Крыніцы: бізнэсмена Чыжа «кашмараць», бо лічаць, што ён схаваў мільярды
1 верасня быў зменены даўні ўказ Лукашэнкі аб прэферэнцыях чыжоўскаму «Трайплу», які цяпер мае вярнуць у бюджэт атрыманыя 13 гадоў таму льготы. Сам Чыж працягвае знаходзіцца ў СІЗА. Крыніцы «Нашай Нівы» тлумачаць, што можа стаяць за гэтым рашэннем.
Сэнс прэтэнзій палягае ў тым, што ўлады лічаць, нібыта Чыж у свае найлепшыя камерцыйныя гады вывеў з Беларусі і схаваў за мяжой значную суму грошай, якая можа перавышаць мільярд долараў.
Цяпер Чыжа змушаюць вярнуць гэтую суму, але для таго няма
юрыдычных падстаў: афіцыйна бізнэсмен павінен вярнуць толькі тое, што яму
налічылі ў 2016 годзе па першай крымінальнай справе за ўхіленне ад сплаты
падаткаў. Гэта ён па графіку стараецца пагашаць.
Крыніцы адзначаюць, што сплата па першай крымінальнай
справе і дала нагоду меркаваць, што грошы ў бізнэсмена маюцца. А змена ўказа
Лукашэнкі стварае юрыдычныя абгрунтаванні для спагнання новых сум.
Разам з тым, у бізнэс-колах выказваюць сумневы пра
фінансавую паспяховасць Юрыя Чыжа. Няма сумневаў, што ў свой час ён
распараджаўся мільярдамі, але значная частка яго актываў цяпер кіруецца іншымі
бізнэсменамі. А сам Чыж шосты месяц знаходзіцца ў СІЗА. Разам з ім былі
затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся партнёрамі пасля
разгрому яго імперыі.
Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджменту
«Кварцкрэйдапрама» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала
крэйдай Бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (з бізнэс-імперыі Чыжа). Ёсць
пытанні да кіраўнікоў «Данпрада» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое
вырабляла свініну.
Нарэшце, пачаліся праблемы ў «НафтаХімТрэйдынгу» — гэта
адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак,
тры з якіх знаходзяцца ў Мінску, забралі ліцэнзію на продаж паліва.
Як вядома «НН», гэтая справа перагукаецца з ранейшай
крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м, калі яго затрымлівалі па падазрэнні
ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Тады
справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. Але, як можна
меркаваць, рахунак яму выставілі немалы і расцягнуты ў часе. Ён па сёння вінны
і дзяржаве, і бізнэс-партнёрам, якія спаганялі з яго даўгі праз суд.