Вячорка: на сустрэчу з Ціханоўскай гендырэктар Yara ішоў з рашэннем заставацца ў Беларусі
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што «рашэнне Yara пераглядзець супрацу з «Беларуськаліем» – моцны і непрыемны сігнал рэжыму».
«На сустрэчу са Святланай Ціханоўскай гендырэктар ішоў з гатовым рашэннем заставацца ў Беларусі, санкцыі пакуль Yara не закранулі, – кажа Франак Вячорка. – Заява, якая з’явілася ў выніку складаных і не самых прыемных перамоваў, істотна адрозніваецца ад пазіцыі, агучанай за дзень да таго ў нарвежскіх СМІ».
Аргументы Yara, каб працягваць працу з Беларуссю: абавязальніцтвы перад партнёрамі, якія закупілі прадукцыю наперад, немагчымасць прыпыніць кантракт часова (толькі спыніць, і не вярнуцца на гады), просьбы незалежных прафсаюзаў і некаторых праваабарончых арганізацыяў застацца.
Ціханоўская перадала дакумент з хронікай рэпрэсіяў за апошнія месяцы і папрасіла замарозіць супрацу зараз.
«У выніку Yara паабяцала пераглядзець кантракт з "Беларуськаліем" у бліжэйшыя месяцы. Спадзяемся, гэта адбудзецца раней за снежань», – падсумоўвае Вячорка.
Yara – найбуйнейшы сусветны вытворца ўгнаенняў. Беларуская калійная кампанія з'яўляецца адным з дзевяці яго ключавых пастаўшчыкоў. Бакі працуюць па пяцігадовых кантрактах. За 11 месяцаў 2020 года выручка склала 66 млн даляраў.
@nashaniva