«Колькі лядоўняў і тэлевізараў павінен мець беларус, каб стаць дэмакратам і размаўляць па-беларуску?»
Палітолаг Павел Усаў разважае пра сувязь між нацыянальным адраджэннем і матэрыяльным дабрабытам.
— Дыскусія, датычная супярэчнасці нацыянальнага духу і матэрыі, працягвае быць актуальнай. Нават нацыянальна арыентаваныя чытачы ўпэўненыя ў тым, што тыя палітычныя сілы, якія ў Беларусі будуць ў першаю чаргу ставіць Адраджэнне, а потым матэрыяльны дабрабыт, то яны прайграюць. Гэта складанае і супярэчлівае пытаньне. Хаця. Што такое нацыянальнае Адраджэнне?
У сукупнасці яно азначае:
1. Вяртанне поўніцы нацыянальнага суверэнітэту (выхаду з усіх дамоваў з Расіяй і аднаўленне мяжы на Усходзе);
2. Дэсаветызацыю і дэрусіфікацыю;
3. Люстрацыю і пакараньне ўсіх тых, хто спрычыніўся да палітычнага гвалту з 1995 па 202...
4. Вяртанне нацыянальных і дзяржаўных сімвалаў;
5. Вяртанне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай мовы, што між іншым азначае (нават па лукашэнкаўскай) канстытуцыі адукацыю і справаводства на беларускай мове. Гэта азначае, што любы дзяржслужачы, настаўнік, палітык, дырэктар школы ці шпіталю павінен валодаць беларускай мовай на такім самым узроўні, як расійскай. Нават дзяржаўнае двумоў’е, зафіксаванае ў «канстытуцыях», не вызваляе грамадзянаў Беларусі ад абавязку ведаць беларускую мову і валодаць ею! На жаль, двумоў’е выкарыстоўваецца як права не ведаць роднай мовы.
З гэтага, ад чаго на этапе сістэмнага адраджэння і дмакратызацыі мы павінны адмовіцца, каб насельніцтва Беларусі дэмакратызацыю падтрымала.
Закладаем, што рэформы (эканамічныя і палітычныя) могуць прывесці да пагаршэньня сітуацыі (банкроцтваў прадпрыемстваў, безпрацоў’я, інфляцыі), паніжэньня ўзроўню дабрабыту. Асабліва, калі прыдзецца разарваць адносіны з Расіяй.
Што атрымоўваецца?
1. Нельга ставіць пытаньне разрыву з Расіяй? Захаваем з ею эканамічны-стратэгічны саюз? Бо як жа мы рэфармуем гаспадарку без расійскіх крэдытаў;
2. Пачакаем з вяртаннем нацыянальнай сімволікі? Бо гэта не будзе прыярытэтам, трэба спачатку стабілізаваць краіну;
3. Люстрацыя? Да вы што? У перыяд крызісу і нестабільнасці? Патрэбны ж будуць сілавікі, каб краіна не апынулася ў хаосе, калі пачнецца люстрацыя, то гэта выклічыць незадаволенасць у сілавікоў, яны пачнуць сабатаваць загады сістэмы, асабліва калі яшчэ прымусіць іх хадзіць пад новымі сімваламі. Варта пачакаць?
4. Канстытуцыя? Ну і куды ж там дэмакратычныя змены, новыя выбары? Небяспечна. Асабліва, калі абмежаваць паўнамоцніцтвы прэзідэнта. Адкуль мы ведаем, што народ гатовы да дэмакратыі і свабоды. Дай яму гэта і мы апынемся ў 90-х? Так што моцная цэнтральная ўлада будзе патрэбна на пераходным этапе.
5. А пра мову? А пра мову я ўжо і не кажу.
І вось пытанне, калі вымераць нацыянальны і палітычны дух матэрыяльнымі каштоўнасцямі, то ўмоўна які павінен быць сярэдні заробак беларуса, (ці колькі лядовен і тэлевізараў) павінен мець беларус каб стаць дэмакратам і размаўляць па-беларуску?
А з іншага боку, калі гэты дабрабыт запэўнівае расійска-арыентаваны аўтарытарызм, то навошта насельніцтву ўвогуле нешта мяняць, дзеля таго каб на чарговых «дэмакратычных» выбарах выбраць новы расійска-арыентаваны аўтарытарызм?
Я думаю, што дух немагчыма вымерыць лядоўнямі, ці машынамі. Нацыянальны Дух можа адрадзіцца толькі ў свабодзе, а свабода ў Нацыянальным Духу.
У сваю.чаргу, я мяркую, што сітуацыя ў перыяд постлукашызму будзе альбо значна горшай, чым ў 90-я, альбо значна лепшай. Беларусь і беларусы больш за 30 год функцыянавалі ў сістэме кодаў дзяржаўнай незалежнасці, але да канца не асэнсавалі яе каштоўнасці. Пераход жа новага гістарычнага этапу можа адбывацца хутчэй і прасцей. Тое, што варта рабіць зараз — гэта кансалідаваць, развіваць, узбагачаць нацыянальнае мысьленне.