Калі вы захварэлі: парады доктара

Павел Васюкевіч, доктар з Мінска, які сёння працуе ў Германіі анестэзіёлагам-рэаніматолагам, дае парады пра тое, што кожны можа зрабіць для сябе, калі ў яго з’явіліся сімптомы прастуды.

1585661118_picfoto_mobil_92.jpg


— Я прапаную зыходзіць з таго, што любая прастуда, якая ў вас цяпер з’явілася — гэта каронавірус, — тлумачыць ён. — Дый каронавірус — гэта захворванне ў большасці сваёй не смяротнае, вылечнае, і многія не заўважаць, што ім перахварэлі. Калі ў вас з’явіліся якія-небудзь сімптомы прастуды: тэмпература 37, пяршыць у горле, насмарк — заставайцеся дома. Арганізм здаровага чалавека, калі яму стварыць мінімальна аптымальныя ўмовы, справіцца сам.

Аднак лекар падкрэслівае, што гаворка менавіта пра лёгкае цячэнне хваробы ў здаровых людзей і людзей з добра кантраляванымі медыкаментозна хранічнымі захворваннямі ў стадыі рэмісіі.

Пры гэтым Павел адзначае: не ўсе правільна разумеюць, што значыць стварыць аптымальныя ўмовы для выздараўлення.

— Гэта не значыць, што трэба наесціся, выпіць 100 грамаў, пайсці ў сауну і сесці на трактар. Гэта ўсё выдатна, калі вы здаровыя. Калі ж арганізм хварэе — гэта толькі нашкодзіць. Лазняй вы абязводжваеце арганізм, збіваеце тэрмарэгуляцыю, тое ж самае з абціраннем, з кантрасным душам — гэта не працуе. Падчас захворвання забудзьцеся пра меры загартоўвання — гэтыя захады прымаць позна.

Першае і галоўнае, што трэба зрабіць у гэтым выпадку — заставацца дома.

Павел Васюкевіч

Павел Васюкевіч


— Калі вы выйдзеце з дому, то вы заразіце наступнага чалавека, — адзначае лекар.

Павел Васюкевіч таксама не раіць ісці ў паліклініку, калі сімптомы хваробы лёгкія. Пры гэтым ён заклікае застацца дома, пры неабходнасці паспрабаваць атрымаць бальнічны па тэлефоне, а працадаўцам дазволіць не прыходзіць на працу з тэмпературай 37, не патрабаваць лішніх дакументаў.

— Не нагружайце паліклініку. За выдаткаваны на вас час лекары маглі б дапамагчы чалавеку, які задыхаецца, якому сапраўды трэба экстрана аказаць медыцынскую дапамогу. Вы самі сабе здольныя дапамагчы больш, чым сістэма аховы здароўя, якая можа пачаць захлынацца ад хворых.

Пры лёгкім цячэнні хваробы лекар раіць спачатку паспрабаваць справіцца з сітуацыяй самастойна. І калі не атрымаецца, тады звяртацца да медыкаў.

Тое ж самае тычыцца і бальніц. Лекар лічыць, што без неабходнасці не варта настойваць на шпіталізацыі:

— Памятаеце, на сёння лекаў ад каронавіруса не існуе. Вы самі дома можаце піць ваду, прымаць гарачкапаніжальныя прэпараты. А ісці ў бальніцу з тэмпературай 37 — гэта злачынства. Злачынства супраць сваіх жа суседзяў, сяброў, сваякоў, якія, можа быць, сапраўды маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

Да таго ж, трапляючы ў бальніцу, ёсць рызыка атрымаць звышінфекцыю на той вірус, які ў чалавека ўжо ёсць. А таксама атрымаць непатрэбнае лячэнне.

— Таму што няма стандарту лячэння, кожны лекар зыходзіць са свайго вопыту і магчымасцяў, якія яму дае сістэма аховы здароўя і бальніца ў прыватнасці, — тлумачыць Павел Васюкевіч. — Таму я вам не раю трапляць у эпідэмію ў бальніцу. Катэгарычна не раю. Гэта не толькі палегчыць працу дактароў, але і вы, калі ў вас лёгкае цячэнне хваробы, не падхопіце якую-небудзь суперінфекцыю, якая можа пагоршыць стан здароўя.

Што рабіць, калі вы захварэлі і застаяцеся дома?

Праветрывайце і ўвільгатняйце паветра. Тэмпература павінна быць набліжаная да 20 градусаў.

Максімальна абмяжуйце кантакты з хатнімі. Калі вы захварэлі, менавіта вы павінны насіць маску.

Піце шмат (гэты пункт не датычыцца людзей з нырачнай і сардэчнай недастатковасцю і хранічнымі захворваннямі). Сухі язык, сухія пакровы скуры сведчаць, што ў вас парушаны пітны рэжым.

Кантралюйце таксама мачавыпусканне. Калі мача цёмнага колеру — значыць, пітны рэжым парушаны, і трэба больш піць.

Ужывайце ежу з лёгка засваяльнымі вугляводамі (напрыклад, кашы). Калі няма апетыту, тады піце салодкія напоі (морсы, узвары, салодкую гарбату) — менавіта глюкоза з’яўляецца крыніцай энергіі. Пахуданне пакіньце на потым.

Не ляжыце, нават калі вам складана перасоўвацца. Пры руху вы стымулюеце харканне макроты і ачышчаеце дыхальныя шляхі ад назапашанай там слізі. Гэта важна, таму што ўскладненнем каронавіруса з’яўляецца пнеўманія.

Кантралюйце тэмпературу, частату дыхання, сардэчных скарачэнняў, артэрыяльны ціск.

Збівайце тэмпературу гарачкапаніжальнымі прэпаратамі ў стандартнай дазіроўцы. Памятаеце, лекаў ад каронавіруса няма! Калі тэмпература не зніжаецца, пракантралюйце свой пітны рэжым — у абязводжаным арганізме прэпарат не будзе працаваць. Калі ж з пітным рэжымам усё добра, а тэмпература не зніжаецца — гэта ўжо падстава звярнуцца да ўрача.

Нос павінен дыхаць. Інакш макрота будзе высыхаць і запасіцца ў лёгкіх (праз рот дыханне не ўвільгатняецца). Дыхаць носам дапамогуць сасудазвужальныя кроплі.

Таксама ўвільгатняйце нос, калі адчуваеце, што пасля кропель слізістая носа сухая. Для гэтага можна выкарыстоўваць спрэй (на літр вады тры грамы паваранай солі). Толькі не перастарайцеся, не трэба заліваць вялікую колькасць.

Праз пот сыходзяць электраліты, таму аднавіць іх страту дапамогуць электралітныя растворы. Раствор можна прыгатаваць і ў хатніх умовах: на літр звычайнай кіпячонай вады 3 грамы паваранай солі. Калі туды яшчэ дадаць цукар, атрымаецца ўжо глюкоза-электралітны раствор.

Не трэба піць соду! Гэта можа толькі пагоршыць стан.

Людзі, якія прымаюць лекі на працягу ўсяго жыцця (гіпертонікі, дыябетыкі, астматыкі) падчас эпідэміі не павінны спыняць прыём. Адзінае выключэнне — гэта інгібітары АПФ. Наконт іх парайцеся з вашым лекарам.

Асцярожней з адхарквальнымі сродкамі. Калі вы недастаткова п’яце, але карыстаецеся адхарквальныя сродкі, яны, як дыурэтыкі, будуць выводзіць ваду з вашага арганізма, толькі не праз ныркі, а праз лёгкія. Так з’яўляецца вялікая колькасць макроты, кашаль раздражняе слізістую і павялічвае запаленне. Каб знізіць непрадуктыўны кашаль, дастаткова пітва і змякчальных посцілак, якія памяншаюць раздражненне верхніх дыхальных шляхоў.

Заўсёды заставайцеся на сувязі. Зрабіце так, каб быць даступным і ў выпадку неабходнасці папрасіць пра дапамогу.

І хутчэйшага выздараўлення!

Паводле gazetaby.com, пераклад НЧ