Класкоўскі: Рэжым Лукашэнкі здатны толькі на ўбогую «міласэрнасць»
Палітычны аналітык — пра тое, наколькі паказальна вяртанне праз дзяржкамісію беларуса, з якога ўсё ж не знялі «крыміналку».
![Фота: Delfi Фота: Delfi](/img/v1/images/e8167430_73f9_11ed_a55d_d7593469e146.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Delfi
На АНТ паказалі сюжэт пра беларуса
Сяргея Петрулевіча, які вярнуўся праз дзяржкамісію.
Мужчына працаваў дыспетчарам камунгаса ў Ваўкавыску, а ў 2021 годзе з'ехаў у
Беласток праз палітычны пераслед (справу распачалі за абразу сілавіка і
прадстаўніка ўчастковай выбарчай камісіі).
Месяц таму Петрулевіч вярнуўся ў Беларусь. У сюжэце АНТ ён распавёў, што крымінальную справу супраць яго пакуль не закрылі, але дзякуючы звароту ў камісію па вяртанні яго пакінулі чакаць суда пад падпіскай аб нявыездзе.
Чаму ўладам так важна распавядаць пра беларусаў, якія вярнуліся, і якія высновы з гэтага выпадку могуць зрабіць тыя, хто эміграваў з палітычных прычын, «Салідарнасць» спытала ў палітычнага аналітыка праекта «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.
— Не вельмі шмат людзей вяртаюцца з-за мяжы пасля хвалі эміграцыі, якую мы працягваем назіраць з падзей 2020 года. Можна сказаць, што ідэя камісіі па вяртанні правалілася, — адзначае Класкоўскі.
Нават афіцыйныя звесткі паказваюць, што гаворка ідзе пра дзясяткі людзей, а не пра тысячы, як, імаверна, разлічвалі ўлады, бо ім па дзвюх прычынах хацелася б, каб гэтая плынь была большай.
Па-першае, відавочна, што з Беларусі вымыта шмат каштоўных кадраў. Па-другое, з прапагандысцкіх меркаванняў. Улады хочуць паказаць, што тыя, хто з'ехаў, раскаяліся і «паўзуць на каленях» назад. Але паколькі насамрэч ручаёк невялікі, то прапагандысты рэжыму імкнуцца ўхапіцца хоць за якія нешматлікія гісторыі.
Пры гэтым эксперт адзначае, што рэжым Лукашэнкі зусім не велікадушны, а жорсткі і бязлітасны. Таму нават у такіх рэдкіх выпадках ён гатовы дэманстраваць толькі дазіраваную, скупую «міласэрнасць».
— Ведаючы, што гэта будзе паказана ўсёй краіне і за мяжой, улады маглі б дзеля паказухі і дараваць гэтаму чалавеку, таму што, мяркуючы з усяго, ён проста выказваў сваю палітычную пазіцыю ў сацыяльных сетках. Але мы бачым, што і ў гэтым выпадку толькі «змякчылі» пакаранне: не ўпяклі адразу за краты, не надзелі кайданкі.
Што, маўляў, хай радуецца і гэтаму. Як у старым анекдоце пра Леніна: а мог бы і брытвай паласнуць. Гэта значыць, вось такая ўбогая міласэрнасць, таму нядзіўна, што гэтая камісія, па сутнасці, правалілася.
Глядзіце таксама
![«Камісія па вяртанні»: паступіла ўсяго 23 заявы У «камісію па вяртанні» паступіла ўсяго 23 заявы, большасць з іх «не адпавядае крытэрам»](/img/v1/images/belka_48180931_orig_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Эксперт адзначае, што па паведамленнях незалежных СМІ можна заўважыць, як некаторыя беларусы вяртаюцца на радзіму дзякуючы не дзяржкамісіі, а таму, што перачакалі нейкі час за мяжой, а цяпер вырашылі, што іх пранясе.
— Вяртаюцца такія людзі, і іх бяруць цёпленькімі. Такіх прыкладаў дастаткова шмат: ва ўсякім разе не адзінкі, а дзясяткі. Вядома, гэта, мякка кажучы, не стымулюе беларусаў, якія апынуліся за мяжой.
Не сакрэт, што многія, як і Петрулевіч, які перабіваўся выпадковымі заробкамі, апынуліся ў няпростай сітуацыі. І тут уладам і прапагандыстам важна паказаць, што ў Польшчы жывецца дрэнна і толькі Беларусь — гэта найлепшы прытулак.
Вядома, радзіма ёсць радзіма. І калі чалавека прымушаюць каяцца на відэа — гэта здзек.
Спачатку ў людзей адбіраюць радзіму, а потым прымушаюць прасіць літасці толькі за тое, што чалавек адважыўся выказаць сваю палітычную пазіцыю, што ў дэмакратычнай краіне з'яўляецца нормай і правам чалавека.
Беларусы, якія эмігравалі з палітычных прычын, могуць зрабіць дзве галоўныя высновы. Па-першае, рэжым заўсёды можа падмануць і ніякіх гарантый няма. Мы не ведаем, што абяцалі гэтаму чалавеку, але, напэўна, варыянт яму здаўся досыць прывабным. А тут аказалася, што падпіска аб нявыездзе і суд наперадзе.
Калі казаць пра падступства рэжыму, то нямала выпадкаў, калі чалавек вяртаецца, а затрымліваюць яго праз час. Адна з манер рэжыму — трымаць на кручку, а потым знайсці нейкую прычыну па «наноў адкрытых абставінах».
Так што калі чалавек вярнуўся і па першым часе да яго ніхто не грукаецца ў дзверы — гэта не гарантыя, што праз тыдзень ці месяц да яго не наляцяць «маскі-шоу».
Другая выснова, працягвае Класкоўскі, у тым, што рэжым помслівы.
— Усё ідзе ад кіраўніка, які, відавочна, атрымаў моцную псіхалагічную траўму ад пратэстаў 2020 года. Ён якраз і не можа перавярнуць старонку, хоць заклікае да гэтага сваіх апанентаў. Лукашэнка працягвае помсціць.
Аднак ёсць і рацыянальны складнік: Лукашэнка разумее, што ў яго ўжо няма ранейшай электаральнай падтрымкі і што трэба блакіраваць перманентна, інакш, калі аслабіць ціск, тыя, хто, як ён выказваецца, сядзяць пад ліштвай, зноў акрыяюць духам.
А тут ужо насоўваюцца так званыя электаральныя кампаніі, якія ўлады будуць праводзіць хутчэй у паўночнакарэйскім духу. Так што сістэма не будзе даваць паслабленняў і варта чакаць горшага.
Што тычыцца таго, ці будуць улады сачыць за беларусамі, якія вярнуліся праз камісію па вяртанні, то эксперт адзначае наступнае: «У цяперашняй Беларусі ўсё пад каўпаком: і тыя, хто не выязджаў, і тыя, хто вярнуўся».
— Рэжым уступіў у фазу, калі толькі рэпрэсіі і толькі
падтрыманне высокага ўзроўню страху (з яго пункту гледжання) могуць забяспечыць
далейшае ўтрыманне ўлады, — падсумаваў
Класкоўскі.