангу.

 

Што б маглі зрабіць за гэтыя гады, калі б не сталі дэпутатамі?

Ганна Канапацкая. Гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Але, напэўна, я зарабіла б у пяць, калі не ў дзесяць разоў больш грошай. І ўсё роўна займалася б у тым ліку палітыкай. Можа быць, не так актыўна, як цяпер.

Алена Анісім. Я больш актыўна працавала б у сферы абароны правоў чалавека і беларускай мовы. Наўрад ці мне ўдалося б быць на міжнародным узроўні. Не ведаю, ці ўдалося б нам паўплываць на тое, каб беларуская мова вярнулася ў заканадаўства, але як старшыня ТБМ я была б не менш, а можа, і больш актыўнай, гэта факт.

 

Чаму беларускі парламент не працуе і як яго змяніць?

Ганна Канапацкая. Больш за палову дэпутатаў свята вераць, што заробак ім плаціць прэзідэнт. Яны не разумеюць, што калі не будзе заўтра падаткаплатніка, паслязаўтра чыноўнікі не будуць патрэбныя. Як толькі гэтае глабальнае разуменне прыйдзе, нешта зменіцца.

Адсутнічаюць незалежныя дэпутаты, рэальны парламентарызм. Хто ў беларускай палаце сёння не з сістэмы, акрамя мяне? Адсутнасць адвагі, жадання браць адказнасць і адсутнасць адказнасці перад выбарнікамі; няма разумення таго, хто такі дэпутат. Яны не разумеюць, што на працу іх наймае беларускі народ.

Нават калі 17 лістапада пройдуць сумленныя выбары, праблемы не вырашацца. Пры ўсёй павазе да тых людзей, якія ад апазіцыі ідуць у Палату прадстаўнікоў, яны да гэтага не гатовыя. Я прафесійны юрыст, ведала ўсе праблемы бізнесу, але я была не гатовая да працэдуры прыняцця заканадаўчых актаў. Дэпутат — гэта праца, якой у нас нідзе ніхто не вучыць, нават досведам не дзеляцца.

Алена Анісім. У нашай краіне няма нармальнага палітычнага жыцця. Усе гуляюць у нейкія гульні. А павінна быць абсалютна празрыста, каб працавалі партыі, нават калі іх будзе няшмат. Каб ішло змаганне за Беларусь, за яе перспектыву развіцця. А то зараз, не дай Бог, 8 снежня. І што? Пакуль не чуваць ніякіх галасоў, якім чынам мы будзем супрацьстаяць. На мае запыты Савет Міністраў у асобе Крутога (міністр эканомікі. — Рэд.) адказаў: не хвалюйцеся, ніякіх пагрозаў незалежнасці не будзе. А што будзе, якія дамоўленасці?

Каб штосьці змянілася, трэба, каб палітычныя партыі, грамадскія абʼяднанні падрыхтавалі ўсе законапраекты ці змены ў існыя законапраекты, якія лічаць неабходнымі, і, нягледзячы на тое, ёсць сярод дэпутатаў прадстаўнікі апазіцыі ці няма, прасоўвалі іх. Кожны прадстаўнік у Палаце, хоча ён таго ці не, мусіць быць палітычна падкаваным і актыўным. Магчыма, калі з’явяцца адыёзныя фігуры ў парламенце, то трэба ініцыяваць працэдуру іх адклікання.

 

Ці не адчуваеце вы, што вас проста выкарысталі?

Алена Анісім. Усе мы выкарыстоўваем і сітуацыю, і людзей, якіх мы ведаем, у розных мэтах. Нас выкарыстоўваюць партыі, калі клічуць на грамадскія акцыі. Калі нават улада і хацела выкарыстаць мяне ў нейкіх мэтах, то я скарысталася сваім дэпутацкім мандатам, каб зрабіць тое, што я лічу важным і патрэбным у грамадскім жыцці. Калі нехта лічыць, што я зрабіла нешта не так, то гэта ягонае права. Я лічу, што зрабіла максімум таго, што магла.

Ні ў якім разе не шкадавала, не шкадую і не буду шкадаваць, таму што гэта быў час інтэнсіўнай працы на беларушчыну.

Ганна Канапацкая. Нават калі ўлада хацела мяне выкарыстоўваць, я ёй гэтай магчымасці не дала.

www.svaboda.org