«Едзеш да аднаго пацыента, а там з пакояў вылазяць 5 хворых яго сваякоў». Медыкі пра сітуацыю з каронавірусам

Супрацоўнікі мінскіх медыцынскіх устаноў расказалі «Свабодзе» пра становішча на сваіх месцах працы падчас эпідэміі COVID-19.

27e295fb_05c6_477d_a39e_134342e6a0cc_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Чым скончыцца гэты кашмар, ніхто не ведае»

Медыцынская супрацоўніца А.:

«Абстаноўка жудасная. Толькі ў нашай клініцы за выхадныя на мінулым тыдні памерлі 32 пацыенты.

Людзей класці няма куды. У палаце на 6 чалавек знаходзяцца 9. Хто не змясціўся, ляжыць на каталцы. Ужо сказалі, што хворых будуць размяшчаць у аперблоку (у аперацыйнай), бо там ёсць падводка кіслароду, якога цяпер катастрафічна не хапае.

Кіраўніцтва пытаецца: "Чаму ў вас ламаюцца апараты Баброва (выкарыстоўваюць для ўвільгатнення чыстага кіслароду)?" Што на гэта адказваць? Таму што гэта прылада, якой уласціва ламацца?

Даходзіць да таго, што ў працоўным чаце медыкі пішуць: "Можа, у каго будзе лішні кісларод, увільгатняльнік?"

У адной з клінік ад нізкай тэмпературы ноччу падмерзлі клапаны балонаў. Праз гэта адбылася затрымка падачы кіслароду для пацыентаў у рэанімацыі. Пазней у гэтай клініцы ў той жа дзень памерлі 4 чалавекі, сярод іх — цяжарная жанчына на апошнім месяцы. Ёй хутка зрабілі кесарава сячэнне і дзіця ўратавалі.

Я не ведаю, ці ўжо тут гаворка пра халатнасць, ці пра мітусню, у якой мы працуем.

Усё замоўчваецца, нібыта сітуацыя спакойная. Людзі як хадзілі без масак, так і працягваюць гэта рабіць. Хворых шпіталізаваць няма куды. У маім аддзяленні заробак застаўся такі, як быў раней — ці 6 чалавек працуе на ўсіх пацыентаў, ці 2.

Планавыя аперацыі па хранічных захворваннях адкладаюцца. Нібыта яны не экстраныя. Але не факт, што праз нейкі час яны не стануць экстранымі.

У нашай клініцы не хапае нават сродкаў індывідуальнай абароны. Абмежаваная колькасць камбінезонаў, аднаразовых шапак. А ў звычайных аддзяленнях выдаюць адну аднаразовую маску на тыдзень.

Персаналу не хапае. Пад пагрозай звальнення прымушаюць у загадным парадку ісці працаваць — не глядзяць, каму 60 гадоў, каму 20.

Цяпер чакаюць, што прыедзе Піневіч (міністр аховы здароўя). Медработнікаў з дому выклікаюць тэрмінова прыбіраць лісце. Падзялілі тэрыторыю і замацавалі за кожным аддзяленнем. Заданне зверху даюць старшай загадчыцы, а яна ўжо нас моліць: прыедзьце, дапамажыце.

Паказальна робіцца ўсё. Звычайна лекары працуюць кожны дзень у брудных зонах і думаюць толькі, каб не запэцкаць гэты камбінезон біялагічным матэрыялам: крывёю, слінай, мачой. Пацыенты — яны ж і кашляюць. Усё эканоміцца, але як толькі прыедзе Піневіч, "то вось вам, калі ласка, і маскі, і рэспіратары, і камбінезоны"...»

«Свайго жыцця няма наогул ніякага»

Медыцынская супрацоўніца N.:

«7-дзённую ізаляцыю людзі не выконваюць — ходзяць без масак па крамах, на працу, ездзяць у грамадскім транспарце. Калі раней, у першую хвалю кавіда, хворых яшчэ неяк стараліся правяраць — тэлефанавалі ў дамафоны, то цяпер жа гэтым ніхто не займаецца. Сёння мы абавязаныя раз на тры дні дынамічна назіраць за кавіднымі пацыентамі. Але за валам працы мы гэтага практычна не робім.

Зараз вельмі шмат маладых з высокай тэмпэратурай і з 50% паражэння лёгкіх. Хворых з 25% ужо не кладуць у лякарню, а адпраўляюць лячыцца дадому, таму што месцаў у бальніцы няма.

Што будзе далей — незразумела. У нас ужо вузкія спецыялісты дапамагаюць у кавідных брыгадах: гінеколаг, уролаг. А пацыенты ўсё дадаюцца і дадаюцца. Дакладна ведаю, што да плато нам яшчэ вельмі далёка. Прасвету не відаць.

На працу прыходзіш за 2-3 гадзіны да пачатку прыёму пацыентаў, пачынаеш апрацоўваць учарашні дзень, заносіш усе даныя з дакументаў у камп'ютар, выпісваеш бальнічныя лісткі, потым ездзіш на візіты — разлічваеш на 5, але пакуль ты ў дарозе, накінуць яшчэ 10.

Бывае, едзеш толькі да аднаго пацыента, у якога быў станоўчы мазок, каб адкрыць самаізаляцыю, а там з пакояў вылазяць, як мурашкі, яшчэ 5 хворых яго сваякоў.

Я ўжо баюся хадзіць па вуліцах і крамах. Усюды гэтыя пацыенты, спыняюць, пачынаюць браць нейкія кансультацыі.

Каб да чалавека, які проста дрэнна сябе адчувае пры сімптомах, падобных да COVID-19, прыехала брыгада "хуткай", неаднаразова прыходзілася хлусіць, што сатурацыя (насычанасць крыві кіслародам) у яго вельмі нізкая. Інакш лекары б не адгукнуліся.

Нам, медыкам, наогул не даюць "аднавіцца". Калі ў стацыянары доктар займаецца канкрэтнай палатай 10 дзён і прыкладна праз 2 дні туды падкладаюць "свежага" пацыента, то мы штодня кантактуем з 20 такімі. Вірусная нагрузка велізарная.

На днях нарэшце дазволілі выкінуць камбінезон, у якім я ездзіла з верасня — ён ужо ўвесь жоўты і брудны, разыходзіцца па швах. Прычына такога "раптоўнага" рашэння — прыезд санстанцыі.

Аднак ёсць у нас і такія жанчыны з медперсанала, якія проста не хочуць абараняцца. Таму што прычоска, прыгажосць, макіяж. Едуць браць мазок у аднаразовым халаце, нават не ў камбінезоне, у звычайнай масцы і ў адной пары пальчатак.

Свайго жыцця няма наогул ніякага. На доўгія адпачынкі не пускаюць. Цяпер ужо ўсе такія выматаныя, што ніхто нічога не хоча. Ні надбавак, проста нічога. Нейкая вялізная катастрофа».