Кіраўнік «Yara» пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай: «Мы гатовыя перагледзець рашэнне»
«Yara» вырашыла перагледзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне аб далейшай прысутнасці ў Беларусі.
Сёння ў Осла Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным дырэктарам «Yara» Свейнам Торы Хользетэрам. Падчас сустрэчы абмеркоўваліся правы чалавека, дэмакратыя і супрацоўніцтва нарвежскай кампаніі з «Беларуськаліем», паведамляе «Свабода».
Уражаннямі ад сустрэчы падзялілася лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая адзначыла, што «"Yara" — важны доўгачасовы партнёр для Беларусі».
Яна заклікала кампанію «Yara» прыпыніць сваю дзейнасць у Беларусі «да таго часу, пакуль у нашай краіне не будуць адноўленыя законнасць і дэмакратыя, пакуль не будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні» Яна адзначыла: «На сённяшняй сустрэчы з кіраўніцтвам "Yara" я падкрэсліла, што мы будзем рады бачыць іх кампанію ў якасці партнёра свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў будучыні».
Генеральны дырэктар «Yara» Свейн Торы Хользетэр заявіў: «На ўсіх нас моцна ўплываюць рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, сведкамі якіх мы з’яўляемся. Мы пастаянна спрабуем выкарыстоўваць сваю прысутнасць у Беларусі для гарантыі бяспекі на прадпрыемстве і захавання правоў чалавека, працуем пры падтрымцы некалькіх праваабарончых арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў.
Сённяшняя сустрэча дала мне больш глыбокае ўяўленне пра пазіцыю Святланы Ціханоўскай, і мы дамовіліся, што можам быць больш актыўнымі і прадпрымаць далейшыя дзеянні. "Yara" вырашыла перагледзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне аб далейшай прысутнасці ў Беларусі. Тым часам мы працягнём выкарыстоўваць сваё становішча для далейшага прасоўвання пытання бяспекі працоўных і правоў чалавека».
У інтэрв’ю тэлеканалу «NRK» напярэдадні сустрэчы Свейн Торы Хользетэр адзначыў, што цяпер «Yara» працягвае супрацоўніцтва, бо імкнецца не пакінуць беларускіх рабочых у бядзе, дбае пра тое, каб захоўваліся іх правы. З верасня мінулага года Хользетэр двойчы быў у Беларусі, меў зносіны з незалежным прафсаюзным рухам.
Замест адмовы ад закупу калійных угнаенняў у Беларусі, чаго прасіў страйкам прадпрыемства, «Yara» вырашыла адправіць на «Беларуськалій» свайго прадстаўніка для маніторынгу сітуацыі. Раней у кампаніі заяўлялі, што разрыў пагаднення з салігорскім прадпрыемствам будзе азначаць сыход з Беларусі на доўгі час, а то і назаўсёды.
ААТ «Беларуськалій» трапіла пад новыя санкцыі ЗША, падпісаныя 9 жніўня, як адно з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў калійных угнаенняў і, як лічыць амерыканскі бок, «крыніца незаконнага ўзбагачэння рэжыму», на чале якога стаіць Лукашэнка.