Карбалевіч: З гэтай пастановы Саўміна, я зразумеў, што КДБ і МУС змогуць самі вызначаць, хто экстрэміст
Палітолаг — пра тое, як аўтарытарная ўлада на страху спрабуе кантраляваць людзей.
Напярэдадні адно з сілавых ведамстваў, спаслаўшыся на
пастанову Саўміна, зрабіла ўкід, у якім прыгразіла крымінальнай адказнасцю
падпісчыкам «экстрэмісцкіх» телеграм-каналаў, піша «Салідарнасць».
Як высветлілася пазней, на самай справе ў дакуменце ўрада
нічога такога не прапісваецца. Тым не менш ад незалежных каналаў (як прызнаных
уладамі «экстрэмісцкімі», так і не) паспелі адпісацца тысячы карыстальнікаў.
Сёння ўлады працягваюць падліваць алею ў агонь. Ужо
выказаўся кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, эстафетную палачку падхапіла і
Лілія Ананіч.
— Падпіска на экстрэмісцкія телеграм-каналы — гэта садзейнічанне экстрэмізму. І яно сёння крымінальна караецца — гэта павінен кожны засячы сабе на носе. Пара проста перастаць займацца абы-чым у гэтым жыцці, — сказала кіраўніца Камісіі ў барацьбе з экстрэмізмам і рэабілітацыяй нацызму.
Што адбываецца? Інфармацыйная атака на апанентаў, ці ўсё ж
існуе рэальная пагроза?
— І тое, і іншае. Палітычная барацьба ва ўмовах
інфармацыйнага грамадства — гэта псіхалагічная барацьба, барацьба нерваў. Гэта
і гібрыдныя атакі, якія змяшчаюць у сябе ўсе, — лічыць Валерый Карбалевіч. — Элемент запалохвання першапачаткова быў
абраны ўладамі для нападу на апанентаў. Гледзячы на тое, што ад «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў ідуць тысячы адпісак, можна
меркаваць, што атмасфера страху працуе. На штыках нейкі час трымаць уладу
можна.
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што пагроза сілавікоў можа
быць рэалізаваная.
— У беларускіх умовах колькі ўжо было выпадкаў, калі
думалася: усё, ужо дайшлі да рысы, прабілі дно, далей нічога не будзе. Але
высвятляецца, што ніякіх чырвоных ліній, ніякіх тармазоў ва ўладаў няма, — працягвае палітолаг. — Я зразумеў з гэтай пастановы Саўміна, што КДБ і МУС
змогуць самі вызначаць, хто ёсць экстрэміст — гэта значыць, ім ужо не трэба будзе
звяртацца ў суд.
Для ўладаў не трэба саджаць усіх чытачоў: хопіць некалькі
дзясяткаў ці сотняў, каб колькасць падпісчыкаў стала рэзка змяншацца.
Валерый Карбалевіч нагадвае, што на працягу ўсяго кіравання
рэжыму Лукашэнкі супраць незалежных медыя ўжывалася дубінка:
— Калі былі друкаваныя СМІ — іх выкідалі з падпіскі, не
давалі друкавацца. Сёння незалежныя медыя ў выглядзе рэдакцый ужо практычна не
могуць існаваць у Беларусі.
Цяпер ўдар наносіцца па телеграм-каналах. На сто адсоткаў ў
інфармацыйную эпоху гэта працаваць не можа, але ў якойсьці меры ўсё-такі
спрацоўвае.
Як дзейнічае неправавая дзяржава? Яе мэта зрабіць вінаватымі абсалютную большасць, але арыштоўваць і штрафаваць — не ўсіх, а нейкі адсотак. Іншыя ж будуць баяцца і лічыць сябе вінаватымі.