Кінуў працу, каб шукаць зніклых. Нерамантычныя будні атрада «Анёл»

Сёння шмат людзей у Беларусі ведае пра гэты атрад, які дапамагае шукаць зніклых. За 6 гадоў існавання ён зарабіў такую добрую рэпутацыю, што большасць грамадства лічыць яго прафесійным спецпадраздзяленнем, накшталт пажарнай каманды, якое па першым сігнале імчыць ратаваць людзей на суперабсталяваных машынах. Але гэта не так.

aniol_1.jpg


Сапраўды, атрад – прафесійны, з беспілотнікамі, цеплавізарамі, навігацыяй, але добраахвотны, то бок трымаецца выключна на асабістай ініцыятыве неабыякавых людзей і існуе на ахвяраванні. Больш за тое, стваральнік і камандзір “Анёла” Сяргей Коўган два гады таму кінуў сваю асноўную працу кіраўніка аховы службы бяспекі, каб цалкам займацца атрадам.

eholot2_800x822.jpg


– Гэта быў крок у бездань, – прызнаецца Сяргей. – Я ж стварыў не камерцыйную фірму, а арганізацыю, якая цалкам залежыць ад падтрымкі людзей. І дагэтуль не адчуваю спакою: наша дзейнасць – на мяжы, бо ўвесь час трэба шукаць сродкі на арэнду офіса, склада, закупку каштоўнага абсталявання, якое значна палягчае пошук, паліва для машыны. Зваротаў да нас усё болей, а дапамогі – не.
Калі здарыцца так, што людзі скончаць ці не змогуць дапамагаць “Анёлу”, напэўна, давядзецца кінуць праект, прызнаецца Сяргей, бо ва ўсім патрэбны здаровы сэнс: у яго ёсць свая сям’я, жонка і маленькая дачка, пра якіх ён павінен клапаціцца.
Жонка Юлія актыўна дапамагае мужу. Дзякуючы яе намаганням пра дзейнасць “Анёла” і праблемы зніклых пішуць і паказваюць СМІ, а колькасць падпісчыкаў-валанцёраў у сацсетках павялічылася ўжо да 170 тысяч.

Юлія Коўган

Юлія Коўган


Цяпер у “Анёла” ёсць добры склад для абсталявання, а яшчэ нядаўна ўсё захоўвалася на балконе ў іх кватэры.
– Уявіце сітуацыю, – апісвае бытавы бок справы Сяргей, – вось прыехалі мы з пошукаў, і гэтае бруднае абсталяванне ў брудным пасля бадзяння па лясах і палях абутку нясём праз усю кватэру. І Юля кожны раз яго мые, чысціць падлогу. А яшчэ стойкі пах бензіну ад бензапілы! Таму калі яна зацяжарала, я вырашыў, што трэба нешта мяняць.
Цяпер акрамя складу ў атрада ёсць офіс і абсталяванне, якому пазайздросцяць міліцэйскія падраздзяленні: мікрааўтобус, сістэма навігацыі, беспілотнікі, квадрацыкл, цеплавізары, цеплавая пушка, эхалоты, лодка з маторам, асвятляльная вежа…
Усё гэта Сяргей набывае з дапамогай спонсараў: звяртаецца асабіста да кожнага, піша лісты. Некалькі разоў “Анёл” удзельнічаў і перамагаў у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, што таксама дазваляла на “прызавыя” набываць рэдкае абсталяванне.

 “Сітуацыі бываюць вельмі жорсткімі”

– Ніякай стратэгіі маштабавання праекта не было, – тлумачыць Сяргей. – Усё развівалася паступова, залежала ад канкрэтнага выпадку. Напрыклад, аднойчы да нас звярнуліся з просьбай дапамагчы знайсці патанулага чалавека на Дубровіцкім вадасховішчы. Вадалазы-добраахвотнікі ў нас былі, а лодкі – не. І вось мы і валанцёры 17 дзён патрулявалі берагавую лінію вадасховішча, глядзелі ў біноклі, ці не прыбіла дзе цела. Гэта было як гатаваць ежу без патэльні. Добра, што дапамог верталёт, якім бязвыплатна забяспечыла кампанія А-100. Яго лопасці ўзрушылі ваду, і, мабыць, таму цела тапельца паднялося са дна. Пасля гэтага выпадку мы вырашылі набыць лодку з маторам. І яна ўжо неаднаразова нам дапамагала. Колькасць зваротаў для пошукаў у вадзе, на жаль, расце.
Цяпер у “Анёла” добрыя стасункі з падобнымі атрадамі іншых краін. Супрацоўніцтва ўзнікла на базе канкрэтных выпадкаў.

anhel.jpg


– Да нас пачалі звяртацца людзі, чые родныя з’ехалі на заробкі ў Расію і зніклі, – працягвае гісторыю развіцця Сяргей Коўган. – Таму спатрэбілася шукаць партнёраў на тэрыторыі Расіі. У выніку мы дапамаглі выратаваць з рабства з цагельных заводаў каля 17 беларусаў. У гэтым нам дапамагалі валанцёры з расійскай арганізацыі “Альтэрнатыва”, якая займаецца вызваленнем сучасных рабоў. Быў такі выпадак: маці напісала нам, што ў Дагестане ў рабстве знаходзіцца яе сын. Ён змог пазваніць ёй і расказаць, што ў яго адабралі дакументы, не плацяць грошы. Мы перадалі гэтую інфармацыю нашай міліцыі, а яна зрабіла запыт у органы МУС РФ. Але там нейкі мясцовы ўчастковы склаў дзіўны пратакол, у якім нявольнік сцвярджаў, што яму нічога не пагражае і знаходзіцца ён там па сваёй волі. Для нашых органаў гэта падстава закрыць справу. Але праблема не вырашаная. Чалавек зноў тэлефануе маці і гаворыць, што яго ледзь не забілі пасля гэтай праверкі. У выніку валанцёры адбілі яго сілай. І гэта не адзіны такі выпадак. Зусім нядаўна вярнулі на радзіму беларуса, які 12 гадоў быў у рабстве на ферме былога палкоўніка МУС РФ у Арэнбургскай вобласці. Яго таксама выратавалі валанцёры “Альтэрнатывы”, а мы дапамагалі часова хаваць яго на тэрыторыі РФ і вярнуць у Беларусь. Я гэта расказваю, каб вы разумелі, што такое пошукавая дзейнасць. У ёй бываюць вельмі жорсткія сітуацыі.

 “Таксісты вельмі эфектыўна дапамагаюць”

Важны этап развіцця атрада быў звязаны з вялікай колькасцю зваротаў аб знікненні людзей з праваламі ў памяці.
– Да нас прыйшла ідэя далучыць да пошукаў такіх людзей службы таксі, – расказвае Сяргей. – Таксісты кругласутачна ездзяць па ўсім горадзе. Калі яны маюць нашы “арыентыроўкі” зніклых на сваіх планшэтах, якія дасылае ім дыспетчар, імавернасць знайсці людзей вельмі вялікая, асабліва ноччу. Я асабіста сустракаўся з кіраўніцтвам таксі 7788, каб данесці ідэю. Нас падтрымалі, і гэта добра спрацавала – таксісты ўжо неаднойчы дапамагалі знайсці людзей. Найбольш яскравы выпадак быў, калі маленькая дзяўчынка заблукала ў парку імя Горкага. Як толькі таксісты атрымалі гэтую навіну, яны атачылі парк цалкам і знайшлі дзіця! Гэта было эпічнае відовішча! Цяпер да гэтага кірунку далучылася яшчэ таксі 135. Пакуль такое супрацоўніцтва толькі ў Мінску, але цяпер у Брэсце валанцёры спрабуюць зрабіць нешта падобнае.

cep.jpg


Электронныя бранзалеты для хворых

Праблема людзей са стратай памяці стала нагодай для стварэння асобнага праекта “Анёла” – “Пад крылом”: на сродкі спонсараў атрад закупіў сучасныя электронныя бранзалеты з GPS-навігатарам, якія дазваляюць адсочваць перамяшчэнне хворых людзей і хутка іх знайсці. Гэта каштоўнае абсталяванне (1000 рублёў за бранзалет) “Анёл” дае ў арэнду на запыт людзей. Цяпер такія бранзалеты носяць 4 чалавекі, а ўсяго іх закуплена 50 штук.
– Увесь свет спрабуе стварыць умовы для камфортнага жыцця людзям з дэменцыяй, хваробай Альцгеймера. Бо можна замкнуць чалавека дома і павесіць краты на вокны, а можна надзець на яго бранзалет, не абмяжоўваючы ў дзейнасці. Бранзалет нельга зняць з рукі, выключыць ці перанастроіць. Гэта вельмі добрае рашэнне праблемы, якое мы здолелі зрабіць дасягальным для людзей: мы не прадаём прыборы, а даём у арэнду, і людзі плацяць толькі за яго амартызацыю і выкарыстанне, – тлумачыць Сяргей.

hramoty_420x561.jpg


Эфектыўнасць несувымерная выдаткам

Каб завезці ў краіну гэтыя ўнікальныя прыборы, спатрэбілася процьма часу і намаганняў: вывучэнне рынку і замежнага вопыту, перамовы з пастаўшчыкамі, сертыфікацыя і іншая валакіта. Увогуле, кожны напрамак – сур’ёзная праца. Пры гэтым асноўная дзейнасць атрада – выязджаць на пошукі, якія могуць быць і ноччу, і ў выхадныя, каардынаваць і вучыць валанцёраў, арганізоўваць мясцовую суполку на пошукі, аказваць псіхалагічную дапамогу родным зніклага. За 6 гадоў каманда “Анёла” знайшла больш за 350 чалавек. Можаце ўявіць маштаб яе дзейнасці! Калі б тое ж рабіла дзяржструктура, гэта былі б вялікія выдаткі, выезд такой брыгады каштаваў бы некалькі сотняў рублёў. А валанцёры атрада робяць усё бясплатна, часам на ўласных аўтамабілях, на сваім паліве.
На дзейнасць “Анёла” ў год, як падлічыў Сяргей Коўган, патрэбна каля 81,5 тысячы рублёў: на пакупку, абслугоўванне і рамонт пошукавага абсталявання, камунальныя і арэндныя плацяжы, аплату паліва для аўтамабіля і інш. Сюды ж закладзеныя заробкі 6 чалавек, якіх пакуль няма ў штаце, але яны пажаданыя.
Пры гэтым зарплата кіраўніка атрада цяпер – 600 рублёў.
Відавочна, што эфектыўнасць дзейнасці атрада несувымерная такім невялікім выдаткам. Цяпер праз часопіс “Имена” ідзе збор сродкаў на гадавы бюджэт “Анёла”.
Але скончыцца год, і зноў трэба будзе іх збіраць, і не факт, што гэта ўдасца. Таму пра ідэальны атрад Сяргей можа пакуль толькі марыць.

serhej_i_bespilotnik_800x929.jpg


Атрад мары

– Стабільнасць нашай дзейнасці я бачу ў сталай фінансавай падтрымцы і ўмацаванні рэгіянальных падраздзяленняў, каб яны былі самадастатковымі, бо нерацыянальна накіроўваць наш пошукавы аўтамабіль з Мінска ў Віцебск, напрыклад, – апісвае пажаданую мадэль камандзір “Анёла”. – Добра было б, каб мы мелі стабільную каманду падрыхтаваных валанцёраў, бо іх склад пастаянна мяняецца (у кагосьці нараджаецца дзіця, хтосьці не можа праз працу ці ўжо “выгараў”), таму кожнага новага трэба вучыць зноў.
На гучныя пошукі Максіма Мархалюка ў Гродзенскай вобласці ў першы дзень прыехала больш за 2000 добраахвотнікаў. На такую колькасць не хапала абсталявання і спецыялістаў, якія б маглі разбіць людзей на групы і дакладна выконваць задачы. А без інструктараў пошукавая дзейнасць немагчымая. У Мінску цяпер каля 30 такіх інструктараў, некалькі чалавек – у рэгіёнах. Але гэта ўсё валанцёры, якія працуюць, маюць сем’і і не заўсёды могуць выехаць на пошукі. Таму і патрэбныя людзі менавіта ў штаце атрада, каб дапамагаць у такія моманты.
Калі вы хочаце дапамагчы, далучайцеся.
Ганна Кручкова, budzma.by