Алена Анісім сустрэлася з сябрамі слуцкай філіі ТБМ
Намеснік старшыні рэспубліканскага ТБМ, дэпутат Парламента Алена Анісім сустрэлася ў Слуцку з мясцовымі сябрамі ТБМ і жыхарамі горада. Сустрэча адбылася ў памяшканні Слуцкай раённай бібліятэкі.
Як паведаміла сама дэпутат, адной з мэт сустрэчы была актывізацыя дзейнасці мясцовай гарадской арганізацыі ТБМ.
Зараз на ўліку ў Слуцкай арганізацыі ТБМ знаходзіцца больш за 20 чалавек, аднак, у апошнія гады яна не вызначалася актыўнасцю.
Алена Анісім папрысутнічала на справаздачна-выбарным сходзе, распавяла аб накірунках дзейнасці рэспубліканскай арганізацыі і пажадала поспехаў у працы па беларусізацыі Слуцка новаабранай гарадской Радзе.
Паслухаць дэпутата Парламента і задаць ёй пытанні прыйшлі каля 30 чалавек.
Выбаршчыкаў цікавілі праблемы моўнай сітуацыі ў краіне, а таксама праца дэпутата ў камісіі па адукацыі, некаторыя аспекты заканадаўства ў галіне ЖКГ, працоўных адносін і пенсійнага заканадаўства. Некалькі жанчын нават прыехалі з вёскі Варкавічы Слуцкага раёна, каб агучыць дэпутату праблему з дрэннай вадой у сувязі з блізкімі могілкамі.
У размове з карэспандэнтам НЧ Алена Анісім падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы.
— Мне сустрэча спадабалася, таму што я пабачыла шмат жывых, неабыякавых людзей, якіх хвалююць пытанні мовы і адукацыі, будучыні краіны. Лічу, што ў нашых суайчыннікаў ёсць патрэба ў дыялогу і рэалізацыі сябе як грамадзян, і такія сустрэчы павінны працягвацца, — распавяла дэпутат.