У футбольным клубе «Энергетык» «карона» у 9 гульцоў і трэнераў. Але федэрацыя адмовілася пераносіць іх матч
«Беларуская федэрацыя футболу» адмовіла мінскаму клубу «Энергетык»-БДУ ў пераносе матча 26-га туру супраць брэсцкага «Дынама», запланаванага на 17 кастрычніка.
Раней адміністрацыя студэнцкай каманды накіравала ліст у
федэрацыю з просьбай перанесці сустрэчу, паколькі асноўныя гульцы «Энергетыка»
захварэлі на каронавірус і не змогуць дапамагчы ў важнай гульні з гледзішча
месца ў турнірнай табліцы.
Адзначаецца, што пасля тэставання 11 кастрычніка выяўлена:
два трэнеры і сем футбалістаў інфікаваныя вірусам COVID-19. Гэта настаўнікі Уладзімір
Бяляўскі і Сяргей Амельянчук, а таксама гульцы Арцём Макаўчык, Айк Мусаханян,
Аляксей Лаўрык, Максім Амельянчук, Аляксандр Булычаў, Бабір Абдыхалікаў,
Шахзадбек Убайдулаеў.
«Беларуская федэрацыя футболу» ўвесну 2020 года пэўны час была
адзінай у свеце, якая не адмяніла праз пандэмію COVID-19 аніводнай сустрэчы, а на трыбуны
доўгі час дапускалі гледачоў без масак.
Старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў дагэтуль упэўнены, што
гэта падняла прэстыж айчыннага футболу, паколькі трансляцыі глядзелі далёка за
мяжой. Праўда, калі аднавіліся турніры ў іншых краінах, інтарэс да Беларусі
адразу ж знік.
Тым часам «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» абнародаваў
справаздачу, у якой выкладзеныя факты пераследу гульцоў за іх погляды,
палітычнай агітацыі з боку кіраўніцтва «Беларускай федэрацыі футболу» і іншых
парушэнняў статута міжнародных арганізацый, у якія ўваходзіць беларуская
федэрацыя.
УЕФА і ФІФА на атрыманую інфармацыю пакуль што не адрэагавалі.
Паводле «Свабоды».