Крызіс — гэта...
Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка даволі рэзка выказаўся наконт антыкрызіснай праграмы апазіцыі. «Заводы неадкладна «парэзаць», прыватызаваць, зямлю раздаць людзям... Мне сёння кажуць — прадай. Па такіх цэнах, што гэта фактычна азначае аддаць задарма, — абурыўся Лукашэнка. — Чые яны ідэі нам з вамі падкідваюць? Ясна чые: хтосьці, відаць, праплаціў, вось яны і пачынаюць плявузгаць. Не атрымаецца! Сёння ніхто нічога не плануе прадаваць задарма.
Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка даволі рэзка выказаўся наконт антыкрызіснай праграмы апазіцыі. «Заводы неадкладна «парэзаць», прыватызаваць, зямлю раздаць
людзям... Мне сёння кажуць — прадай. Па такіх цэнах, што гэта фактычна азначае аддаць задарма, — абурыўся Лукашэнка. — Чые яны ідэі нам з вамі падкідваюць? Ясна чые:
хтосьці, відаць, праплаціў, вось яны і пачынаюць плявузгаць. Не атрымаецца! Сёння ніхто нічога не плануе прадаваць задарма. Гэтага не будзе, не ў гэтым сэнс лібералізацыі нашай эканомікі»,
— казаў Аляксандр Рыгоравіч.
На гэтым тыдні беларуская апазіцыя прадставіла «адказ Чэмберлену». Але паколькі прэзідэнт рассякае на гарналыжных курортах, апазіцыянеры вырашылі звярнуцца непасрэдна да
народа.
У панядзелак прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл заявілі: «У АДС ёсць падыходы, звязаныя з тым, што неабходна ў першую чаргу вырашыць, каб наступствы крызісу як мага менш
ударылі па грамадзянах Рэспублікі Беларусь. Ёсць Антыкрызісная платформа, але гэта вельмі сур’ёзны дакумент, і не кожны будзе яе чытаць. Таму планава-аналітычнай групай АДС было падрыхтавана
пасланне, у якім гаворыцца, што трэба зрабіць, каб змякчыць наступствы крызісу, і як мы ацэньваем сітуацыю ў Беларусі», — паведаміў намеснік старшыні Партыі камуністаў Беларускай
Валерый Ухналёў.
Што ж прапануе АДС? Напрыклад, устанавіць дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні пражытачнага мінімуму, а пры звальненні работнікаў у сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта і пры скарачэнні —
выплачваць ім выхадную дапамогу за кошт наймальніка, ствараць новыя працоўныя месцы за кошт стымулявання бізнесу, адмовіцца ад адміністрацыйнага рэгулявання колькасці працаўнікоў у індывідуальных
прадпрымальнікаў. Прапаноўваецца стварыць эфектыўную дзяржаўную сістэму перакваліфікацыі беспрацоўных, устанавіць штомесячныя даплаты навучэнцам і студэнтам, шматдзетным сем’ям, інвалідам і
дзецям-сіротам, устанавіць стандарт сярэдняй пенсіі ў памеры 50% ад узроўню сярэдняй зарплаты, зняць абмежаванні на занятасць пенсіянераў.
Сродкі на рэалізацыю гэтых мер можна знайсці, калі скараціць не менш чым на 30 працэнтаў фінансаванне органаў улады, адмовіцца ад затратных праектаў (будаўніцтва АЭС, аграгарадкоў, лядовых палацаў),
увесці мараторый на закупку за дзяржаўны кошт аўтатранспарту і офіснай тэхнікі і ўстанавіць абмежаванні акладаў і матэрыяльнага ўзнагароджання кіраўнікам прадпрыемстваў, што атрымліваюць бюджэтныя
датацыі.
Ідэі, канешне, цікавыя. Аднак наўрад ці да іх нехта прыслухаецца. «Скараціць не менш чым на 30 працэнтаў фінансаванне органаў улады», — гэта значыць, не менш чым на 30
працэнтаў падвысіць беспрацоўе сярод чыноўнікаў. А гэтым беспрацоўным потым прыйдзецца плаціць «дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні пражытачнага мінімуму». Ці не выйдзе «тое
на тое»?
А наконт адмовы ад «будаўніцтва АЭС, аграгарадкоў, лядовых палацаў», — гэта ж наша ўсё! Калі адмовімся ад гэтага, чым жа мы будзем ганарыцца ў перыяд крызісу? Як спявалася
ў вядомай песні: «У савецкіх уласны гонар». І нам трэба нечым ганарыцца.
Больш за тое, дэмакраты замахнуліся на самае святое. Паводле слоў Ухналёва, у сітуацыі крызісу патрэбны палітычныя пераўтварэнні ў Беларусі. «Неабходна, каб да ўлады прыйшлі новыя людзі, з
новым поглядам і з новымі падыходамі, і правялі пераўтварэнні, якія дазволяць зменшыць наступствы крызісу, што будуць непазбежна праяўляцца ў Беларусі. Цяперашняя ўлада няздольная вывесці Беларусь з
той ямы, да якой мы ўпэўнена ідзем», — заявіў В. Ухналёў.
Божухна, нельга ж так! А калі раптам прэзідэнт паслухае, нарэшце, апазіцыю, і «да ўлады прыйдуць новыя людзі, з новым поглядам і з новымі падыходамі»? Гэтыя новыя людзі ва ўладзе
скароцяць не менш чым на 30 працэнтаў выдаткі на сваё ж фінансаванне? Не смяшыце мае тапкі! На такіх умовах ніякія новыя людзі ва ўладу не пойдуць!
А тым часам Беларусь мае шанцы выйсці з крызісу іншым шляхам — праз Еўропу. На тыдні ў Мінск завіталі праграмны дырэктар сусветнай праваабарончай арганізацыі Amnesty International
(«Міжнародная амністыя») па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нікала Дакворт і эксперт па Беларусі гэтай арганізацыі Хэза Макгіл. Яны выказалі не вельмі прыемныя для Беларусі рэчы, аднак і
скіравалі Беларусь на выхад з гуманітарнага крызісу.
Згодна дакладу «Міжнароднай амністыі», у 2008 годзе ў Беларусі было пакарана смерцю людзей больш, чым у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Беларускім уладам варта неадкладна і
без якіх-небудзь умоў увесці мараторый на вынясенне і выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку на шляху да поўнага скасавання смяротнай кары, лічаць эксперты «Міжнароднай
амністыі».
І гэты заклік, здаецца, знайшоў водгук у беларускай улады. У 2008 годзе выключная мера пакарання ў выглядзе смяротнай кары была прызначана двум чалавекам, паведаміў журналістам 25 сакавіка намеснік
старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. Ацэньваючы сітуацыю ў гэтай сферы, ён зазначыў: «Мы ўшчыльную падышлі да мараторыя».
Мараторый на смяротнае пакаранне — адна з умоваў Еўропы на паляпшэнне адносінаў з Беларуссю. Можа, за мараторый грошай насыплюць?
Адзінае, на што, здаецца, абвясцілі мараторый, дык гэта на барацьбу з «зялёным зміем». Законапраект «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі» не прадугледжвае
павелічэння ўзроставага абмежавання на продаж спіртнога. Пра гэта паведаміла сябра камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Палаты прадстаўнікоў Алена Шамаль. Пры
распрацоўцы дакумента ўносіліся прапановы замацаваць у ім палажэнне пра забарону продажу спіртных напояў асобам ва ўзросце да 21 года. Але «продаж алкагольных напояў рэгулюецца спецыяльнымі
заканадаўчымі актамі, таму названую папраўку вырашылі з законапраекта выключыць», — паведаміла А. Шамаль.
Так што трэба падумаць, на што найперш трэба ўводзіць мараторый.