Накат на Ціханоўскую і Латушку, вызваленне бабарыкінцаў, смерць кіроўцы — тыднёвы агляд галоўных падзей

Чарговая крыміналка на Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку. Сенсацыя ў Нобелеўскім камітэце. Смяротнае рэха леташніх пратэстаў і інфернальная статыстыка каронавіруса. Гэтыя і іншыя падзеі тыдня — у кароткай пятнічнай рэтраспекцыі НЧ.
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

На Ціханоўскую і Латушку зноў завялі крымінальную справу

Сутнасць. Надоечы ў эфіры расійскага тэлеканала «Дождь» Павел Латушка пакутліва вылічваў, колькі ж крымінальных спраў заведзена на яго за апошнія паўтара гады. Вядучая яму дапамагала і, здаецца, агульнымі высілкамі яны налічылі шэсць штук. «Па адной мне пагражае расстрэл», — сціпла заўважыў былы кіраўнік Купалаўскага тэатра.

Пра новую крыміналку супраць Ціханоўскай і Латушкі стала вядома ў аўторак, і гэтым разам пакаранне там зусім не жахлівае. Да двух гадоў пазбаўлення волі — пры сённяшнім разгуле экстрэмізма гэта існая дробязь.

Следства мяркуе (арт. 382 КК), што падазраваныя «стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ўпраўлення і прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь за мяжой», пасля чаго «ўступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый».

У тым жа эфіры Латушка назваў гэта прызнаннем — найперш прызнаннем палітычнай суб’ектнасці Офіса экс-кандыдата ў прэзідэнты і Народнага антыкрызіснага кіравання. Бо калі з табой стасуюцца замежныя дзяржавы, то пэўны статус ты маеш — і вось гэта цяпер фактычна прызналі афіцыйныя беларускія ўлады.

Нюанс. Аднак навошта ў Мінску наогул патурбаваліся аб завядзенні гэтай крымінальнай справы? Адной больш, адной менш — гэта ж абсалютна нічога не мяняе. У рэшце рэшт, што можа быць горш за расстрэл?

Магчыма, гэта нейкая рэакцыя на тое, што ў панядзелак пад патранажам НАК у Нюрнбергу адбыліся слуханні адносна «злачынстваў супраць чалавечнасці» рэжыма Лукашэнкі. Павел Латушка там саліраваў, Святлана Ціханоўская выступіла па відэасувязі.

Выйшлі на волю фігуранты «справы «Белгазпрамбанка»

Сутнасць. Гэтага дакладна не чакалі: у аўторак з СІЗА былі вызвалены некалькі чалавек, якія праходзілі па гучнай «справе «Белгазпрамбанка». Найперш гэта палітзняволеная Святлана Купрэева — сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі і былая яго дарадца, якая падчас выбарчай кампаніі збірала подпісы за кандыдата. Акрамя яе, на волю выйшлі былы дарадца кіраўніка банка Уладзімір Сажын, былы асабісты памочнік Бабарыкі Дзмітрый Карака і сябар экс-банкіра Дзмітрый Жардзецкі.

Афіцыйна пра гэтыя вызваленні не паведамлялася, аднак прэс-служба экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» інфармацыю пацвердзіла. З удакладненнем, што крымінальныя справы ў дачыненні згаданых вязняў не спыненыя — ім проста змянілі меру стрымання.

Пазней у медыя з’явілася інфармацыя пра тое, што таксама выйшлі на волю іншыя менеджары, якія праходзяць па той жа справе. Гэта старшыня назіральнай рады «Кентаўра» Вольга Радзецкая, акцыянеры «Прыватлізінга» Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў.

Віктар Бабарыка. Фота ТАСС

Нюанс. Навіны адносна белгазпрамаўскай справы аніяк не паўплывалі на лёс галоўных дзеючых асобаў гэтай гісторыі. Віктар Бабарыка працягвае адбываць 14-гадовы тэрмін у наваполацкай калоніі, а яго сын Эдуард застаецца ў СІЗА — яму дагэтуль нават не прад’явілі абвінавачанне.

Падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» ТГ-каналаў падвядуць пад крымінальны пераслед?

Сутнасць. У сераду ў беларускай інфрапрасторы грымнуў халасты стрэл — і часткова патрапіў у цэль. Шырока вядомы ГУБАЗіК анансаваў суровую (да 7 год калоніі) крымінальную адказнасць для падпісчыкаў тэлеграм-каналаў і чатаў, якія раней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Чаму стрэл быў халасты? Таму што далейшае вывучэнне згаданых нарматыўных актаў не выявіла там аніякіх звестак пра крымінальны пераслед карыстальнікаў няправільных ТГ-суполак.

Чаму патрапіў у цэль? Бо, доўга не чакаючы, частка карыстальнікаў усё ж адпісалася ад «экстрэмісцкіх» каналаў. Зафіксаваны адток увогуле не крытычны, але ў прынцыпе адчувальны.

Ілюстрацыйны здымак. Фота ТАСС

Дык што, ГУБАЗіК генераваў фэйк? Не факт. Вось і дэпутатка Лілія Ананіч, якая ўзначаліць адпаведную камісію, кажа пра пагрозу крымінальнага пакарання. Нельга выключаць, што пераслед ТГ-падпісчыкаў неўзабаве ўсё ж узаконяць. І тады халасты стрэл ператворыцца ў папераджальны. І нікога, здаецца, гэта ўжо не здзівіць.

Нюанс. А яшчэ гэты стрэл, здаецца, стаў «дружалюбным агнём» для шэрагу праўладных тэлеграм-каналаў. Як заўважыла «Еўрарадыё», яны — як афіцыйныя, так і самыя адыёзныя — таксама страцілі частку аўдыторыі. Чаму, сказаць цяжка, бо каму-каму, а ўмоўнаму Рыгору Азаронку «экстрэмісцкі» статус не пагражае. Зрэшты, гэтая акалічнасць падсвечвае іншае: калі беларусам перакрыць крыніцы незалежнай інфармацыі, то тварам да прапагандысцкіх рэсурсаў яны не павернуцца.

Памёр кіроўца аўтобуса, у якога летась у жніўні прыляцела граната

Павел Сібілёў. Фота «Нашай Нівы»

Сутнасць. 10 кастрычніка пайшоў з жыцця Павел Сібілёў — кіроўца грамадскага аўтобуса, які апынуўся не ў той час і не ў тым месцы 10 жніўня 2020 года. Тады ішлі пратэсты, на вуліцы стварыўся затор, і Павел выйшаў з кабіны, каб абмяняцца думкамі з кімсьці з калег. У гэты момант яму ў спіну і патрапіла святлашумавая граната і гумовыя кулі.

Пасля гэтага мужчына доўга лекаваўся, аднак аднавіць здароўе так і не змог. Больш за тое, у дадатак да ўсяго ў яго выявілі анкалагічнае захворванне, ён моцна схуднеў і апошнім часам перасоўваўся з дапамогай кіёчка.

Павел Сібілёў крыху не дажыў да свайго 50-годдзя, у яго засталося трое дзяцей — малодшы сын толькі-толькі пайшоў у першы клас.

Нюанс. Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце раненняў кіроўцы аўтобуса. У СК палічылі здарэнне «няшчасным выпадкам».

Нобелеўскую прэмію міра аддалі расійскаму рэдактару Муратаву і журналістцы з Філіпін

Сутнасць. Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня сталі вядомыя лаўрэаты сёлетняй Нобелеўскай прэміі міра. Інтрыга вакол гэтага Нобеля палала — букмекеры не паспявалі прымаць стаўкі і абнаўляць спіс фаварытаў, куды аднойчы патрапіла і лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская. Але, як нярэдка бывае ў такіх пытаннях, пераможца ў выніку выскакнуў нібыта чорт з табакеркі — дакладней, адразу два пераможцы. Імі сталі галоўны рэдактар расійскай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў і філіпінская журналістка Марыя Рэса.

Дзмітрый Муратаў. Фота AP

Нюанс. Незадоўга да абвяшчэння лаўрэатаў перасталі прыходзіць навіны пра суд па «справе Сяргея Ціханоўскага». У прэсе з’явілася інфармацыя, што працэс узначаліць іншы суддзя, таму яго хада можа запаволіцца. Аднак неўзабаве пасля ўручэння Нобеля, стала вядома, што «суд паскорыўся» і прысуд могуць агучыць «да канца кастрычніка». Пра гэта ў лісце на волю паведаміў адзін з абвінавачаных блогер Уладзімір Цыгановіч. Ці звязана гэтае «пераключэнне хуткасці» з гучным разбіральніцтвам у Гомелі, хай кожны вырашыць сам.

У Беларусі бушуе і ставіць антырэкорды чацвёртая хваля каронавіруса

Сутнасць. Сітуацыя з ковідам у краіне па-ранейшаму цяжкая. Паглядзіце прэсу — яна стракаціць звесткамі пра чэргі да лекараў, дэфіцыт месцаў у бальніцах, праблемы з кіслародам. Нарэшце ў Беларусі ўведзены і масачны рэжым, прычым за яго невыкананне цяпер магчыма адказнасць.

Ілюстрацыйны здымак

Тое, што нават у гэтых рэаліях нарады ў самых высокіх кабінетах праходзяць без «наморднікаў» — і пра нейкія штрафы тут казаць няёмка, бо, мусіць, «гэта іншае» — нікога не здзіўляе. А вось статыстыка Міністэрства аховы здароўя спараджае моцны клопат. Ладна, абсалютныя літары — да іх па-ранейшаму шмат недаверу, але ж дынаміка не хлусіць і напружвае. Колькасць захварэлых і лятальнасць растуць. Днямі быў зафіксаваны чарговы антырэкорд ад пачатку пандэміі — 2060 інфікаваных і 17 памерлых. Трывожныя трэнды, што і казаць.

Нюанс. «Новы Час» не нясе адказнасці, калі на момант публікацыі гэтага матэрыяла ў краіне будзе зафіксаваны новы антырэкорд COVID-19. А калі сур’ёзна, то беражыце сябе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: