Бессэнсоўнасць. Заканатворчасць у краіне без законаў

На тыдні беларускія ўлады шчыльна заняліся «калязаканатворчасцю». Чаму «каля»? Таму што ўсе выдатна разумеюць: у краіне, дзе «не да законаў», выдаваць «на-гара» нарматыўныя акты — справа зарання бессэнсоўная.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Абмеркаваннем тыдня можна лічыць пужалку ад ГУБАЗіКа. Па іх паведамленні, нібыта ў пастанове Савета міністраў аб процідзеянні экстрэмізму падпісчыкі «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» прыраўноўваюцца да ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фарміравання». На іх, па ідэі, павінны заводзіць «крыміналку», і санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў турмы.

Такая навіна ўзрушыла беларусаў. Найперш юрыстаў, таму што ў прынцыпе «экстрэмізм» павінен вызначацца ў дзеянні. А простае чытанне тэлефона экстрэмісцкім дзеяннем быць не можа. Але «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы пачалі губляць падпісантаў.

Што можна сказаць з гэтай нагоды? Толькі адно: «А ці не ўсё роўна?». Раней, у добрыя «да-дваццатыя» часы кожнаму пратэстоўцу, у залежнасці ад жадання міліцыянтаў, прапісвалі «дробнае хуліганства» і адпраўлялі на 15 сутак. Пасля кожнаму сталі выдаваць «23.34», а яшчэ потым — і «арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках». Цяпер усё будзе «экстрэмізмам».

Разумееце, насамрэч жа — не змянілася нічога. Змянілася толькі назва артыкулу. А ці не ўсё роўна, што сфальсіфікуюць у прысудзе? А таму і турбавацца, у прынцыпе, было няма чаго.

Праўда, калі гэтая пастанова Саўміна была апрылюдненая, высветлілася, што ніякай інфармацыі аб прызнанні тэлеграм-каналаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» там няма. То-бок, нам проста схлусілі. Схлусілі з мэтай запужвання.

Другая пастанова — дэкрэт №6, які ўводзіць новыя абавязкі для кіраўнікоў дзяржорганаў. Пры працаўладкаванні грамадзян яны павінны запытваць іх характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы і даныя аб правапарушэннях, якія здзейснілі кандыдаты на кіраўнічыя пасады. Дакумент таксама пералічвае канкрэтныя патрабаванні да гэтай характарыстыкі. Акрамя іншага, у ёй павінна быць адлюстраванае «стаўленне работніка да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў».

У прынцыпе — таксама нічога новага. Канечне, як лічаць эксперты, новы дэкрэт уяўляе сабою адкрытую заяву, што ўладзе патрэбныя лаяльныя людзі. Але бяда ў тым, што лаяльнасць не гарантуе прафесійнасці. Напрыклад, усе ведаюць, у што ператварыўся Купалаўскі тэатр, у які набор акцёраў цяпер ідзе менавіта па прынцыпе лаяльнасці.

Таму, калі некаму хочацца разваліць працу на асобна ўзятым напрамку працы — менавіта так і павінны падбірацца людзі. Не па прынцыпе кампетэнтнасці, а па прынцыпе лаяльнасці.

І, канечне ж, нельга не адзначыць у гэтай сітуацыі Следчы камітэт. Ён вырашыў не адставаць ад заканатворцаў, але, паколькі магчымасці ва ўсіх розныя, то ў СК падышлі да пытання крэатыўна. Яны завялі справу на Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку за тое, што тыя нібыта стварылі «псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ... уступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый».

Крымінальная справа за перамовы — гэта будзе пакруцей, чым чарговы «экстрэмізм» ад ГУБАЗіКа. Пасля прызнання экстрэмісцкім партала TUT.BY мы ўжо звыкліся, што экстрэмісты — мы ўсе, і яшчэ адзін «экстрэмізм» у дадатак да ранейшага «экстрэмізму» мала каго ўражвае. А вось крымінальная справа за размову з замежнікам — гэта выдатна! Можна адразу спяваць: «Back in USSR!» Прычым у СССР часоў Андропава, дзе ў кожным іншаземцы бачылі шпіёна.

Праўда, цяпер прыйдзецца забыцца, па-першае, пра знешні гандаль, па-другое, пра прыцягненне турыстаў у Сінявокую. Які можа быць турызм, калі за размову з замежнікам можна патрапіць пад следства? Канечне, пра такі вынік свайго крэатыву СК і не думаў, але ён жа не зарабляе грошы, ён іх толькі марнаваць можа, праўда?

Ну і, канечне, Следчы камітэт выдатна паказаў Міністэрству замежных спраў на яго месца. Атрымліваецца, што Ціханоўская і Латушка манапалізавалі знешнепалітычную дзейнасць Беларусі, а таварыш Макей (так сцвярджаю не я, а Cледчы камітэт) — проста ў пралёце. «У Ціханоўскай Міністэрства замежных спраў ёсць, а ў беларускіх уладаў няма. Таму што той, хто "ўзаемадзейнічае з замежнымі ўрадамі", той і ёсць Міністэрства замежных спраў», — трапна напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».

Але, дзякуй Богу, не ўсё яшчэ настолькі кепска. У Беларусі, нарэшце, зрабілі тое, чаго мы чакалі ад першай хвалі каронавіруса. Калі захворвальнасць на Covid-19 стала катастрафічнай нават па даных Мінздароўя, калі медыкі кажуць пра забітасць шпіталёў, калі пад «кавідных» перапрафілююць нават дзіцячыя паліклінікі, улады ўрэшце даспелі да таго, каб увесці абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах.

Прычым быў нават вызначаны штраф за парушэнне масачнага рэжыму: да парушальнікаў можа прымяняцца артыкул 17.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях: адказнасць за парушэнне санітарна-эпідэмічных, гігіенічных нарматываў ці патрабаванняў абмежавальных захадаў, уведзеных у адпаведнасці з заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва. Артыкул прадугледжвае санкцыі для фізічных асобаў — штраф да 30 базавых велічынь (цяпер 870 рублёў).

З аднаго боку, канечне, файная ідэя па напаўненні бюджэту. На станцыях Мінскага метрапалітэна ўжо пачалі правяраць выкананне пасажырамі абавязковага масачнага рэжыму. Супрацоўнікі падземкі настойліва прапануюць такім пасажырам выконваць масачны рэжым. І асабліва ўпартых «covid-дысідэнтаў» потым будуць штрафаваць.

Не ведаю, колькі грошай «падыме» дзяржава на безмасачніках. Але што такіх стане менш, а дактарам, адпаведна, стане лягчэй — гэта відавочна.

Гэта неабходна было зрабіць даўно. Але будзем спадзявацца, што і цяпер яшчэ не позна…

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: