Крыжалом у Курапатах: добраўпарадкаванне ці акт дзяржаўнага вандалізму?

Два месяцы з моманту пачатку масаванага зносу крыжоў у Курапатах. За гэты час большасць асноўных фігурантаў так званага добраўпарадкавання так і не была названая. Надаем нашым чытачам усю назбіраную інфармацыю і права самастойнага вызначэння персанальнай вінаватасці кожнай асобы, пададзенай у публікацыі.

10_3_642x336.jpg

Дата 4 красавіка 2019 г. увайшла ў найноўшую гісторыю Беларусі як адная з самых чорных ейных старонак. У гэты дзень на досвітку ў Курапаты была прывезеная будаўнічая спецтэхніка, трактары і бульдозеры. Пад прыкрыццём сілавых ведамстваў пачалося знішчэнне крыжовага перымэтру, якія ўсталяваў беларускі народ, і які стаўся часткаю Народнага мемарыялу Курапаты. 13 красавіка аперацыя па ліквідацыі крыжовага перымэтру працягнулася. Знесеныя агулам амаль 100 крыжоў у душы народу адбіліся трапным словам – Крыжалом. Гэтае слова можа сімвалізаваць акт дзяржаўнага вандалізму – бо меркавана гэтае вызначэнне найбольш адпавядае зносу крыжоў на месцы найвялікшага расстрэльнага палігону ў Беларусі з масавымі пахаваннямі забітых савецкім рэжымам людзей.
Зараз пад пагрозай знішчэння знаходзіцца ўвесь Народны мемарыял Курапаты. Спрабуюць знішчыць менавіта сам народны чыннік мемарыялу, які беларускі народ ствараў сваімі сіламі ўсе тры апошнія дзесяцігоддзі.
Цалкам мажліва, у гістарычнай перспектыве нашчадкі будуць ставіць Крыжалом у адзін шэраг з ліквідацыяй канстытуцыйнага ладу ў Беларусі, знішчэннем парламентарызму, нацыянальнае сімволікі, нацыянальнае сістэмы адукацыі, здзяйсненнем татальнай русіфікацыі, дэзынтэграцыі і палітычнай дэсацыялізацыі беларускага грамадства, а таксама ўцягненнем Беларусі ў смяротныя абдымкі «Союзного государства».
След асабліва зазначыць, што ў працэсе падрыхтоўкі матар’ялу аўтарам была атрыманая афіцыйная інфармацыя ад начальніка аддзелу па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Д.Р.Васілевіча і першага намесніка старшыні Менскага аблвыканкаму І.М.Макара, якія надалі дакументальнае пацверджанне пра арганізатараў «добраўпарадкавання» ў Курапатах – ДСЛГУ «Бараўлянскі спэцлясгас» і ААТ «Заслаўебудіндустрыя» (1, 2, 3).
Пакідаем нашым чытачам права асабіста адказаць на вынесенае ў назоў публікацыі пытанне, а таксама самастойна вызначыць, ці мае персанальную адказнасць і вінаватасць у ініцыяванні, арганізацыі, забеспячэнні і удзеле ў так званым «добраўпарадкаванні» Народнага мемарыялу Курапаты кожная з пералічаных асобаў.
Паводле informnapalm.org