Лекар: «Таталітарная дзяржава плодзіць сілавікоў, якія палююць на ўсіх запар. Надышла чарга медыцынскага бізнесу»
Што стаіць за прыпыненнем дзейнасці найбуйнейшага беларускага медцэнтра «Ладэ» і праверкай ДФР цэнтра «Нардзін» — «Филин» абмеркаваў з Лідзіяй Тарасенкай, каардынатаркай арганізацыі, створанай для дапамогі медыкам, пацярпелым ад рэпрэсій.
Лідзія Тарасенка — урач-эндаскапіст і гастраэнтэролаг, у мінулым — загадчыца аддзялення, у 2019-2020-м — галоўны ўрач прыватнага медцэнтра ў Мінску. У 2021 годзе з'ехала з Беларусі ў Кіеў, цяпер жыве ў Польшчы.
— З 16 траўня прыпыненая дзейнасць «Ладэ», раней Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій на медыцынскую дзейнасць медцэнтра і «Клінікі А1». Сёння (13 мая 2022 г. — НЧ) у «Нардзін» прыйшоў з праверкай Дэпартамент фінансавых расследаванняў, медыя паведамляюць пра затрыманне заснавальніка цэнтра Дзмітрыя Сайкова і яго жонкі. Што за гэтым стаіць, як вы лічыце?
— На самай справе ніхто дакладна не ведае, што адбываецца. Абсалютна відавочна, што таталітарная дзяржава плодзіць сілавікоў, якія палююць на ўсіх запар. Ступень вар'яцтва расце, як і ўзровень агрэсіі ў грамадстве.
Чаму менавіта цяпер узяліся за медыцынскія цэнтры? Мая здагадка ў тым, што ўсе прыватныя бізнесы, якія можна было раскулачыць, ужо раскулачылі. Каго маглі падаіць па грошах, ужо падаілі.
Надышла чарга медыцынскага бізнесу. Мне здаецца, што за гэтым у першую чаргу стаяць фінансавыя інтарэсы.
Гэта можа быць, у тым ліку, помстай медыцынскім работнікам за тое, што яны актыўна пратэставалі ў 2020 годзе. Пратэст медыкаў быў адным з самых лютых, а «Ладэ» абараняў інтарэсы сваіх супрацоўнікаў, нават вывешваў БЧБ-сцяг, частка лекараў «Нардзіна» таксама выходзіла на пратэсты. Таму гэта таксама нельга скідаць з рахункаў. Адна з прычын відавочна ў гэтым.
— Як на вашу думку, ці можа быць мэтай змена ўласнікаў у гэтых цэнтрах?
— Фінансавая — адна з першых прычын. Як гэта будзе рэалізавана: проста адбяруць грошы або прысвояць бізнес — пытанне дзясятае.
— Што вы можаце сказаць пра парушэнні, у якіх Міністэрства аховы здароўя абвінаваціла «Ладэ»?
— У нас вельмі даўно заканадаўства ў сферы аховы здароўя такое, што калі ты хоць нешта робіш, то абавязкова нешта парушаеш. Такая сітуацыя склалася не ўчора, і прынцыпова ў гэтым плане нічога не змянілася, акрамя ступені закручвання гаек.
Што яны прад'яўляюць, наогул не мае ніякай сувязі з рэальнасцю. Чаму без шапкі, чаму сцены не таго колеру — гэта ўсё не мае ніякага практычнага сэнсу.
— Ці вырашаць улады закрыць прыватныя цэнтры для таго, каб павысіць аб'ём платных паслуг у дзяржлякарнях?
— Усё што заўгодна яны могуць зрабіць. Гэта відавочна не робіцца з мэтай развіваць.
Праца спыненая. Усё будзе заканамерна пагаршацца. Ахова здароўя пікіруе, доступ да медыцынскай дапамогі ўсё больш абмежаваны, людзі не могуць патрапіць да патрэбнага спецыяліста. Скарачаецца колькасць спецыялістаў у краіне, не хапае расходнікаў, медыкаментаў, абсталявання, на якім можна нешта зрабіць, няма адэкватных праграм скрынінгу, толькі бачнасць іх існуе. Людзі з краіны з'язджаюць.
Дзесяць гадоў таму гэтыя тэндэнцыі таксама былі, проста ў 2020 годзе з кавідам усё пакацілася, потым была яшчэ адна шокавая хваля. Закрыццё медцэнтраў — гэта яшчэ адзін выспятак дохламу каню.
— Як вы лічыце, якая будучыня чакае прыватную медыцыну?
— Мы заканамерна рухаемся да стану Паўночнай Карэі. Гэтая мэта блізкая. Я не ўяўляю, якія трэба мець вытрымку, нервы і аптымізм для таго, каб працаваць наогул у якім-небудзь прыватным бізнесе, тым больш у медыцынскім, які спалучаны з вялікай колькасцю рызык.