Караеў распавёў, колькі выпадкаў каронавіруса выяўлена сярод міліцыянтаў і зняволеных

Цяпер са спецкантынгента выяўлены каронавірус у двух чалавек — ва ўстановах адкрытага тыпу, заявіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў у парламенце, каментуючы эпідсітуацыю ў месцах пазбаўлення волі.

Юрый Караеў, фота minsknews.by

Юрый Караеў, фота minsknews.by

Часова прыпынена прадастаўленне спатканняў з захаваннем іх колькасці. У якасці кампенсуючай меры максімальна пашырана практыка прадастаўлення магчымасці тэлефонных размоў. Там, дзе ёсць навучальныя класы, арганізаваны відэазванкі, каб зняволеныя не адчувалі сябе пакінутымі. Прадугледжаны дадатковыя прадуктовыя перадачы вагой да 10 кг, вітаміны, цыбуля, часнок не абмежаваныя, гародніна, — распавёў Караеў.
Ён падкрэсліў, што на ўваходах ва ўстановы ўстаноўлены дазатары з антысептыкамі, часцей праводзяцца вільготныя прыборкі, праветрыванні. Допуск на тэрыторыю ўстаноў дазволены пасля вымярэння тэмпературы, праводзіцца дадатковая апрацоўка машын, уведзеныя змены ў правілы этапавання — для супрацоўнікаў абавязковыя сродкі абароны.
Міністр унутраных спраў прызнаў, што ў СІЗА было «трохі праблемна».
Злачынствы са з'яўленнем COVID-19 не спыніліся, хоць і ўдвая зменшыліся. І калі падазраваны ў злачынстве трапляе ў СІЗА (а спачатку ў ізалятары закрылі допуск следчых), чалавек не можа лішнюю гадзіну ў СІЗА сядзець без следчых, працэсуальных дзеянняў.
У выніку было аператыўна прынята рашэнне аб усталяванні шкляных бар'ераў, выдачы пальчатак і масак.
 — Цяпер са спецкантынгента выяўлены каронавірус у двух чалавек — ва ўстановах адкрытага тыпу, з тых, хто ходзіць на працу ў грамадзянскія ўстановы. Гэта не афіцэры і не наш персанал. Адзін ужо ачуняў, другі адчувае сябе нармальна. Дзякую Богу, што ў калоніях і следчых ізалятарах мы гэтага не дапусцілі, — цытуе міністра tut.by.

Як перадае «Свабода», Юрый Караеў 5 траўня адказаў на пытанні журналістаў пасля паседжання Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага ён расказаў, што на COVID-19 захварэлі каля 500 міліцыянтаў, 34 ужо паправіліся, але некалькі на штучнай вентыляцыі лёгкіх.
«Яшчэ сёння ў стадыі выпіскі некалькі супрацоўнікаў, — расказаў міністр. — У асноўным [хвароба] працякае бессімптомна.
Нехта ў лякарні. Ёсць некалькі чалавек на ШВЛ. Ёсьць такія, каго перавялі з ШВЛ у звычайную палату. Як і гаварылася, маладыя пераносяць лягчэй. Мы адсочваем сваіх супрацоўнікаў.
Вядома, у нас асаблівы склад. Мы супрацоўнікаў падбіраем па здароўі, дыспансэрызацыя не такая лёгкая, а больш пільная. Таму ў нашых супрацоўнікаў запушчаных выпадкаў няма. Мы больш здаровыя».
Па словах Юрыя Караева, у лік 500 хворых уваходзяць прадстаўнікі розных падраздзяленняў — патрульна-паставой службы, дэпартаменту аховы, унутраных войскаў, курсанты акадэміі МУС, у шпіталі МУС захварэла каля 20 медыкаў.
Як адзначыў міністр, сярод захварэлых міліцыянтаў ёсць блізкія медыкаў, якія працуюць з хворымі на каронавірус.
Караеў лічыць поспехам, што захварэла толькі каля 500 супрацоўнікаў міліцыі:
«Магло быць у дзясяткі разоў больш, — сказаў Караеў. — У нашым шпіталі супрацоўнікі праходзяць лячэнне. Медыкі, санітаркі адтуль таксама хварэюць. Я цікаўлюся кожную раніцу, пытаю. У асноўным у іх праходзіць захворванне бессімптомна. Яны сядзяць дома, адбываюць самаізаляцыю».