«Вазьміце валідол, у ім ёсць мята». Як змагаюцца з каронавірусам у ІЧУ і ЦІПе

Пра праблему каронавіруса сярод затрыманых у перапоўненых турмах і ІЧУ сталі гаварыць яшчэ ў мінулым годзе. Адказныя чыноўнікі бадзёра запэўнівалі, што сітуацыя пад кантролем і робіцца ўсё неабходнае. Але ці так гэта на самой справе? Фатограф НЧ Дзмітрый Дзмітрыеў у жніўні ў чарговы раз трапіў на 15 сутак — нібыта за «непадпарадкаванне міліцыі». У зняволенні захварэў на каронавірус. Ён распавёў, як яго і іншых вязняў там «лекавалі».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У 4-меснай камеры сядзелі 20-22 чалавекі. Вельмі не хапала паветра, таму пастаянна быў скразняк — падхапіць прастуду было элементарна, улічваючы, што амаль усе спалі на падлозе. Таксама кожны дзень людзей «тасавалі» паміж камерамі. Такім чынам, умовы для распаўсюджвання вірусаў былі створаны ідэальныя. Калі ў мяне на трэці ці чацвёрты дзень з’явіўся кашаль, я не звярнуў на гэта ўвагі — у камеры ён быў амаль у кожнага ў рознай ступені цяжкасці.
Раніцай, падчас праверкі, запытаўся ў лекаркі наконт нейкіх лекаў, але атрымаў адказ, што ў яе нічога няма.
Праз дзень прапаў голас, я мог толькі шаптаць, і тое з цяжкасцю. Пачалася ломка, як бывае, калі хварэеш на грып, адчувалася стомленасць. Удзень ляжаць на «шконцы» не дазвалялі (на іх і ноччу ляжаць было амаль немагчыма з-за адсутнасці матрацаў), але можна было ляжаць на падлозе. І гэта было выратаваннем.
Лекарка ў ЦІПе прапанавала мне валідол — «таму што ў ім ёсць мята і яна можа неяк змякчыць кашаль». Выбару не было — і я згадзіўся. Калі раніцай давалі гарачую гарбату, а ўдзень гарачы суп, то гэта было ўжо не проста ежай, але і своеасаблівым лекам. Так прайшоў амаль тыдзень, кашаль стаў лягчэй.
Неяк увечары супрацоўнік ЦІПа паведаміў, што заўтра некаторых з нас пераводзяць у Баранавіцкі ІЧУ. Раніцай да сняданку мяне і яшчэ каля 10 чалавек вывелі з камеры і адвялі ў прагулачны дворык, дзе збіралі арыштаваных з розных камер на этап у Баранавічы. Там у размове я даведаўся, што ў суседняй камеры ў некалькіх чалавек знік нюх, ва ўсіх таксама кашаль.
У Баранавічах нас размеркавалі па камерах, я апынуўся разам з 17 чалавекамі ў камеры на 14 месцаў — напаўпадвальным памяшканні з асфальтаванай падлогай. Як мы чулі ад канваіраў, гэтае крыло не эксплуатуецца, але яго адкрылі менавіта для нас.
На наступны дзень двое хлопцаў пачалі сябе адчуваць зусім дрэнна і падчас ранішняга «шмону» папрасілі аб дапамозе медыка. Ахоўнікі адказалі, што зараз яго няма і «ён будзе... калі будзе». Праз некалькі гадзін прыйшоў лекар, змерыў тэмпературу — яна была паніжанай — і прынёс некалькі таблетак парацэтамолу, сказаўшы, што болей у яго нічога няма.
У Баранавіцкім ІЧУ днём дазвалялася толькі сядзець на «шконках» ды лаве, але хлопцам было цяжка і яны ўвесь час імкнуліся прылегчы. Ахоўнікі пастаянна зазіралі ў «вочка» і патрабавалі, каб ніхто не ляжаў: быццам лекар ім нічога не казаў пра тое, што хтосьці настолькі дрэнна сябе адчувае, што не можа сядзець. Мы зноў запатрабавалі медыка і папрасілі яго, каб нашым сукамернікам дазволілі ляжаць. Пасля гэтага нашым хворым дазволілі ляжаць на голых нарах, бо матрацаў таксама не выдалі.
Вечарам таго ж дня ў мяне абвастрыўся кашаль, і я зразумеў, што не адчуваю пахаў. Раніцай трэцяга дня ўжо 6-7 чалавек з 17 таксама страцілі нюх і яшчэ двое чалавек з цяжкасцю ўставалі з нараў. Пра гэта мы паведамілі ахоўнікам і лекару. У адказ зноў атрымалі некалькі таблетак парацэтамолу, якія мы аддалі тым, хто адчуваў сябе горш. Увечары кашлялі ўжо ўсе арыштанты.
Як толькі ахоўнікі пачулі, што палова нашай камеры страціла нюх, кашляе і дрэнна сябе адчувае, то колькасць «шмонаў» адразу скарацілася: калі раней іх было ад 3 да 5 за дзень, то цяпер ужо не больш за 3. Але, нягледзячы ні на што, кожную ноч нас двойчы падымалі на пераклічку.
Пасля вызвалення я адразу паехаў у паліклініку, дзе ў мяне ўзялі тэст, які пацвердзіў, што я хворы на каронавірус. Я лічу, што мне пашанцавала — я перанёс «карону» не вельмі цяжка. Мой сукамернік пасля выхаду трапіў у шпіталь на 2 тыдні.
Адказ на пытанне, як можна прадухіліць распаўсюд кавіда ў месцах кшталту ЦІПа, ІЧУ, відавочны і нескладаны: трэба наўпрост выконваць дзеючыя інструкцыі і рэкамендацыі медыкаў. Усё! Больш нічога не трэба.