Літоўскі дэпутат пра сепаратыстаў у Facebook: Спецслужбы Расіі правяраюць свае ідэі

Чаму ў Літве так напалохаліся «віртуальных сепаратыстаў»?

У канцы студзеня ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук з'явілася суполка «Віленская народная рэспубліка». Стваральнікі патрабуюць аддзялення Віленшчыны ад Літвы па аналогіі з ЛНР і ДНР. Дэпутат Сейму Арвідас Анушаўскас звярнуўся ў пракуратуру з просьбай ацаніць правамернасць гэтых патрабаванняў.


Арвідас Анушаўскас: У нашы часы сацыяльныя сеткі з'яўляюцца інструментам той жа інфармацыйнай вайны, якім карыстаюцца спецслужбы. У гэтым выпадку, думаю, расейскія спецслужбы выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для адаптавання і прайгравання сваіх ідэй. Бо пра Віленскую Народную Рэспубліку інфармацыя ў сацсетках з'явілася ў той жа час, калі з'явілася інфармацыя пра Балтыйскую Рускую Рэспубліку ў Эстоніі і Латгальскую – у Латвіі. Усё гэта супадае і па часе, і па кантэксце. Дарэчы, тыя ж людзі, якім падабаюцца ў сацсетках гэтыя групы, таксама часткова супадаюць.

Белсат: Стваральнікі ставяць неадназначную мэту – зялёныя чалавечкі з Польшчы на тэрыторыі Літвы. Пры гэтым Польшча катэгарычна не падтрымлівае сепаратысцкія рухі ва Украіне.

Арвідас Анушаўскас: Гэта звязана, па-першае, з тым метадам, які 25 гадоў таму выкарыстоўваўся ў Літве. Так званыя «чырвоныя аўтаноміі» тады падтрымоўваліся Масквой. Не прыдумалі нічога новага, як ужыць тую ж «польскую карту». Але рука ўсё роўна бачная, тая ж самая, хіба, яны проста прыстасаваліся да сітуацыі. Такія б групы на польскай мове для Эстоніі ці Латвіі выглядалі б дзіўна. А ў Літве – цалкам лагічна. Хаця ніхто не пытаецца ў гэтых нацменшасцяў, ці хочуць яны быць выкарыстанымі ў такім кантэксце.

Белсат: Суполка сабрала 2 тысячы лайкаў. Як думаеце: гэта рэальныя асобы? І ці ёсць магчымасць, што нехта з Літвы сапраўды падтрымае такую суполку?

Арвідас Анушаўскас: Я прагледзеў суполку. Частка – гэта ананімныя карыстальнікі. Частка – сапраўды, рэальныя людзі, з Польшчы. Самі палякі пра іх кажуць, што гэтыя людзі вядомыя, і яны радыкальна настроеныя прыхільнікі Пуціна. Там такія таксама ёсць. Яны сімвалічна падтрымліваюць ініцыятывы спецслужбаў. Звярнуўся ў пракуратуру, каб пачалі расследаванне. Каб не казалі, што Літва ігнаруе тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках, таму што адкрытыя заклікі да гвалту, да барацьбы з літоўскай дзяржавы. У Літве гэта караецца законам.

Белсат: Як вы ўзгадалі, прыкладна ў той жа час з'явіліся падобныя суполкі «Эстонскай Рэспублікі» і «Латгальскай Рэспублікі». Як лічыце, чаму менавіта зараз?

Арвідас Анушаўскас: Думаю, час выбраны невыпадкова: гэта звязана з сітуацыяй, якая склалася вакол украіна-расейскага канфлікту. Напружанне патрэбнае і ў гэтым рэгіёне. На маю думку, гэта толькі адзін з элементаў, якія выкарыстоўваюцца ў інфармацыйнай вайне. Але як паведамляецца ў абноўленай расейскай вайсковай дактрыне, цяперашняя вайна – гэта вайна не толькі са зброяй у руках, але і з выкарыстоўваннем эканамічных, палітычных, дыпламатычных, інфармацыйных і іншых сродкаў.