Крыж рэпрэсаваным пакутнікам

Грамадскія актывісты Слуцка аднавілі паламаны крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Каліта.

kryzy_012_logo.jpg

2 мая 2016 года ўсталявалі і асвяцілі драўляныя крыжы ў памяць расстраляных былых вязняў Слуцкай турмы ў змрочныя 1930-я гады. Гэта адбылося ў лясных масівах у трох месцах непадалёку ад вёскі Каліта. Больш за год вандалы не чапалі крыжы. Перыядычна грамадскія актывісты наведвалі гэтыя мясціны і радаваліся, што крыжы стаялі некранутыя.

kryzy_018_logo.jpg

Аднак калі напрыканцы ліпеня 2017 года адзін з ініцыятараў усталявання крыжоў Анатоль Балакір прыехаў туды разам з святарамі Чыжэвіцкай праваслаўнай царквы Салігорскага раёна, дык на адным з месцаў расстрэлаў яны ўбачылі паламаны крыж.

 Анатоль Балакір распавёў, што ў гэтым лясным масіве ў 1937 годзе быў расстраляны святар Чыжэвіцкай царквы. Зараз святары зацікаўлены ў тым, каб на месцах расстрэлаў была пабудавана невялічкая капліца, дзе б яны маглі перыядычна праводзіць набажэнствы і маліцца за ўсіх нявінных ахвяраў сталінскага рэжыму.

kryzy_016_logo.jpg

 — Крыж быў паламаны, знесены з месца і закінуты ў гушчар. Нам усім было вельмі сумна, што знаходзяцца такія людзі, якія здольны на акты вандалізму, — гаворыцьАнатоль Балакір. — У іншым месцы непадалёку ад крыжа ў лясным гушчары месціцца “зона адпачынку”. Вынік гэтакага адпачынку — пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і смецце. Нявінныя людзі тут знайшлі пакуты і смерць, а сённяшняе пакаленне п’е і гуляе літаральна на іх магілах.

Грамадскі актывіст лічыць, што без дзяржаўнай дапамогі такія акты вандалізму могуць паўтарыцца.

 — Патрэбна давесці да грамадства інфармацыю пра месцы масавай гібелі сталінскіх ахвяраў. Магчыма, каб людзі больш дакладна ведалі аб тым, што тут адбывалася, яны знайшлі б іншае месца для гулянак, — разважае Анатоль.

3 жніўня чацвёра неабыякавых случчан аднавілі крыж каля вёскі Каліта Слуцкага раёна і звярнуліся за падтрымкай у Вясейскі сельскі выканаўчы камітэт. На жаль, старшыня сельвыканкама адсутнічала на рабочым месцы. У тэлефоннай размове яна сказала, што тэрыторыя дадзенага ляснога масіву перададзена ў склад Вясейскага сельсавета толькі ў мінулым годзе, і яна “не валодае поўнай інфармацыяй аб прадмеце размовы”.

Грамадскія актывісты спадзяюцца, што ў хуткім часе старшыня сельвыканкама павінна будзе больш пэўна акрэсліць сваю пазіцыю і збіраюцца на прыём у старшыні Слуцкага райвыканкама.