Камісія па справах непаўналетніх учыніла расправу над удзельнікам акцый пратэсту

Калі бацька Арсенія прыходзіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, то ўбачыў, што на рапарце міліцыянта ўверсе алоўкам падпісана: «Разбіральніцтва праводзіць пасля выбараў!!!»

arsenij_dziadok_kalia_kamisii.jpg

23 студзеня прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Савецкага раёна г. Мінска ў дачыненні да Арсенія Дзядка — 17-гадовага моладзевага актывіста. Ён мае 4 пратаколы, складзеныя па артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і чакае яшчэ некалькі.

Арсеній паведаміў «Вясне», што сам трохі заблытаўся, як адзін з пратаколаў вынікае з іншага і як яны звязаны паміж сабой. Паспрабуем разабрацца.

 

Пратакол першы

Старшыня камісіі Аксана Ласіцкая зачытала матэрыялы справы, згодна з якімі 8 лістапада 2019 года з 18 да 19.30 на плошчы Свабоды Арсені Дзядок прымаў актыўны ўдзел у пікетаванні. Для пацвярджэння было прадэманстравана відэа, дзе Арсеній робіць прамову ў гукаўзмацняльнік.

Прэтэнзіі камісіі заключаюцца ў тым, што Арсеній такім чынам прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, бо яно было не дазволена Мінгарвыканкамам, але ў хлопца іншы погляд на гэта:

«На плошчы Свабоды ў гэты час праводзіўся цэлы парад перадвыбарчых пікетаў: там былі прадстаўнікі ад апазіцыі і ад улады. Сярод іх быў і пікет Алены Талстой ад партыі БНФ. І ў межах гэтага пікета я і выступіў. І мая прамова цалкам супадала з перадвыбарчай агітацыйнай праграмай Алены Талстой».

«Мы знаходзімся ў межах прававога поля», — падкрэсліла старшыня камісіі і прапанавала не ўдавацца ў палітыку.

Аляксандр Дзядок, бацька Арсенія і яго законны прадстаўнік, спытаў у камісіі, у чым жа тут палягае парушэнне? Бо пікет праводзіўся ў межах перадвыбарчай агітацыі.

«Якім чынам па пратаколах афіцыйна дазволеных мерапрыемстваў пікет пераўтвараецца ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?» — спытаў ён у камісіі некалькі разоў.

«Супрацоўнікі РУУС тлумачаць: у гэты дзень афіцыйна заяўленых пікетаў не было», — адказала Аксана Ласіцкая.

Тады Арсеній удакладніў у старшыні камісіі, ці сапраўды яна з’яўляецца прадстаўніцай Белай Русі. Удасканаліўшыся ў гэтым, ён працягнуў:

«У тым парадзе пікетаў быў пікет і ад Белай Русі. Але калі Мінгарвыканкам сказаў, што пікетаў там не праводзілася, то што тады праводзіла там Белая Русь?»

І напрыканцы хлопец запатрабаваў выклікаць у якасці сведкі на пасяджэнне камісіі Алену Талстую. Бо у яе як у былой кандыдаткі ў дэпутаты ёсць доказы, што яна праводзіла свой пікет у межах выбарчага кодэкса (таму, адпаведна, пікет не падпадае пад вызначэнне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Рашэнне камісіі: адкласці разгляд пратакола з-за хадайніцтва аб выкліку Алены Талстой у якасці сведкі.

 

arseni_dziadok_na_kamisii.jpg

  Пратакол другі

У наступнай частцы Арсенія Дзядка вінавацяць у тым, што ён здзейсніў публічны заклік да ўдзелу у несанкцыянаваным масавым мерапрыемствы. Гэта, наколькі хлопец сам змог разабрацца, вынікае з дзвюх падзей.

Па-першае, падчас свайго выступу 8 лістапада на плошчы Свабоды ён заклікаў у гукаўзмацняльнік прыйсці на акцыю 15 лістапада. Такі пратакол склаў міліцыянт Сайко, прыйшоўшы неяк увечары дамоў да Дзядкоў. Але бацька Арсенія лічыць, што пратакол быў складзены няправільна. Так, Сайко напісаў, што Дзялок ад дачы паказанняў адмовіўся, а бацька ж сцвярджае, што паспрабаваў перадамовіцца аб сустрэчы з міліцыянтам на іншы час, бо побач не было адваката.

А па-другое, маецца складзены старшы лейтэнантам Прыходзькам рапарт, дзе пазначана, што ён «у выніку маніторынгу інтэрнэт-сайта charter97.org выявіў артыкул з заклікам [ад] Дзядка Арсенія».

Арсеній пацвердзіў, што словы, апублікаваныя на сайце, сапраўды належаць яму, але звярнуў увагу камісіі на істотную асаблівасць:

«Распаўсюджвальнікам з’яўляецца партал, а не я. Я не маю дачынення да сайта і не з’яўляюся яго рэдактарам. І мне вельмі цікава, чаму старшы лейтэнант Прыходзька менавіта ў гэты дзень зайшоў менавіта на гэты партал, які на Беларусі, дарэчы, з’яўляецца заблакаваным».

Дзіўным таксама з’яўляецца адна асаблівасць: калі бацька Арсенія прыходзіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, то ўбачыў, што на гэтым рапарце ўверсе алоўкам падпісана: «Разбіральніцтва праводзіць пасля выбараў!!!». Ён зрабіў фота. 

rapart_arseni_dziadok_1.jpg


«Гэта загад да дзеянняў?» — спытаў бацька у старшыні камісіі, але тая адказала, што гэта камісіі не датычыцца.

Рашэнне камісіі: перанесці пасяджэнне ў сувязі з неабходнасцю выклікаць міліцыянта Сайко, каб той даў тлумачэнне сваім дзеянням.

 

Пратакол трэці

 

8 снежня 2019 года ў 15 гадзін Арсеній Дзядок быў заўважаны каля пасольства Расейскай Федэрацыі.

Разбіральніцтва па гэтым эпізодзе прайшло менш, чым па астатніх — усяго за некалькі хвілін. Так, камісія запыталася ў Дзядка, ці быў ён на гэтым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Быў, але віну не прызнаю», — адказаў адразу хлопец.

Акрамя гэтага, зачыталі характарыстыку з універсітэта, дзе вучыцца Арсеній. З яе вынікае, што хлопец — добрасумленны студэнт, не прапускае заняткаў і мае добры кантакт з калектывам. Здаў сесію на станоўчыя адзнакі, якія былі таксама агучаны.

«А чаму ж вы гісторыю Беларусі здалі ўсяго на 5 балаў?» — раптам запыталі з камісіі.

«Рэйтынгавая сістэма перашкодзіла», — адказаў хлопец. 

Рашэнне камісіі:З улікам станоўчай характарыстыкі камісія вырашыла не падвяргаць Арсенія адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і вынесла яму папярэджанне.

 

prava_rebenka_komisija.jpg

  

Пратакол чацвёрты 

7 снежня Арсеній Дзядок знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы. Камісія спытала, з якой прычыны ён там быў?

«Прыйшоў папіць гарбаты, зараджаўся навагоднім настроем», — адказаў хлопец.

Пытанне ў камісіі ўзнікла да таго, чаму хлопец трымаўся за рукі?

Арсеній патлумачыў, што вакол Навагодняй ёлкі ён вадзіў карагод, а каля праспекту ён трымаўся за рукі, каб «не згубіць чаргу ў чаканні аўтобуса».

«Перад навагоднімі святамі прыехала шмат людзей, і таму былі праблемы з транспартам», — распавёў Арсеній камісіі.

«Колькі жыву ў Мінску, ніколі не бачыла чаргі на транспарт», — падзялілася меркаваннем адна з сябраў камісіі.

Рашэнне камісіі: адкласці пасяджэнне, каб запрасіць сведкаў-супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя патлумачылі, што ж там адбылося.

Наступнае пасяджэнне камісіі адбудзецца 27 студзеня у 15.00.

«Дзеля таго і створана камісія па справах непаўнагадовых, каб ніводны непаўнагадовы не быў прыцягнуты да адказнасці незаконна», — падкрэсліла старшыня камісіі.