Колькасць авіярэйсаў з Блізкага Усходу ў Мінск падвоілася

Да сакавіка аэрапорт беларускай сталіцы рыхтуецца штотыдзень прымаць каля 40 рэйсаў са Стамбула, Дамаска і Дубая, піша нямецкі штотыднёвік Welt am Sonntag. Гэта ўдвая больш, чым пазамінулай зімой.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларусь значна павялічыла колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу ў Мінск, паведаміў у нядзелю, 7 лістапада, нямецкі штотыднёвік Welt am Sonntag са спасылкай на актуальныя даныя аб прыбыцці самалётаў у аэрапорт беларускай сталіцы. Згодна з гэтымі звесткамі, да сакавіка з аэрапортаў Стамбула, Дамаска і Дубая ў Мінск запланаваны штотыдзень каля 40 рэйсаў. Паветраныя гавані гэтых гарадоў зараз часцей за ўсё выкарыстоўваюць мігранты для прамых пералётаў у Беларусь, каб адправіцца далей у краіны ЕС.
Такім чынам, колькасць рэйсаў з рэгіёна ў Мінск вырасла больш як удвая ў параўнанні з зімой 2019-2020 гадоў, зазначае газета. Тады ў Мінску ў тыдзень прызямляліся каля 17 самалётаў з гэтых і іншых аэрапортаў на Блізкім Усходзе. Колькасць палётаў, як паведамляецца, яшчэ скарацілася пасля пачатку пандэміі каронавіруса.
Цяпер у Беларусь штодзень прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў, сведчаць звесткі нямецкіх спецслужбаў, якія прыводзіць Welt am Sonntag. У сувязі з гэтым, паводле інфармацыі выдання, неўзабаве могуць быць задзейнічаны для абслугоўвання рэйсаў з краін Блізкага Усходу яшчэ пяць беларускіх аэрапортаў. Яны ператворацца з нацыянальных у міжнародныя. Адзін з іх размешчаны ў Гродне, усяго за 20 кіламетраў ад польскай мяжы.
«Сітуацыя на ўсходняй мяжы з'яўляецца беспрэцэдэнтнай і вынікам зусім беспрынцыпнога, агрэсіўнага рэжыму, — сказала Welt am Sonntag еўракамісар па ўнутраных справах ЕС Ільва Юхансан. — Лукашэнка ў роспачы, ЕС ідзе супраць яго рэжыму і разглядае далейшыя санкцыі».
З пачатку лістапада на тэрыторыю Германіі з Беларусі незаконна прыбылі 572 чалавекі, паведамілі ў федэральнай паліцыі ў пятніцу, 5 лістапада. Па афіцыйных даных, за ўвесь 2021 год было зафіксавана 8407 выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы. Самай напружанай сітуацыя застаецца на мяжы Германіі з Польшчай.
dw.com