Клопат пра народ на прыкладзе адной дарогі

У Белаазёрску мясцовыя ўлады зрабілі справаздачу аб правядзенні аднаўленчых работ на ўчастку дарогі, за рамонт якой падпісаліся больш за 10% жыхароў горада ў межах кампаніі «За наш горад». Але ці быў рамонт?

belooziorsk.jpg

«Каля года доўжыцца цяжба жыхароў Белаазёрска з рознымі органамі ўлады: мясцовы выканкам, райвыканкам, аблвыканкам, Савет Міністраў, раённае і абласное ДАІ. Нашу ініцыятыву аб неабходнасці правядзення рэканструкцыі гэтага важнага ўчастка дарожнага пакрыцця для белаазерцаў падтрымалі больш за 1000 жыхароў горада. Гаворка ідзе аб участку дарогі і прылеглых да яго тэрыторый ад вул. Пушкіна да вул. Энергетыкаў» — каментуе сітуацыю актывіст кампаніі «За наш горад», кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Валянцін Лазарэнкаў.

Нагадаем, што ў сваім звароце жыхары горада паказваюць, што гэтая тэрыторыя ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў вельмі нездавальняючым стане. На ёй маюцца ямы, калдобіны, няроўнасці, ўчастак дарогі не абсталяваны тратуарным пакрыццём, адсутнічае дарожная разметка, няма падзелу палос руху, дарожнае палатно практычна адсутнічае. Акрамя таго ў выніку правалу асфальтавага пакрыцця там утварылася яма ў некалькі метраў.

«У сваім адказе Белаазёрскі і Бярозаўскі выканаўчыя камітэты паведамляюць, што асноўныя работы па перекладке каналізацыйнай сеткі па вул. Пушкіна і вул. Энергетыкаў завершаны, а таксама выкананы работы па аднаўленні парушаных участкаў праезнай часткі і пешаходных сувязяў. На практыцы засыпалі толькі яму - вось і ўсё аднаўленчыя работы!» — каментуе адказ уладаў адзін з ініцыятараў звароту, мясцовы актывіст кампаніі «За наш горад» Аляксандр Кузьмін.

«Асфальтавае пакрыццё было пакладзена ў гэтых месцах больш за 40 гадоў таму назад! Мы вырашылі не здавацца і запускаем працэс па трэцім крузе. Працягваем змагацца за добраўпарадкаванне дадзенай тэрыторыі з устаноўкай дарожных бартоў, асфальтабетоннага пакрыцця, пешаходных дарожак, ліўневай каналізацыі і асвятлення тэрыторыі... І ў гэтым няма нічога асаблівага, мы патрабуем толькі выканаць тыя стандарты, якія самі ўлады і ўстанавілі для дарожнага пакрыцця ў Рэспубліцы Беларусь. Бяспека і якасць жыцця павінны быць прыярытэтамі дзяржавы» — дадае Аляксандр Кузьмін.

У Брэсцкай вобласці ў межах кампаніі «За наш горад» грамадскія актывісты аказваюць дапамогу жыхарам рэгіёнаў у вырашэнні мясцовых праблем.