Цьяга Тоэс: Беларусы павінны сабой ганарыцца

Колеры Бразіліі зноў на вуліцах Мінска. ​Нам пашанцавала на нейкі час адарваць бразільскага мастака Цьяга Тоэс ад працы і крыху пагутарыць «за жыццё ды творчасць».  І вось што з гэтага атрымалася.



177_logo.jpg

Vullica Brazil — беларуска-бразільскі стрыт-арт фестываль, арганізаваны Пасольствам Бразіліі пры падтрымцы "Аліварыі"  распачаўся 30 жніўня ў Мінску.

Гэта значыць, што мінчукі зноў стануць сведкамі таго, як шэрыя, зусім непрыкметныя будынкі расквецяцца яркімі колерамі і стануць цэнтрам прыцягнення непаўторнай атмасферы бразільскага карнавалу і свабоды асобы

Зноў — бо гэта ўжо другая імпрэза, першая адбылася год таму і адразу прыйшлася даспадобы жыхарам сталіцы.

Адзін з удзельнікаў фестывалю — бразільскі мастак Цьяга Тоэс (Thiago Toes). Ён нарадзіўся ў Бразіліі, у Сан-Бярнарду-Ду-Кампу. У сваіх працах робіць акцэнт на малюнак космасу і мадыфікацыю чалавечай выявы. Удзельнічаў у выставах у Бразіліі, ЗША, Велікабрытаніі, Францыі.

Нам пашанцавала на невялікі час адарваць Цьяга ад працы і крыху пагутарыць з ім “за жыццё ды творчасць”.

Цьяга Тоэс распавёў, што гэтай працай ён хоча паказаць беларусам, што яны мусяць ганарыцца сабой. Людзі павінны адчуць сябе такім ж бліскучымі, цудоўнымі і прыгожымі, як тыя каштоўныя камянні, што ён малюе на сцяне.

— Хто ці што натхняе вас на творчасць?

— Абсалютна ўсё, што здараецца ў жыцці, натхняе мяне і ўплывае на маю працу. Што тычыцца канкрэтна гэтага твору: я вельмі ўражаны касмічнымі даследаваннямі, якія рабіліся ў былым СССР (у тым ліку, і ў Беларусі). У маіх працах вельмі шмат матываў космасу, сусвету, зорак, таму гэта мяне вельмі натхняе.

— Як у Бразіліі ставяцца да стрыт-арту і да мастакоў, якія працуюць у гэтым кірунку? Вось, напрыклад, нядаўна ў Беларусі за графіці ледзь было не пасадзілі. Вядома, гэта быў вельмі палітычны  стрыт-арт, але інцыдэнт быў.

— Граффіці існуе незалежна ад урадаў, іх жорсткай альбо мяккай палітыкі. Праз граффіці мы прадстаўляем сябе, і гэтае памкненне немагчыма кантраляваць прымусам. Наадварот, чым больш жорстка ўрад забараняе вулічнае мастацтва, тым больш законаў у выніку будзе парушана, таму што калі людзям ёсць што сказаць, яны ўсё адно скажуць гэта.

— Ці складана прабіцца маладому мастаку ў Бразіліі?

— Ёсць два розных шляхі: хтосьці вывучае акадэмічнае мастацтва ва універсітэтах. Але гэта толькі для прывілегіяванных. У той жа час займацца вулічным мастацтвам вельмі лёгка. У Бразіліі людзі сяброўскія і адкрытыя. Калі ты спытаеш чалавека: ці можна намаляваць граффіці ў яго на сцяне, у большасці выпадкаў ён шчыра ўзрадуецца, што нехта хоча ўпрыгожыць яго дом новымі фарбамі, колерамі, зместам. Такім чынам, для маладых мастакоў распачынаць сваю кар'еру з вуліцы лёгкі і натуральны шлях.

Пабачыць працы Цьяга Тоеса ды іншых мастакоў можна па адрасах:

Завод "МЗОР" на Кастрычніцкай, 16: мастакі Izum і Сowek (Беларусь, Ліда)

Разлiковы Цэнтр НБРБК на Кальварыйскай, 7: Thiago Toes (Бразілія, Сан-Паўлу)

вул. Энгельса, 34-а:  Густаў і Атавіа Пандолфу (Бразілія, Сан-Паўлу)

вул. Калініна, 1: Kontra (Беларусь, Вялікія Матыкалы) і RIMON (Бразілія, Курыціба).

Фэст працягнецца да 12 верасня, а завершыцца вялікім святам вулічнага мастацтва ў Дзень Горада на вуліцы Кастрычніцкая, пачатак у 12 гадзін.

У праграме: канцэрты Morfe, Shuma, дыджэі OSGEMEOS, Rimon, DSS, KorneJ, Gata, актыўнасці: street-art-lounge-мабіль, live-painting, капуэйра і бразільскія танцы, баскетбол, скейтборд, смачная купкоўка, аўтобусныя і вяла-туры па месцах стрыт-арта Vulica Brasil.

Падрабязная праграма фэсту і шмат іншай цікавай інфармацыі тут.

Фота аўтара