«Кампанія невялікая, але вельмі паважная»
Сёлетняе шэсце на Дзяды прыпала менавіта ў гэты дзень — Дзень памяці продкаў. Акцыя была надзвычай малаколькаснай. Але, як кажуць, важная не колькасць, а якасць.
Па падліках журналістаў, напачатку акцыі колькасць яе ўдзельнікаў складала каля 200 чалавек. Вядома, што пад час шэсця людзі да яго далучаюцца — гэта звычайны закон масавых мерапрыемстваў. Але гэтым разам колькасць удзельнікаў вырасла максімум удвая. 400 чалавек — гэта вельмі мала для традыцыйнай і дазволенай уладамі акцыі.
Тым не менш, у гэтых Дзядоў былі і свае адметныя «фішкі». Найперш, журналісты амаль упершыню пабачылі, што міліцыя і іншыя службы, з якімі арганізатары напярэдадні шэсця заключаюць кантракт на абслугоўванн масавага мерапрыемства, не проста так збіраюць гэтыя грошы. Перад калонай на адлегласці метраў 300 ад яе «галавы» нейкі час, прыкладна палову шляху, ехаў беленькі мікрабусік з надпісам «сапёрна-піратэхнічная служба». Перыядычна з гэтага бусіку выскоквалі міліцыянты, шуравалі ў сметніцах ды розных скрынях для захоўвання пяску — ці няма там нейкай выбухоўкі? Выбухоўкі не аказвалася, машына рушыла далей.
Гэтым разам да Дзядоў далучыліся і сапёры
Яшчэ адна тэхнічная навінка, якой абзавялася міліцыя: машына відэафіксацыі, з камерамі і гукапрыймачамі на даху. Гэтае аўто суправаджала калону ўвесь час, аж да Курапатаў. Канешне, на акцыі таксама прысутнічалі і звыклыя відэааператары «міліцэйскага тэлебачання», але хуткасць прагрэсу не можа не радаваць. Пэўна, у далейшым акцыі будуць абслугоўваць такія «дроны», і ад аператараў пазбавяцца.
Міліцыя абзавялася новенькай тэхнікай
Разам з малой колькасцю людзей здзіўляе абыякавасць беларусаў. Па-першае, у шэсці лунала толькі пара-тройка ўкраінскіх сцягоў. Раз-пораз удзельнікі акцыі выгуквалі: «Слава Украіне! — Героям слава!». Але ўсё ж такі дэмакратычна скіраваны народ не скарыстаўся гэтай дазволенай акцыяй, каб выказаць падтрымку Украіне.
Па-другое, здзіўляе нейкая абыякавасць мінакоў. Усе сацыёлагі кажуць, што «грамадства на фоне падзеяў ва Украіне абудзілася, палярызавалася», і гэтак далей. Шкада, што ў наяўнасці гэтага не бачна. Нават больш: калі раней па хадзе шэсця да мітынгоўцаў чапляліся з размовамі кшталту «малайцы, што продкаў памятаеце», альбо «колькі вам за гэта плоцяць», то зараз амаль не было і гэтага. Толькі разочак з калоны вывелі нейкага гаварлівага «ватніка», ды паказалі шлях нейкаму нецвярозаму бадзяге, каб ён абыйшоў шэсце ўбаку. А так народ дзівіўся, і, не кажучы ні «за», ні «супраць», ішоў сабе далей, па сваіх справах.
Дзяды — Дзядамі, а гандаль працуе, як звычайна
Праўда, прыкладна ў 12:25 былі затрыманыя міліцыяй Сяржук Бахун і яшчэ адзін з удзельнікаў акцыі. Яны адлучыліся ад шэсця і накіроўваліся ў метро. Але, як стала вядома пазней, гэта было «кораткатэрміновае» затрыманне, і абодва былі вызваленыя без наступстваў.
Так, без асаблівых эксцэсаў, удзельнікі мерапрыемства прыйшлі ў Курапаты, дзе быў традыцыйна зачытаны зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, які заклікаў народ шанаваць родную мову і супраціўляцца расійскай агрэсіі, выступілі прадстаўнікі КХП-БНФ з падобнымі ж заклікамі, і былі ўсталяваныя прынесеныя з сабою крыжы.
Дык чаму ж там мала народу прыйшло на гэтыя Дзяды?
Можа быць, грамадства стала больш абыякавым да акцыяў. Можа быць, частка патэнцыйных удзельнікаў шэсця былі занятыя іншымі справамі — у гэты ж дзень праходзіў З’езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Беларускія актывісты-экалагісты таксама былі занятыя «Зялёным кангрэсам», які праходзіў у гэты ж дзень. У гэтым годзе 2 лістапада ўпершыню адзначаўся Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, аде журналістаў на акцыі ўсё ж было багата…
Журналісты працуюць, не зважаючы на спакусы
Тым не менш, акцыя адбылася так, як адбылася.
Каманда твайго горада!
Да таго ж, КХП-БНФ ніколі не ганяўся за колькасцю ўдзельнікаў, зважаючы на якасць мерапрыемства. Тыя ж Дзяды ў Лошыцкім яру збіралі і па 30, і па 50, і па 100 удзельнікаў, але праходзілі незадлежна ад колькасці. І гэта, пэўна, слушная палітыка, бо Дзяды ўсё ж — не «рэвалюцыйная» і наўрад ці пратэстная акцыя. Гэта проста дзень памяці, памяці пра мінулае, без якога няма будучыні.
Фотарэпартаж з акцыі глядзіце тут