“Калі тое, што робіцца пад Дэбальцавам, гэта перамір’е, то што тады вайна?"
Як выглядае рэжым спынення агню Еўрарадыё распавядаюць непасрэдныя сведкі яго дзеяння проста з зоны канфлікту на Данбасе.
З 15 лютага на Данбасе, адпаведна з мінскімі дамоўленасцямі “нармандскай чацвёркі”, дзейнічае рэжым спынення агню. Як на самой справе гэты рэжым выконваецца, Еўрарадыё распавядаюць людзі, які знаходзяцца непасрэдна на лініі фронту.
“Сёння ў абед мы забіралі байцоў параненых з-пад Дэбальцава і на ўласныя вушы чулі, як гэты агонь спыніўся, – распавядае намеснік начальніка штаба Абароны Марыупаля Яўген Сцепаненка. – Прычым, сур’ёзныя калібры, цяжкая артылерыя – ствольная артылерыя і РСЗО працуюць на поўную катушку. Сёння, падчас спробы праехаць ў Папасную непадалёк ад Дэбальцава перад намі адпрацаваў “Град” проста па дарозе. Зараз я з Першым дабравольчым мабільным шпіталем знаходжуся ў Арцёмаўску – сёння ў раён Арцёмаўска “прылятала” нешта цяжкое, на 150-200 міліметраў. Відавочна, што па ўскрайкам Арцёмаўска вялі агонь”.
І стомленым голасам пералічвае навіны з суседніх з Арцёмаўскам мясцін.
Яўген Сцепаненка: “У Дэбальцава сёння прамым пападаннем цалкам разбурыла будынак гарсавета. У Шчасце мінамётная міна патрапіла ў шпіталь і ён зараз не функцыянуе – вывезлі ўсіх параненых і хворых, размяркоўваюць іх па іншых шпіталях. У Папасную не праехаць, бо дарога прастрэльваецца. А там да 4 тысяч мірных жыхароў засталося, сярод якіх дзесьці 200 дзяцей, сталы людзі і медыкі там проста “зашываюца”. Ніхто з таго боку ні на ёту выконваць нейкія пагадненні, спыняць агонь і завяршаць вайну – ніякага спынення агню няма!”
Валанцёр, каардынатар “Арміі-SOS” Юрый Касьянаў адказвае на пытанні пад гукі выбухаў:
“Я зараз у полі і банальна стараюся ўратаваць сваю скуру – у нас на поўніцу ідзе вайна. Зараз проста забіваюць людзей, якія знаходзяцца ў Дэбальцава. Для гэтага прымяняюцца ўсе віды зброі: танкі, дзейнічаюць расійскія мотастралковыя брыгады, працуе расійская артылерыя. Гэта самае натуральнае ўварванне. Што яшчэ – трэба, каб яны перайшлі мяжу і захапілі Харкаў, каб сказаць, што гэта ўварванне?!”
Словы валанцёра пацвярджае танкіст Аляксей Чабан, які таксама знаходзіцца непадалёк ад Дэбальцава.
Аляксей Чабан: “У раёне Дэбальцава ідуць вельмі жорсткія баі, вельмі. З прымяненнем усіх відаў узбраення, якія толькі можна прымяніць”…
Не суцяшальныя навіны і ў яшчэ аднаго валанцёра – Таццяна Рычкова апошнія некалькі дзён матаецца ўздоўж усёй лініі супрацьстаяння ўкраінскіх ваенных і сепаратаыстаў.
Таццяна Рычкова: “Зараз у сектары “М” і сектары “С” – гэта Дэбальцава і Марыупаль, яны нічога не спыняюць. Гэта крыху слабей, але агонь яны не спыняюць. У сектары “В” – гэта Данецкая вобласць, аэрапорт і побач з Данецкам, то там артылерыю не выкарыстоўваюць, але затое ідуць бясконцыя паходы пяхоты. Бясконцыя, штоноч! Можа, гэта нейкая разведка, але такія групы не маленькія ідуць. І таму сказаць, каб яны там нешта выконвалі, то я б так не сказала”.
Таццяна абураецца: “Дзе гэтыя назіральнікі з АБСЕ – яны мусяць у гэты час быць у раёне Дэбальцава і назіраць!” Дзе зараз манірорынгавая місія АБСЕ і сапраўды не вядома – "Еўрарадые" ад абеду спрабуе дателефанавацца да сябраў гэтай місіі, але нумар упарта недасяжны. Хаця, сувязь з тым раёнам, хай і “плаваючая”, але ёсць. І наша размова з Таццянай Рычковай таму доказ.
Блжэй да апоўначы на старонцы Таццяны ў сацсетках з'явіўся запіс: "Нашы пазіцыі абстралялі "Градамі". Відаць, цішыня сепарам надакучыла. Горш за ўсё, што мірныя жыхары пачалі прыязжаць за асбістымі рэчамі ў надзеі на мір. Пачакайце, тут па-ранейшаму небяспечна"...
Крыху суцяшае размова з артылерыстам-разведчыкам Аляксандрам Алімавым. Ён зараз знаходзіцца “на участку фронту паміж Данецкам і Марыупалем” – там ужо два дні ціха.
Аляксандр Алімаў: “Як перамір’е пачалося, так і пачалася цішыня. Мы, праўда, напярэдадні гэтага перамір’я насыпалі ім дужа добра – каб у іх не было жадання. І зараз ужо два дні ціха, нічога не свісціць. Але ў нас напэўна ціха таму, што насупраць нас сепаратыстаў няма – супраць нас канкрэтна брыгада расійская стаіць. Так у іх усё па камандзе: раз-два і цішыня. А там, дзе сепаратысты ці казакі ёсць, то ім усё адно… Па-сутнасці, перамір’я прытрымліваюцца толькі рэгулярныя расійскія войскі, а астатнія – хто як”.
А што ўкраінскі бок – няўжо цярпліва вытрымлівае абстрэлы і не дае “атветкі”. Па словах Юрыя Касьянава, украінскі бок адказ дае, але “сілы вельмі няроўныя”. Тое ж кажа і Яўген Сцепаненка.
Яўген Сцепаненка: “Атветкі” артылерыяй не даецца – толькі стралковая зброя. Калі ідзе канкрэтна напад на блок-пост, то толькі тады вядзем агонь у адказ. Прычым, з лёгкіх відаў узбраення – артылерыя ці мінамёты, калібрам не больш за 100 міліметраў. У адказ зараз мы не прымяняем ні “Грады”, ні “Ураганы”, ні “Смерчы” – нічога”.
А таму, пагаджаюцца ўсе суразмоўцы "Еўрарадыё", казаць пра магчымасць пераходу да другога пункту мінскіх пагадненняў і пачынаць адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі фронту, пакуль не выпадае. “Вось, калі б было ціха па ўсім фронце хаця б дзён 5–7”… — разважае танкіст Аляксей Чабан. А Юрый Касьянаў увогуле упэўнены, што ні пра нейкія адводы трэба разважаць, а думаць пра увядзення ваеннага становішча ў краіне…