Калі змаганне за зуб мае сэнс і перспектыву
Мы працягваем публікаваць парады сківічна-тваравага хірурга, якія, магчыма, будуць карысныя нашым чытачам.
![394606069b4462c9af80b5ccbc7d720b.jpg 394606069b4462c9af80b5ccbc7d720b.jpg](/img/v1/images/394606069b4462c9af80b5ccbc7d720b.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www.mkivanovo.ru
Як гэта не дзіўна, але па кожным пытанні грамадства мае не меней як два меркаванні, а найчасцей — значна больш. Не выключэнне і сітуацыя з выдаленнем зубоў. Крывая размеркавання пазіцый шырока раскінулася: ад «выдаляйце, я лепей новы ўстаўлю» з нагоды дэфекту пломбы да «не, я паспрабую зуб выратаваць» пры флегмоне дна рота і пагрозе прарыву гною ў сардэчную сумку.
Вядома, беларускае заканадаўства гарантуе, што да моманту абвяшчэння смяротнага прысуду кожны грамадзянін мае права памерці самастойна, у тым ліку і ад зубоў і звязаных з імі праблем, адмовіўшыся выдаляць вінаваты орган. Таму далейшы тэкст — для тых, хто жадае разабрацца ў пытанні пры дапамозе логікі і элементаў медычных ведаў.
Ідэал і паталогія
Прырода запланавала для кожнага два шэрагі зубоў, у якіх зубы стаяць «плячо ў плячо» ад краю да краю сківіцы, і кожны зуб (за выключэннем ніжніх цэнтральных ды верхніх кутніх) мае кантакт з двума зубамі супрацьлеглай сківіцы, прычым бугры і ямкі ўзаемна дапасуюцца, як ключык да замка. Кожны зуб — гэта каронка, якую мы бачым у роце, і корань, які сядзіць у сківіцы, і гэты корань удвая даўжэйшы за каронку, каб зуб вытрымліваў усе магчымыя функцыянальныя нагрузкі годна і эфектыўна.
Паталагічныя працэсы, што вядуць да страты зубоў, бываюць трох відаў:
- вострая траўма накшталт удару ў зубы\сківіцу ці падзення на зубы;
- несвоечасова ці некваліфікавана лечаны карыес і яго ўскладненні;
- расхістванне зубоў праз хваробы апорных тканак, калі зуб высоўваецца з косткі ці костка вакол зуба рассмоктваецца.
Асабняком стаяць зубы мудрасці, якія ў дадатак маюць уласныя асаблівасці прарэзвання, але нярэдка фігуруюць і ў трох згаданых катэгорыях.
Паказанні для выдалення
У кожнай катэгорыі паталагічных працэсаў ёсць зубы, якія варта ратаваць, і зубы, з якімі варта развітацца.
Неадкладна і адназначна мусяць быць выдаленыя зубы, якія ўяўляюць пагрозу для агульнага здароўя чалавека.
Найперш гэта зубы, праз якія развіліся гнойныя запаленчыя працэсы мяккіх тканак твару і шыі, а таксама — прычынныя зубы ў выпадку запалення сківічнай косткі. Вылечыцца без выдалення зуба ў такім разе немагчыма, зацягванне з выдаленнем ставіць пад пагрозу жыццё, у лепшым выпадку — узнагародзіць вас хранічным запаленнем сківічнай косткі, якое будзе гадамі ўкладваць вас у лякарню штовесну і штовосень ды пакідаць на памяць знакі ад разрэзаў і свішчоў.
Другое месца належыць зубам, якія замінаюць вашым ныркам, суставам ды сэрцу, а таксама з’яўляюцца перашкодай да планавай аперацыі.
Выпадак з маёй практыкі. Чалавек захварэў на эндакардыт — цяжкую сардэчную хваробу. Тэмпература пад трыццаць дзевяць на фоне ўнутрывеннага ўвядзення антыбіётыкаў цягам тыдняў прымусіла ўрэшце кардыёлагаў зазірнуць пацыенту ў зубы і паклікаць стаматолага. У першы дзень пацыенту выдалілі 4 ці 5 разбураных карыесам зубоў. Ужо ўвечары тэмпература была каля 37,5. Праз два дні выдалілі яшчэ некалькі зубоў — тэмпература нармалізавалася, санацыю завяршылі трэцім захадам, пацыент адужаў і быў выпісаны на амбулаторнае лячэнне.
Самае павучальнае ў гэтай гісторыі, што апошнія некалькі гадоў зубы ў роце ціхенька разбураліся, але не балелі, і пацыент цешыў сабе думкай, што зубы ў яго ёсць, пакуль міна хранічнай інфекцыі не спрацавала, ледзьве не выправіўшы нестарога яшчэ дзядзьку да Адама на піва.
Наяўнасць хранічнай зубной інфекцыі таксама падтрымлівае рэўматычныя праблемы суставаў і некаторыя хваробы нырак.
Перад кожнай планавай аперацыяй абавязкова саніраваць усе хранічныя інфекцыі, ад карыесу да грыбкоў на пазногцях. Рызыкаваць сэпсісам (заражэннем крыві) не мусяць ні адэкватныя лекары, ні асцярожныя пацыенты.
![Фота www.zwonok.net Фота www.zwonok.net](/img/v1/images/2012_08_04_rim.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www.zwonok.net
Трэцяе ганаровае месца належыць зубам-дыверсантам, на каранях якіх пачынаецца і паступова захоплівае ўсё большую тэрыторыю хранічны запаленчы працэс — кіста. Асаблівасць кісты ў тым, што яна моўчкі расце, і рост яе можна спыніць толькі хірургічным шляхам. Калі своечасова не спыніць — дойдзе да разбурэння значнай часткі сківіцы, страты не аднаго, а некалькіх зубоў, хранічнага гаймарыту, паталагічнага пералому сківіцы…
Вось тады думка пра тое, што можна было ўсяго толькі выдаліць адзін зуб і пазбегнуць сур’ёзных праблем, абавязкова наведае ўпартую галаву. Ці толькі не запозна будзе.
Што можна захаваць
Зубы, вартыя змагання, — гэта байцы, чыя страчаная жавальная эфектыўнасць можа быць адноўленая без рызыкі пашкодзіць арганізму (пункт 3).
Сфармулюю «Правіла траціны»: можна спадзявацца захаваць зуб, пашкоджаны не больш як на 1\3 даўжыні.
Расшыфроўваецца гэта так. Падзелім зуб на ўмоўныя тры часткі: каронка, каронкавая палова кораня і верхавінкавая палова кораня. Цяпер уявім сабе наступства нялечанага карыесу — гранулёму ці невялічкую кісту на верхавіне зуба. Калі разбураная костка вакол верхавіны ахапіла зубны корань на 1\4 — 1\3 — ёсць спосабы ўратаваць зуб, выдаліўшы сам ачаг інфекцыі. Болей за палову — сэнсу важдацца фактычна няма. Няма сэнсу поркацца і тады, калі, у дадатак да гранулёмы, каронка значна разбураная, альбо дзясна і костка вакол шыйкі аселі. Паважайце фізіку: пры аперацыі корань зуба ўкарочваецца, а «правіла рычага» ніхто адмяніць не ў стане.
Дапусцім, што зуб расхістаўся, корань пачынае агаляцца, дзясна асела, утварыліся косныя «кішэні». Калі верхавінкавая палова ў добрай костцы без ніякіх гранулём, а каронка зуба добра захавалася, ёсць шэраг мераў па спыненні разбурэння косткі і стабілізацыі зуба. Але, зноў жа, сэнс у гэтым будзе толькі тады, калі разбурэнне не дайшло да паловы, а іншыя часткі зуба ў норме.
Калі вы зламалі зуб (адламалася каронка), але дзясна вакол зуба здаровая, «кішэняў» няма, і вакол верхавіны кораня таксама здаровая костка — у вас добрыя шанцы на аднаўленне былой велічы (прынамсі, у аднакаранёвых зубах ротавага «фасада»). Але пратэзіст не стане брацца за аднаўленне зуба, калі корань не ў ідэальным стане.
![На малюнку: норма; тры варыянты паталогіі, калі зуб варта ратаваць; безнадзейны зуб. На малюнку: норма; тры варыянты паталогіі, калі зуб варта ратаваць; безнадзейны зуб.](/img/v1/images/zuby.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На малюнку: норма; тры варыянты паталогіі, калі зуб варта ратаваць; безнадзейны зуб.
А калі ўсё ж такі паспрабаваць уратаваць зуб, хворы больш, чым на траціну?
За ўласныя грошы вы можаце спрабаваць амаль бясконца. Можа стацца, ваш зуб прабудзе з вамі яшчэ колькі месяцаў ці нават гадоў. Гэта мае сэнс тады, калі адтэрміноўка патрэбная: напрыклад, расце сківіца, і захаванне зуба — спосаб прафілактыкі парушэння прыкусу, альбо вам праз тыдзень замуж.
Але найчасцей гэта — выкінутыя грошы, асабліва тады, калі пакінутыя «сумнеўныя» зубы — ключавыя для выбару канструкцыі пратэза. Калі, не вытрымаўшы нагрузкі «за сябе і за таго хлопца», зуб здаецца — можа аказацца, што ў «плявашку» выправіцца і ўся прыгажосць, якую вы панасілі пару месяцаў. А значыць, трэба добра падумаць, перш чым ратаваць «шарагоўца Раяна». Не хварэйце.