У Германіі адчыняюцца музеі, цяпер яны працуюць па новых правілах

Ахоўная маска, дыстанцыя ў паўтара метра і рух дакладна па маршруце, — так павінны паводзіць сябе наведвальнікі зноў адкрытых нямецкіх музеяў, галерэй і бібліятэк.

Музей гігіены ў Дрэздэне і выстаўленая ў ім "шкляная жанчына" гатовыя да вяртання наведвальнікаў

Музей гігіены ў Дрэздэне і выстаўленая ў ім "шкляная жанчына" гатовыя да вяртання наведвальнікаў

Пасля вымушанага перапынку, звязанага з уведзеным у сярэдзіне сакавіка каранцінам з-за каронавіруса, у Германіі зноў адчынілі свае дзверы некаторыя музеі і мастацкія галерэі. Пры гэтым усе гэтыя культурныя ўстановы абавязаны выконваць меры засцярогі і абмяжоўваць колькасць наведвальнікаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва dpa.
Ужо можна паглядзець выставу нямецкага жывапісца, графіка, скульптара і архітэктара Томаса Шутэ (Thomas Schütte) у берлінскім раёне Кройцберг. 
Берлінская галерэя Ёхана Кёніга (Johann König) разгарнула экспазіцыю, прысвечаную творчасці двух экстравагантных сучасных мастакоў: немкі Ёрындэ Фойгт (Jorinde Voigt) і датчаніна Епе Хайна (Jeppe Hein). PalaisPopulaire, выставачная пляцоўка Deutsche Bank ў Берліне, адкрывае выставу, якая адлюстроўвае 57-гадовы творчы шлях знакамітага мастака-пакавальніка Крыста і яго жонкі Жан-Клод, якая памерла больш за 10 гадоў таму.
З сярэдзіны траўня пачнуць ізноў прымаць наведвальнікаў і буйныя сталічныя музеі. Сярод іх — Нямецкі гістарычны музей, які падрыхтаваў выставу "Ханна Арэнт і XX стагоддзе", якая расказвае пра жыццё і дзейнасць выбітнага нямецка-амерыканскага філосафа габрэйскага паходжання, палітычнага тэарэтыка і гісторыка, асновапакладальніцу тэорыі таталітарызму.
Плануецца і паступовае адкрыццё музеяў, якія знаходзяцца на Музейным востраве ў Берліне. Рыхтуюцца да адкрыцця і кёльнскі музей "Калумба", дзе экспануюцца творы мастацтва духоўнага зместу, а таксама мастацкі музей у Боне. Першых гасцей пасля каранціну ў бліжэйшы час рыхтуюцца прыняць і знакамітыя музеі Дрэздэна.

Новыя правілы ў музеях


У залах можна знаходзіцца толькі пры наяўнасці ахоўнай маскі і з захаваннем дыстанцыі ў 1,5 метра паміж людзьмі. Колькасць наведвальнікаў абмежавана: у вялікіх залах адначасова дазволена прымаць па 4 — 5 чалавек, а ў маленькіх — толькі па адным чалавеку: на аднаго чалавека вызначана норма ў 20 квадратных метраў.
У выставачных залах дзейнічае "правіла вуліцы з аднабаковым рухам". Музейным наглядчыкам ўведзена ў абавязак строга сачыць за тым, каб наведвальнікі перасоўваліся па экспазіцыі ў адным кірунку — у пазбяганне сутыкненняў адзін з адным. Перад білетнымі касамі зроблена спецыяльная разметка — для захавання дыстанцыі паміж людзьмі ў чарзе. На касах і на стойках у гардэробах усталёўваюць панэлі з арганічнага шкла. Групавыя экскурсіі ў музеях пакуль не праводзяцца. У некаторыя музеі можна будзе трапіць толькі пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі.

Бібліятэкі выдаюць кнігі


Першых наведвальнікаў пасля лакдаўна прынялі 4 траўня і некаторыя бібліятэкі. Так, навукоўцы і студэнты радасна віталі адкрыццё Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі. Аднак яе чытальныя залы пакуль застаюцца зачыненымі — як, зрэшты, і чытальныя залы іншых бібліятэк. Кнігі выдаюцца на дом. А правілы бяспекі і гігіены ў будынках дзейнічаюць такія ж, як у музеях.
Агулам 10 мільёнаў еўра будзе выдзелена з дзяржбюджэту на ажыццяўленне культурнай праграмы "Новы старт", мэта якой — падтрымаць музеі і іншыя ўстановы ў гэтыя нялёгкія часы. "Мы хочам, каб людзі зноў маглі атрымліваць асалоду ад мастацтва і культуры", — патлумачыў у інтэрв'ю журналістам Герман Парцынгер (Hermann Parzinger), прэзідэнт Фонду прускай культурнай спадчыны.
Паводле dw.com